«Святар-легенда»: успаміны пра кс. Вацлава Пянткоўскага |
Усяго патроху |
11.07.2016 12:28 |
Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі — адзін з тых святароў нашай Бацькаўшчыны, якія захоўвалі веру, нягледзячы на пераслед і выпрабаванні. Менавіта ён арганізаваў падпольную семінарыю, у якой вучыліся біскупы Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец. У гэтым годзе адзначаецца 25 гадоў з дня яго смерці. З гэтай нагоды мы сабралі цікавыя ўспаміны людзей, якія ведалі кс. Вацлава Пянткоўскага.
Просты, шчыры, адкрыты да людзей і надзвычай «граматны» — такім запомніўся сваім парафіянам святар, якога некаторыя яго калегі называюць «легендарным». Пра жыццёвы шлях кс. Вацлава Пянткоўскага можна было б здымаць галівудскі блокбастэр — настолькі цікавым і напоўненым рознымі выпрабаваннямі было яго жыццё. Пачаткі паклікання Нарадзіўся кс. Вацлаў Пянткоўскі ў 1902 годзе ў мястэчку Ясенюўка на Беласточчыне ў шматдзетнай і рэлігійнай сям'і. Здароўе часта падводзіла малога Вацлава, таму неаднойчы яму даводзілася прыпыняць вучобу. Атэстат ён атрымаў толькі ў 1926 годзе. Пасля сканчэння школы Вацлаў вырашыў стаць святаром і паступіў у пінскую семінарыю. Затым, у міжваенны перыяд, вучыўся ў Рыме. «Ксёндз прэлат распавядаў пра сустрэчу з біскупам Зыгмунтам Лазінскім. Іерарх прыняў яго на вучобу ў Пінск, а праз год накіраваў на працяг фармацыі ў Рым, дзе той стаў доктарам тэалогіі. Перад апошнім годам навучання ён прыбыў у Пінск і папрасіў ардынарыя, каб яму ўдзялілі пасвячэнне. У сваёй матывацыі ён напісаў: “Хачу падчас вучобы ў Рыме на магілах апосталаў і мучанікаў, у катакомбах цэлебраваць святую Імшу”», — распавёў Catholic.by біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Пінскі ардынарый дадаў, што калі кс. Вацлаў Пянткоўскі вярнуўся пасля вучобы ў Пінск, то біскуп Зыгмунт Лазінскі ўжо памёр. «Пры новым біскупе кс. Вацлаў быў капеланам, але таксама адказваў за фармацыю ў духоўнай семінарыі. Якраз падчас яго капеланства ў семінарыю былі прыняты будучыя святары Антоні Гжыбоўскі і Станіслаў Лазар», — узгадаў расповеды святара біскуп Пінскі. Потым кс. Вацлаў Пянткоўскі быў прызначаны прэфектам Навагрудскай гімназіі імя А. Міцкевіча, а пасля вайны стаў пробашчам касцёла свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах (сёння Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.), адначасова выконваючы абавязкі Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі.
