«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: Вяночак да Божай Міласэрнасці — крыніца бязмежных Божых ласкаў |
Усяго патроху |
18.06.2016 00:00 |
Шмат людзей прагне знайсці гэты супакой менавіта ў навакольным свеце. Яны шукаюць падтрымкі ў кампаніях сяброў, якім могуць «адкрыць» сваю душу, або прагнуць знайсці для сябе супакой, проста лежачы на канапе, гледзячы тэлевізар, чытаючы кнігу ці гуляючы ў камп’ютарныя гульні. Ім здаецца, што так яны знойдуць задавальненне ў нейкім прыемным занятку і, можа, тады праблемы вырашацца самі сабою.
Але як жа часта сучасны чалавек забываецца, што крыніцай сапраўднага супакою з’яўляецца толькі Бог – праўдзівае святло – Бог, які можа суцешыць душу і сэрца так, як ніхто гэтага зрабіць не зможа. А між іншым, трэба заўсёды памятаць словы Збаўцы, які кажа: «Мае думкі – не вашыя думкі, ні вашыя шляхі – шляхі Мае. Але як неба ўзвышаецца над зямлёю, так шляхі Мае вышэй шляхоў вашых, і думкі Мае вышэй думак вашых» (пар. Іс 55, 8-9).
Большасць людзей часта не знаходзяць сапраўднага супакою, таму што сваю волю ставяць вышэй волі Божай. Ім здаецца, што калі нешта вырашылі для сябе, то і павінна стацца так, а не інакш. Калі ж ужо зусім не бачаць паратунку і вырашэння нейкай сітуацыі, тады толькі звяртаюцца да Бога ад безвыходнасці. Як кажа народная прыказка: «як трывога, дык да Бога». Атрымліваецца, што ў такой сітуацыі чалавек не мае даверу да Бога, таму што сэнс даверу заключаецца не ў тым, каб непакоіцца, нервавацца, а потым звяртацца да Бога, як да апошняй выратавальнай крыніцы. Давер палягае на тым, каб спачатку цалкам звярнуцца да Бога, інакш кажучы, замяніць малітвай сваю занепакоенасць і няўпэўненасць. Так, калі сур’ёзна сказаць Богу: «Няхай будзе Твая воля!» — гэта адпавядае выразу: «Езу, займіся гэтым Ты!» Толькі такога даверу, менавіта поўнага даверу, прагне Бог ад чалавека.
Езус Хрыстус скіроўвае свае словы да святой сястры Фаўстыны: «О, як моцна Мяне раніць недавер душы. Такая душа вызнае, што Я – святы і справядлівы, але не верыць, што Я – міласэрнасць, не давярае Маёй дабрыні. І д’яблы ўсхваляюць Маю справядлівасць, але не вераць у Маю дабрыню» (Дз. 300). «Я прагну, каб увесь свет спазнаў Маю міласэрнасць. Неспасцігальныя ласкі Я хачу ўдзяліць душам, якія давяраюць Маёй міласэрнасці» (Дз. 687). «…На працягу дзевяці дзён ты будзеш маліцца на звычайнай частцы ружанца такім чынам: найперш адзін раз памолішся “Ойча наш”, “Вітай, Марыя” і “Веру ў Бога”, пасля на пацерках “Ойча наш” будзеш казаць такія словы: Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць Наймілейшага Сына Твайго і Пана нашага, Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету; на пацерках “Вітай, Марыя” будзеш казаць такія словы: Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету. На заканчэнне ты тройчы прамовіш такія словы: “Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі і над усім светам» (Дз. 476).
З малітваю Вяночка да Божай Міласэрнасці ўсемагутны Бог звязаў такія абяцанні: «…Той, хто будзе яго маліцца, заслужыць вялікую міласэрнасць у хвіліну смерці. Святары будуць падаваць яго грэшнікам як апошнюю надзею на ратунак. Нават калі гэта будзе самы закаранелы грэшнік, калі ён хоць адзін раз памоліцца гэты Вяночак, заслужыць ласку ад Маёй бясконцай міласэрнасці» (Дз. 687). «Калі пры паміраючым моляцца гэты Вяночак, уціхамірваецца гнеў Божы, неспасцігальная міласэрнасць атуляе душу і ўзварушваюцца глыбіні Маёй міласэрнасці дзеля балеснай мукі Майго Сына» (Дз. 811).