Касцёл свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах, 1939 год Многія жыхары вёскі Мядзведзічы ўзгадваюць кс. Вацлава з вялікай пашанай. «Залаты ксёндз» быў заўсёды адкрыты да простых вяскоўцаў, стараўся дапамагчы, удзяліць сакрамэнты нават жыхарам самых далёкіх ад касцёла вёсак. «Вучыў ён нас хораша, калі мы дзецьмі былі. Вучыў спяваць, і на май хадзілі, і на чарвцова хадзілі, і до Мшы хадзілі. Ён ішоў да тых, хто да яго душою, хто шчасліва Богу верыць. Мае ўсе дзеці пахрышчаныя і павенчаныя ў Пянткоўскага», — заўважае жыхарка Мядзведзіч Марыя Канцылярчык (простая мова падаецца без змянення). «Агент Ватыкана» і 6 гадоў лагера У 1950 годзе кс. Вацлаў Пянткоўскі быў арыштаваны, а потым сасланы ў казахскія стэпы. Святара абвінавацілі ў тым, што ён заклікаў сялян не ўступаць у калгас, а таксама назвалі «агентам Ватыкана». Сваімі ўспамінамі пра арышт і прабыванне ў лагеры кс. Вацлаў потым падзяліўся з навучэнцамі падпольнай семінарыі ў Мядзведзічах, якую арганізаваў, вярнуўшыся з лагера. «Калі набліжаўся дзень арышту, ён гэта прадчуваў, бо суседнія святары былі ўжо арыштаваны. Але асабліва да гэтага не рыхтаваўся», — распавёў адзін з вучняў падпольнай семінарыі, сённяшні біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Ксёндз інфулат Пянткоўскі расказваў семінарысту, што аднойчы вечарам каля адзінаццаці гадзін хтосьці пастукаў у дзверы яго плябаніі. «Ксёндз Вацлаў, лежачы на ложку, запытаўся: “Хто?” Адказ быў, што гэта старшыня сельскага савета. Тады ён запытаўся: “А чаго вы хочаце?” “Мы хочам з вамі паразмаўляць”, — данёсся голас з-за дзвярэй. Святар адказаў: “Калі ласка, я запрашаю вас удзень”. Галасы за дзвярыма адазваліся: “Не, мы хочам цяпер”. Ксёндз адказаў: “Цяпер не змагу”. — “А чаму?” — “Бо добрыя людзі прыходзяць удзень, а вечарам толькі злодзеі і рабаўнікі”. І тады з-за дзвярэй пачуўся голас: “Калі вы не адчыніце дзверы, то мы будзем вымушаны іх выламаць”. На гэта святар адказаў: “Ну што ж, калі хочаце ламаць, ламайце”. І сапраўды, узламалі дзверы, пасвяцілі ліхтарыкам святару ў вочы (а ксёндз у гэты час не падымаўся з ложка) і запыталіся: "Як прозвішча?" Ксёндз адказаў: “Не будзьце артыстамі, вы ведаеце добра, як маё прозвішча”», — працягнуў расповед біскуп Антоні Дзям'янка.
«Затым яму сказалі: "Уставайце, вы затрыманы". Ксёндз устаў, а адзін з “гасцей” падняў падушку і, пазваўшы другога, кажа: паглядзіце, у яго пад падушкай быў пісталет. На гэта ксёндз прэлат адказаў: “Сам паклаў пісталет пад падушку, сам яго і забірай. І не рабі з сябе артыста”», — працягнуў іерарх. Марыя Канцылярчык з Мядзведзіч узгадвае, што пра арышт святара даведалася ў школе. «Як нам сказалі, мы ўсе сядзелі і плакалі на ўроках», — падзялілася жанчына. Ксёндз Вацлаў быў змешчаны ў мінскую турму. Там ён прабыў каля трох месяцаў. Паводле ўспамінаў, яго трымалі ў вузкім пакоі, прыкладна метр на метр. Святар распавядаў, што сцены былі сырыя, а «ўнізе цяклі смярдзючыя каналізацыйныя стокі». Такая ж вільгаць цякла па сценах «камеры». «На ноч давалі табурэт. Рэгулярна праз некалькі хвілін адкрывалася акенца і вартаўнік крычаў: “Не дремать!” І так цэлую ноч. На дзень забіралі табурэт, і трэба было ад рана да вечара стаяць. Былі пастаянныя допыты, каб ён прызнаўся, што з’яўляецца шпіёнам Ватыкана», — дзеліцца расповедам святара біскуп Антоні Дзям’янка. Такія катаванні працягваліся 18 дзён. Потым кс. Вацлаў страціў прытомнасць, а калі ачуняў, то ўбачыў над сабой урача з вязніцы... Святару прысудзілі 10 гадоў турмы. Пакаранне ён адбываў у Казахстане, у статлагу №4. «Аб працы шмат не казаў, але распавядаў, што быў змешчаны ў лагер для інвалідаў. У навакольных вёсках жылі таксама католікі, але немцы. І ён вечарам падманваў лагернае начальства, бо рабіў на ложку ляльку, а сам сыходзіў, каб цэлебраваць святую Імшу для вернікаў, спавядаць і катэхізаваць», — распавёў біскуп Антоні Дзям’янка. «Ён з хлеба рабіў ружанец. Спавядаў людзей патаемна і даваў хлеб замест Камуніі. Там, у цюрме», — успамінае расповед кс. Вацлава Соф’я Шышко, парафіянка касцёла свв. Пятра і Паўла ў Мядзведзічах. Вяртанне ў Мядзведзічы У лагеры святар прабыў 6 гадоў, а падчас «хрушчоўскай адлігі» вярнуўся ў мядзведзіцкую парафію. Святара-героя з кветкамі вітала ўся вёска. «Як ужо прыйшоў ён з цюрмы, прыехаў з Баранавіч ксёндз і аб’явіў, што прыедзе Пянткоўскі. С начала Мядзведзіч вылажылі дарогу кветачкамі, і ўсе мы: і дзеці, і маладыя, — сустракалі яго», — успамінае Марыя Канцылярчык. «Працэсія ішла з харонгвіямі і з крыжам. Падалі людзі на калені пад яго ногі», — успамінае са слязьмі на вачах Соф’я Шышко.
«У касцёле тады было столькі людзей, што не было дзе яблыку ўпасці. Як узыйшоў ён на амбону, ды як заспяваў — касцёл дрыжаў», — узгадвае першую пасля вяртання святара Імшу Марыя Шпак з вёскі Гайнін. Пасля вяртання ў сваю родную парафію пробашч Пянткоўскі пачаў з энтузіязмам аднаўляць парафіяльнае жыццё касцёла. Не шкадуючы свайго часу і здароўя, дзе пяшком, а дзе на ровары дабіраўся нават у самыя аддаленыя куткі парафіі, каб удзяліць вернікам сакрамэнты. Душпастыр народа Пра тое, як святар прыязджаў, успамінаюць многія жыхары не толькі Мядзведзіч, але і іншых вёсак, напрыклад вёскі Гайнін (Ляхавіцкі р-н). «Дабрадушны быў чалавек. Прыйшоў з турмы занішчаны, замучаны. Зноў стаў у касцёле служыць. Людзі да яго прыходзілі, хіліліся. І вось дзе які хворы ці што, ён ішоў пешшу. Ішоў на вёску. Колькі разоў я бачу: ідзе ў Гайнінец (вёска ў Ляхавіцкім раёне — Рэд.) пешшу з Мядзведзіч да хворага. А потым прыдбаў ровар і ездзіў на ровары», — узгадвае Францішка Зянько з вёскі Гайнін. Святар заўсёды стараўся стаць на месца сваіх парафіян. Пра яго чуласць і далікатнасць у адносінах да простых вяскоўцаў узгадаў парафіянін Іван Скубята з Гайніна.
«Вянчаў нас з жонкай у нядзелю. Грошай не хацеў браць. Пытае заўсёды, калі вянчаешся або дзяцей хрысціш: “А можа, на хлеб няма, то не давай грошай”. Ніколі не браў», — распавёў мужчына. Не менш цікавай гісторыяй шчодрасці святара падзялілася Францішка Зянько. «У вёсцы была адна хата. Там жылі дзве дзяўчыны і маці. Маці была хворая, а адна з дзяўчын хадзіла да касцёла: рана і вечар, рана і вечар. А сястра, старэйшая за яе, была нехлямяжая», — пачала свой расповед жанчына. «Я пасу каровы і заходжу да іх, а ў хаце гразната... Падлогі няма... А гэтая маці ляжыць на ложку, на саломе, засланай дзяружкаю. Гэта сёння матрасы і ўсё, а тады ж не было. І стаіць чыгун паранай бульбы з лупінкаю каля гэтай маці. А я кажу: “Чаго вы паставілі чыгун гэтай бульбы?” А гэтая малодшая кажа: “Вось, спарылі, ды гарачая, хай мама паесць. Ды я пытаю: “З чыгуном каля яе ложка паставілі? Так вы ж, — кажу, — у міску б укінулі, абчысцілі б яе”. Маці ж сляпая была і не магла», — распавяла Францішка Зянько.