Аднойчы, калі сястра Фаўстына малілася Вяночак, яна раптам пачула голас: «О, якія вялікія ласкі Я ўдзялю душам, якія будуць маліцца гэты Вяночак; глыбіні Маёй міласэрнасці ўзрушаныя для тых, хто моліцца Вяночак. Запішы гэтыя словы, дачка Мая, кажы свету пра Маю міласэрнасць, няхай усё чалавецтва спазнае Маю неспасцігальную міласэрнасць. Гэта знак на апошнія часы, пасля іх настане судны дзень. Пакуль ёсць час, няхай людзі прыбягаюць да крыніцы Маёй міласэрнасці, няхай шукаюць падмацунку ў крыві і ў вадзе, якія дзеля іх выплылі» (Дз. 848).
У такі неспакойны час кожнаму чалавеку асабліва патрэбна Божая міласэрнасць. Вяночак да Божай Міласэрнасці – гэта малітва, якая лагодзіць Божы гнеў і адкрывае крыніцу бязмежных Божых ласкаў.
Так Бог даў ёй магчымасць зразумець, што з дапамогаю гэтай малітвы можна выпрасіць усё, калі просьба будзе згодна з Божай воляй. А Бог заўжды дзейнічае толькі на дабро чалавеку, таму, калі з вялікім даверам прасіць Яго з добрай інтэнцыяй, яна заўсёды будзе выслухана. Галоўнае, каб чалавек толькі не сумняваўся ў тым, што Бог сапраўды выслухоўвае малітвы сваіх верных і заўсёды на кожную малітву дае пэўны адказ, і менавіта ў той час, калі душа найбольш патрабуе міласэрнасці ўсемагутнага Бога.
«Дачка Мая, заахвочвай душы маліцца Вяночак, які Я табе даў. Тым, хто моліцца гэты Вяночак, Мне прыемна даць усё, аб чым яны Мяне папросяць. Калі яго будуць маліцца закаранелыя грэшнікі, Я напоўню іх душы спакоем, а гадзіна іх смерці будзе шчаслівая. Напішы гэта для засмучаных душаў: калі душа ўбачыць і зразумее цяжар сваіх грахоў, калі адкрыецца перад вачыма яе душы ўся бездань мізэрнасці, у якой яна патанула, няхай яна не адчайваецца, але з даверам кідаецца ў абдымкі Маёй міласэрнасці, як дзіця ў абдымкі любай матулі. Гэтыя душы ў першую чаргу могуць разлічваць на Маё літасцівае сэрца, яны ў першую чаргу маюць права на Маю міласэрнасць. Скажы, што ніводная душа, якая заклікала Маю міласэрнасць, не падманулася і не спазнала сораму. Мне асабліва падабаецца душа, якая даверылася Маёй дабрыні. Напішы, што, калі гэты Вяночак будуць маліцца каля паміраючых, Я стану паміж Айцом і паміраючаю душою не як справядлівы Суддзя, а як міласэрны Збаўца» (Дз. 1541). Сам Езус Хрыстус звярнуўся да сястры Фаўстыны з просьбаю: «Дачка Мая, дапамажы Мне збаўляць душы. Ты пойдзеш да канаючага грэшніка і будзеш маліцца гэты Вяночак; праз гэта ты выпрасіш для яго давер да Маёй міласэрнасці, бо ён ужо ў роспачы» (Дз. 1797).
Таму і нам, слабым грэшным людзям, нельга ніколі прабываць у дэпрэсіўным стане, у роспачы, калі нешта не атрымліваецца ў нас альбо ў нашых родных ці знаёмых: заўсёды ёсць выйсце з кожнай складанай сітуацыі – з даверам звярнуцца да любячага, міласэрнага Бога, просячы дапамогі. І нават калі нас нехта папрасіў аб малітве, камусьці патрэбна духоўная падтрымка, праз Вяночак да Божай Міласэрнасці можна выпрасіць неабходныя дары і Божыя ласкі. Калі ж сітуацыя не змяняецца, гэта не азначае, што Бог не чуе малітвы спрагнёнага сэрца – у малітве патрэбны трываласць, пакора і цярплівасць. Каб атрымаць ад Бога адказ на сваю малітву, патрэбна навучыцца слухаць, таму што малітва – гэта не манатонны маналог чалавека, а гэта дыялог з міласэрным Айцом. Бог абавязкова адкажа на малітву, толькі трэба звярнуцца да Яго душою, розумам і сэрцам, а таксама верыць, спадзявацца і любіць.
Анастасія-Алена Блусянкова |