«І якраз прыйшоў у гэты час ксёндз. Нарваўся на гэты чыгун. Падыходзіць і кажа: “А по цо стоі такі велькі гарнэк з тэй картоплі?” А гэтая дачка кажа: “Маме есці”. А ён кажа: “Мое дзецко коханэ, по цо ты ходзіш до касцёла?” Ідзь до працы, працуй. До мамусі. А маліся дома. Хлеба трэба купіць. А ты такей гарнэй картоплі поставіла?” Дастаў 30 рублёў — некалі гэта вялікія грошы былі — і кажа: “Я буду ісці другі раз, зайду і праверу, каб для мамусі быў хлеб і да хлеба"», — скончыла свой расповед Францішка Зенько.
Нягледзячы на ўсціскі з боку савецкіх уладаў, кс. Вацлаў Пянткоўскі стараўся выконваць аддана сваё пастырскае служэнне. Старэйшыя людзі, жыхары Мядзведзіч і навакольных вёсак, якія ў свой час адстаялі касцёл і не дазволілі ўладам адабраць святыню, не баяліся адкрыта хадзіць на Імшу і прымаць святую Камунію. Большы ўціск зведалі дзеці, якіх прэсавалі ў школе настаўнікі за тое, “што яны ходзяць у касцёл”. Таму святыню наведвалі таемна, нярэдка позна ўвечары. «Не можна ж было і Імшу правіць. Мае дзеці да споведзі хадзілі, хаваліся тутака. Цераз забор лазалі да яго (святара. — Рэд.). Свету ксёндз не паліў. Неку лямпачку паверх спаведніцы паставіць... Бегалі гэтак вечарам спавядацца, бо не разрашалі ж учыцяля», — успамінае Браніслава Цярпіцкая, жыхарка Мядзведзіч. А Марыя Канцылярчык у тыя часы была «арганізатарам» таемнай споведзі. Збірала дзяцей па вёсцы і прыводзіла таемна да святара спавядацца. «Ужо ж ішлі да споведзі вечарам, каб не бачылі. Я пайшла да яго, а ён сядзіць, бедненькі, ужо чакае нас. Падыйшла да яго ды кажу: “Калі да вас можна прывесці дзяцей?" Холадна было неяк. А ён да мяне гаворыць: “Во цяпер”. “Не, — кажу, — я цяпер не прывяду, бо яны не прыдуць, яны баяцца настаўнікаў". Ён мне нічога не сказаў. Я і пайшла. Толькі адыйшлася да брамы, выскаквае гэтая Юля (сястра анелянка, якая мела служэнне ў касцёле ў той час. — Рэд.) і кажа, што ён перадаў: “Калі ні прывядзе, паспавядаю”. І ён, бедненькі, у спаведніцы сядзеў, а мы прыйшлі. Ужо і позна. А дзеці ж ішлі агародамі, і паміж плота... І гэдак ужо ўбягалі. Дык ксёндз мне потым дзякаваў», — распавяла жанчына. Сціплы, «выспартаваны» святар Як добры душпастыр запомніўся кс. Вацлаў Пянткоўскі біскупу Антонію Дзям’янку. «Захавалася такая памятка 50-годдзя святарства кс. Вацлава Пянткоўскага. Ён казаў: “Хачу, каб змясцілі на памятцы мой фотаздымак, на якім я ў комжы і стуле, і ў дарозе: пахілены, немалады чалавек, але ў дарозе. Такім чынам ён хацеў паказаць, што хоча служыць іншым», — успомніў пінскі ардынарый.
Іерарх адзначыў і сціпласць кс. Вацлава Пянткоўскага, з якой ён падыходзіў да звычайнага жыцця: «Ён меў толькі адзін пакой, у якім быў ложак, стол для працы, а другі стол быў для пасілкаў. Ён таксама там прымаў гасцей. У гэтым пакоі мы праходзілі навучанне. Ксёндз Вацлаў казаў, што ёсць толькі чатыры ці пяць крэслаў, але гэта не важна. “Калі адна парафіянка з’язджала ў Польшчу, яна мне іх перадала, бо з сабой не магла ўзяць. Але я не прывязваюся да мэблі”, — так ён нам казаў». Біскуп Дзям’янка таксама распавёў, што кс. Вацлаў быў непатрабавальны і сціплы нават у вопратцы. Восенню і зімой апранаў на сутану простую вясковую фуфайку. «Памятаю, адзін атэіст начытаўся, пэўна, такой з’едлівай атэістычнай літаратуры і пачаў крытыкаваць слугаў алтара. Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі, паказваючы яму на гэтую фуфайку, сказаў: “Вось, паглядзі, ты ў такім касцюме, які апранаюць на святы, паглядзі на маё адзенне, ці я так выглядаю?”» — узгадаў выпадак з жыцця святара біскуп Антоні Дзям’янка. Яшчэ адной рысай святара была беражлівасць і шанаванне прыроды, што праяўлялася нават падчас прыгатавання ежы для семінарыстаў. «У яго была пліта, на якой гатавалася страва, наш абед. Тады не было газу і іншых такіх сродкаў, напрыклад, электрычнай пліты, таму ўсё гатавалася на агні. Ксёндз Вацлаў браў з сабой торбу, ішоў у лес, калі пасля абеду меў вольны час, і прыносіў з лесу шышкі. Гэтымі шышкамі падкладалі ў печы. Нейкія кавалкі дрэва ніколі не спальваліся, але заўсёды выкарыстоўваліся для ацяплення ў пакоі», — дадаў пінскі ардынарый. Біскуп Антоні ўзгадвае кс. Вацлава таксама як «вельмі выспартаванага чалавека». «Расказваюць, што аднойчы, калі прыехала жанчына з бліжэйшай вёскі, каб папрасіць святара аб паслузе для хворага, ён запытаўся: “У якой вёсцы і як прозвішча?” І калі жанчына адказала, дадаўшы, што пакажа дарогу, святар узяў Найсвяцейшы Сакрамэнт, сеў на ровар і, пакуль жанчына вывела свой ровар, ксёндз прэлат быў ужо ў канцы Мядзведзіч і ведаў, да каго трэба ехаць. Ён ведаў усіх па прозвішчы і па імені, таму што служыў у Мядзведзічах амаль 50 гадоў», — распавёў іерарх. Біскуп Антоні Дзям’янка таксама ўзгадвае кс. Вацлава як чалавека вельмі «засяроджанага на Богу». Іерарх распавёў, што калі кс. Вацлаву было больш за 70 гадоў, ён перанёс аперацыю на страўнік. Але і пасля аперацыі святар прыходзіў кожны дзень у касцёл а шостай гадзіне, станавіўся на калені і праводзіў паўгадзінную адарацыю. Ён прывучыў да адарацыі таксама ўсю парафію. Вечарам у касцёле вернікі з бліжэйшых дамоў маліліся на ружанцы, які часта вёў святар.
«Ведаю яго лаўку, ведаю яго кленчнік. Ен штодзённа за 15 хвілін да пачатку святой Імшы ішоў у канфесіянал і меў там “дзяжурства”. Ніколі не пачуў, каб ксёндз прэлат у касцёле ўголас размаўляў, калі штосьці трэба было сказаць, то запрашаў у сакрыстыю. І так ён уфармаваў у такой эўхарыстычнай пабожнасці вернікаў, цэлебраваў штодзённа святую Імшу. У нядзелю на той час было дзве святыя Імшы. Сам ён вельмі рыхтаваўся да літургіі, але таксама быў падрыхтаваны хор, арганіст, мужчыны-міністранты», — узгадвае пінскі ардынарый. Па словах біскупа, кс. Вацлаў быў святаром, «які прывёў у дзеянне пастановы Другога Ватыканскага Сабору ў жыццё менавіта тут, у Пінскай дыяцэзіі». «Ён паставіў новы алтар і паклапаціўся, каб былі літургічныя кнігі для служэння ў адноўленай літургіі», — заўважыў іерарх. «Ксёндз прэлат наследаваў свайго настаўніка, біскупа Зыгмунта Лазінскага, які прыняў яго ў семінарыю ў Пінску. Пянткоўскі быў вялікім аскетам, шмат маліўся. Для мяне ён з’яўляецца вялікім прыкладам святасці», — заўважае дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. «Мне вельмі запомнілася, калі пасля святой Імшы мы з кс. Вацлавам прыйшлі ў сакрыстыю і я дапамагаў яму здымаць арнат. Ён глядзеў як бы ў неба і са смуткам казаў: “Ай-яй, што ж гэта будзе? Паміраюць ксяндзы, няма другіх. Парафіі пустыя застаюцца. Што ж гэта будзе?” А потым хвіліна цішыні, і з вялікай упэўненасцю, што я запомніў гэта на ўсё жыццё, ён сказаў: “Прыедуць ксяндзы з Польшчы". Тады, ён быццам прадбачыў тое, што сапраўды адбылося», — дадае біскуп Казімір Велікаселец.
Іерарх таксама ўзгадаў, што ксёндз Вацлаў Пянткоўскі дасканала адчуваў іншага чалавека, з якім размаўляў. «Ён быў вельмі добрым псіхолагам. Амаль заўсёды быў спакойным і разважлівым. І для нас гэта вельмі добры прыклад духоўнага і мудрага святара», — адзначае біскуп Казімір Велікаселец. Было ў кс. Вацлава таксама адно цікавае захапленне: ён збіраў маркі. Паводле расповедаў, у яго іх была цэлая калекцыя. «Калі ён даведаўся, што я сабіраю маркі, мусіць, раза два-тры запрашаў да сябе. І зараз у мяне засталіся такія ўспаміны: у яго заўсёды было чысценька ў плябаніі. Бывала, ён мяне пасадзіць, пячэнікі некія (ну колькі мне тады было, можа, гадоў дзесяць) дасць. А я пачаў збіраць, мабыць, з сямі год. Ксёндз Вацлаў расказваў мне ўсё, як за гэтымі маркамі трэба даглядаць. Не ведаю, дзе гэтая калекцыя дзелася. Калі ён памёр, я падумаў: “чаму ж я не памяняўся з ім нейкімі маркамі?”» — успамінае Генрых Свірэпа з Мядзведзіч. Да ўсяго, шмат хто з мясцовых парафіян узгадвае надзвычайную адукаванасць і эрудыцыю святара. Да душпастыра, які ведаў некалькі моў, нярэдка прыходзілі, каб «расшыфраваць загранічныя рацэпты». Падпольная семінарыя Таемнымі споведзямі святар не абмяжоўваўся. У 1970-х гадах кс. Вацлаў арганізаваў у Мядзведзічах падпольную семінарыю, дзе выкладаў гісторыю Касцёла, кананічнае права, этыку, замежныя мовы і філасофію. Семінарыя была заканспіраванай. Заняткі праводзіліся на плябаніі ў самога святара. Слухачы семінарыі ўладкоўваліся на дзяржаўную працу, таму ўладам было цяжка знайсці нагоду, каб абвінаваціць іх у адхіленні ад працы. Сённяшні біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка быў адным з вучняў гэтай семінарыі. «Мая першая сустрэча з кс. Вацлавам Пянткоўскім адбылася ў жніўні 1967 года. У гэты час я скончыў сярэднюю школу і падаў дакументы на паступленне ў Рыжскую духоўную семінарыю. На жаль, мяне там не прынялі, свецкія ўлады з Беларусі на гэта не далі дазвол, і семінарыя не мела права такіх кандыдатаў прыняць. Тады пробашч сказаў, што ёсць яшчэ адзін шлях, і прывёз мяне ў Мядзведзічы ў пачатку жніўня», — дзеліцца ўспамінамі біскуп. «Ксёндз прэлат знаходзіўся тады ў касцёле. Мой пробашч пайшоў да яго і аб чымсьці з ім размаўляў. Калі вярнуўся, сказаў, што, на жаль, ёсць цяжкасці, бо ксёндз прэлат ужо падрыхтаваў да святарства аднаго кандыдата, але ўлады не даюць дазвол на тое, каб афіцыйна пасвяціць яго. Таму ён пакуль яшчэ ў такім роздуме. Пробашч пайшоў да яго, каб папрасіць аб такім благаслаўленні. Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі са мной некалькі хвілін паразмаўляў, а потым падумаў і сказаў: прыязджай на тры дні, прыязджай на фармацыю. Гэта было дзесьці ў першай дэкадзе жніўня. Я сабраў свае рэчы і прыбыў. І так распачалася мая фармацыя да святарства», — распавёў іерарх.
Петрапаўлаўскі касцёл у Мядзведзічах, выгляд сёння Другі тагачасны семінарыст, біскуп Казімір Велікаселец, распавёў, што трапіў у падпольную семінарыю дзякуючы дапамозе Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Пасля святой Імшы, падчас якой малады Казімір прыслужваў пры алтары, да яго падыйшоў адзін святар з Польшчы і запытаўся, ці ведае ён Зыгмунта Лазінскага. «Я адказаў яму, што першы раз чую гэтае імя. Тады ён даў мне абразік з малітвай аб беатыфікацыі. Я пачаў маліцца штодзённа пасля святой Імшы. І калі мяне не прынялі ў семінарыю ў Каўнас і ў Рыгу, была размова, каб мяне прынялі вучыцца айцы марыяне ў Літве ў канспірацыі. Я ўжо згадзіўся ехаць, але падумаў: “Я малюся да Зыгмунта Лазінскага, але ні разу не быў ля яго труны. Паеду ў Пінск першы раз у сваім жыцці”. І паехаў у Пінск», — успамінае біскуп Казімір Велікаселец. «Гэтая труна была тады схаваная. Але кардынал Казімір Свёнтэк, які тады быў толькі пробашчам, сказаў: “Ну пойдзем, пакладзеш руку на яго труну, памолішся”. Мы памаліліся, потым кс. Казімір сказаў, што ў Беларусі таксама ёсць семінарыі ў канспірацыі, што такую семінарыю стварыў кс. Вацлаў Пянткоўскі ў Мядзведзічах, і, можа, я згадзіўся б паехаць туды, бо я ж мясцовы, а лепей, “каб мясцовыя заставаліся”. І я паехаў да ксяндза прэлата Пянткоўскага з Пінска ў Мядзведзічы. Распавёў яму пра сваю сітуацыю, і ён згадзіўся прыняць мяне ў семінарыю. Гэта было ў 1978 годзе», — распавёў іерарх. Сённяшнія біскупы Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец былі паселены ў доме манахіні-анелянкі Юліі Астапчык. Паводле расповедаў, надзвычайных умоў для семінарыстаў не было. Быў пакой, у хаце — печка, а ў двары студня.
У гэтым доме жылі сённяшнія біскупы Антоні Дзям'янка і Казімір Велікаселец падчас вучобы ў падпольнай семінарыі ў Мядзведзічах Вось так выглядаў рэжым дня навучэнцаў падпольнай семінарыі ў Мядзведзічах: «Ксёндз прэлат распісаў парадак дня. Уставаць трэба было а палове шостай. У шэсць гадзін была сустрэча з фарматарам у касцёле, паўгадзіны малітвы ў касцёле, а потым падрыхтоўка да святой Імшы, Імша, снеданне ў 8 гадзін, індывідуальная падрыхтоўка. З 9 да 12 была сустрэча з выкладчыкам, потым было адведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Абед, а пасля абеду, калі не было пахавання і іншых абавязкаў, была індывідуальная падрыхтоўка або таксама сустрэча з выкладчыкам. Была і фізічная падрыхтоўка. Гэта нарыхтоўка ў лесе дроў, пілаванне дроў і іншыя гаспадарчыя працы. Вечарам а палове сёмай быў Ружанец. У сем гадзін была вячэра, затым — духоўнае чытанне. І калі былі якіясьці пытанні адносна прадметаў, я задаваў іх свайму выкладчыку. Потым яшчэ была гадзіна падрыхтоўкі і а 10-й гадзіне адпачынак. І так кожны дзень. Гэта доўжылася больш за тры з паловай гады», — распавёў біскуп Антоні Дзям’янка. «У зімовы час раз у чатыры дні я працаваў у качагарцы ў Ляхавічах, але летні перыяд быў вольны. Гэта было файна менавіта для таго, каб добра падрыхтавацца да святарскага служэння», — дадаў пінскі ардынарый. «Я, напрыклад, працаваў толькі зімой — суткі працую, а тры дома. Летам быў свабодны на навуку час. І штодзённа мы прыходзілі да кс. Вацлава на лекцыі. Ён быў доктарам тэалогіі, вельмі адукаваным чалавекам: усё дасканала ведаў і стараўся гэтыя веды нам перадаць», — распавёў біскуп Казімір Велікаселец.
«Усе прадметы ў семінарыі выкладаў ксёндз Пянткоўскі, выкладаў па-польску. Час ад часу з Польшчы прыязджаў святар, але гэта было рэдка. У нас не было канікул. Толькі нядзеля была вольнай», — узгадаў біскуп Казімір Велікаселец. Семінарыя была падпольнай, а таму вельмі важна было захоўваць канспірацыю. Мясцовае насельніцтва нярэдка дапамагала семінарыстам пазбегнуць арышту з боку савецкіх улад. «У нас у вёсцы адзін кладаўшчык рабіў. І ў яго быў ціліфон. А нідзе ж больш ціліфонаў не было ні ў кога. Так праз яго, гэтага кладаўшчыка, усё перадавалі ксяндзу інфармацыю, калі вучыліся гэтыя хлопцы: Казімір Велікаселец і Антоні», — узгадвае Браніслава Цярпіцкая з Мядзведзіч. «Велікаселец дома быў, а пазванілі гэтаму кладаўшчыку з КДБ, ці адкуль, і, мабыць, хацелі забраць. А кладаўшчык падумаў: “Шкада ж, малады хлопец, яшчэ забяруць”, — ды й пайшоў, сказаў Казіміру: “Глядзі, хлопец, хочуць цябе забраць. Уцякай. Ён, бедны, еў у гэты час, потым бацінкі з-пад койкі дастаў, да звязаў, да праз плячо, да пабег. Адбегся, ды тады кладаўшчык пачаў казаць ім, што не знайшоў яго. Кладаўшчык часта памагаў гэтым хлапцом», — дадае Браніслава. Апошнія гады жыцця Апошнія гады свайго жыцця кс. Вацлаў Пянткоўскі працягваў актыўную душпастырскую дзейнасць. З 1980 па 1984 гады служыў таксама ў парафіі ў Новай Мышы. Быў адміністратарам Пінскай дыяцэзіі і патаемна арганізоўваў для святароў штомесячныя дні духоўных разважанняў. Вёў шырокую рэлігійную перапіску. У 1988 годзе Папа Ян Павел ІІ надаў кс. Вацлаву годнасць інфулата.
Святар быў да канца жыцця адданы служэнню Богу і людзям. Нават нягледзячы на хваробы і ўзрост, прыходзіў у святыню і служыў так, як мог. «Вянчаў нас з Ірай у 1991 годзе. Мабыць, гэта было апошняе яго вянчанне», — узгадвае Генрых Свірэпа з Мядзведзіч. «Да самай старасці служыў. Ужо і есці не мог, і глухі быў. Была ў яго гаспадыня ў Мядзведзічах. Яна яму манную кашку варыла, таму што ён не мог нічога есці. Ён пап’е яе і ўсё роўна ідзе, не могучы, становіцца Імшу правіць. Вось ён які быў, харошы быў чалавек», — заўважыла Францішка Зянько з Гайніна. Памёр кс. Вацлаў Пянткоўскі 30 лістапада 1991 года ў Мядзведзічах. Быў пахаваны на мясцовых могілках.
«Як ён памёр, мы яму вянок вялі. Гэта я задумала сама. Віла вянок, а дапамагала мне мая сяброўка. І заняслі на магілу паклалі яму. Харошы ксёндз быў», — распавяла Францішка Зянько. Такім быў шлях душпастыра народа, сціплага, беражлівага, «выспартаванага» і да смерці «адданага Богу» і людзям «легендарнага святара» Пінскай дыяцэзіі кс. Вацлава Пянткоўскага, памяць пра якога і дагэтуль жыве ў сэрцах. |