Дзеля чаго я жыву? Куды крочу, да чаго імкнуся? Такія пытанні ўзнікаюць у кожнага чалавека ці то ў маладосці, ці то ў больш сталым узросце, калі чалавек шукае сэнсу жыцця. А часам, калі ў жыцці раптам напаткаюць нейкія цяжкасці, выпрабаванні, цярпенні, чалавек пачынае разважаць: чаму так здарылася менавіта з ім? Які сэнс мае цярпенне? Чалавек веруючы разумее, што няма ў жыцці нічога выпадковага: усім кіруе Божы Провід, усё мае пэўны сэнс, і цярпенні маюць свой сэнс таксама.
На старонках духоўнага Дзённіка святой сястры Фаўстыны можна ўбачыць, што яна неаднаразова спазнала розныя цярпенні, прайшла праз многія выпрабаванні, але пераканалася ў тым, што «цярпенне — гэта вялікая ласка. Праз цярпенне душа ўпадабняецца да Збаўцы, у цярпенні крышталізуецца любоў. Чым большае цярпенне, тым чысцейшая становіцца любоў» (Дз. 57). Аднойчы падчас хваробы, калі сястра Фаўстына моцна пакутавала, яна паскардзілася Езусу, што з’яўляецца «абузаю для сясцёр». На што Езус адказаў ёй: «Ты жывеш не для сябе, а для душаў. Твае цярпенні пойдуць на карысць іншым душам. Тваё працяглае цярпенне дасць ім святло і сілу для згоды з Маёю воляю» (Дз. 67).
На жаль, сёння ў свеце няшмат людзей, якія згаджаюцца прымаць на сябе пэўныя цярпенні менавіта на карысць іншым душам. Цярпенні — гэта крыж. Сучасны чалавек, калі сустракаецца з крыжам, адразу ж імкнецца адкінуць яго. Людзі больш прызвычаіліся да таго, каб прымаць толькі ўсё добрае, тое, што прыносіць радасць, асалоду жыцця, а тое, што абцяжарвае — як мага хутчэй адкінуць ад сябе альбо перакласці на плечы іншага чалавека. Многія хрысціяне прымаюць Хрыста, але без цярпенняў, без ахвяры і крыжа. А Збаўца свету, Езус Хрыстус, звяртаецца да нас сёння такімі словамі: «Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне. І хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне» (Мц 10, 37-38). Вельмі моцныя словы скіроўвае да нас Езус. Але ж гэта не азначае, што чалавек увогуле не павінен любіць бацьку і маці, дачку ці сына, але павінен любіць іх менавіта любоўю «agape» — любоўю ахвярнай, бескарыслівай. Любіць, кіруючыся Божым загадам любові, бо калі хтосьці кажа, што ён любіць Бога, а любові да бліжняга не мае — той прабывае ў цемры і ягоная любоў недасканалая. Безумоўна, дасканалай любоўю з’яўляецца толькі ўсемагутны Бог — «Deus caritas est», а мы, слабыя, грэшныя людзі, толькі імкнемся да такой дасканаласці, пераадольваючы з Божай дапамогай усе выпрабаванні, якія сустракаюць нас на жыццёвым шляху.
Таму чалавеку патрэбна праз усё сваё зямное жыццё ўдасканальвацца ў любові: любові да Бога і бліжняга. А любоў узрастае менавіта праз цярпенні, праз крыж. Той, хто не прымае крыжа — не можа быць вучнем Хрыста. Сапраўднае хрысціянства вымяраецца крыжам цярпенняў: наколькі чалавек адкрыты на прыняцце крыжа і ахвяраванне сваіх цярпенняў на хвалу Божую і на карысць бліжнім. Сястра Фаўстына Кавальская можа стаць сёння прыкладам жывой ахвярнай любові для кожнага з нас. Яна сэрцам усклікае да Бога: «О Езу мой, Ты — жыццё майго жыцця, Ты ведаеш добра, што я нічога не жадаю, апроч хвалы Імя Твайго і каб душы спазналі Тваю дабрыню. Чаму душы пазбягаюць Цябе, Езу, — не разумею я гэтага. О, калі б я магла пасекчы сваё сэрца на найдрабнейшыя часткі і такім чынам ахвяраваць Табе, Езу, кожную частку, быццам цэлае сэрца, каб хоць часткова кампенсаваць Табе за сэрцы, якія Цябе не любяць. Я люблю Цябе, Езу, кожнаю кропляю маёй крыві і ахвотна праліла б яе за Цябе, каб даць Табе доказ сваёй шчырай любові. (…) Цярпенні, перашкоды, прыніжэнні, няўдачы, абвінавачванні, якія мяне спатыкаюць, — гэта стрэмкі, што распальваюць маю любоў да Цябе, Езу. Мае жаданні шалёныя і недасягальныя. Я хачу ўтаіць ад Цябе, што цярплю. Я не хачу ніколі быць узнагароджанаю за свае намаганні і добрыя ўчынкі. Езу, Ты сам для мяне — узнагарода, мне дастаткова Цябе, Скарб сэрца майго. Я хачу спачуваць цярпенням бліжніх, а свае цярпенні ўтойваць у сэрцы не толькі ад бліжніх, але і ад Цябе, Езу» (Дз. 57). «О Збаўца свету, я яднаюся з Тваёю міласэрнасцю. Езу мой, я яднаю ўсе мае цярпенні з Тваімі і складаю ў скарбніцу Касцёла для карысці душаў» (Дз. 740).
Святая сястра Фаўстына старалася ніколі не выстаўляць свае ўласныя цярпенні людзям напаказ, каб не выклікаць у іх спачування да сябе. Усе свае перажыванні і сумнівы яна давярала толькі Богу. «Езу, я прымаю ўсё, што Ты захочаш спаслаць мне; я давяраю Тваёй дабрыні» (Дз. 190), — такім актам даверу яна аддавала Богу вялікую хвалу.
Аднойчы ў сваім духоўным Дзённіку сястра Фаўстына занатавала: «У выпрабаваннях я буду старацца ўгледзець любячую руку Божую. Няма нічога больш трывалага за цярпенне — яно заўсёды верна спадарожнічае душы. О Езу, у любові да Цябе я нікому не дазволю пераўзысці сябе» (Дз. 227). «Цярпенне — найвялікшы скарб на зямлі — яно ачышчае душу. У цярпенні мы спазнаем, хто для нас сапраўдны сябра. Сапраўдная любоў вымяраецца “тэрмометрам” цярпенняў» (Дз. 342). Чым больш сэрца чалавека адкрытае на любоў да бліжніх, тым менш увагі ён засяроджвае на сваіх уласных жыццёвых выпрабаваннях і цярпеннях. Такі чалавек ахвотна ахвяруе свае цярпенні на карыць бліжнім. Перажываючы нейкія цяжкасці, крызісы, ён не ўпадае ў роспач, таму што ведае — побач заўсёды знойдуцца людзі, якім неабходна духоўная падтрымка.
Напрыклад, знаходзячыся ў шпіталі ў цяжкім стане, чалавек не будзе наракаць на Бога, чаму так з ім сталася, але ахвяруе свае цярпенні за бліжніх, за вырашэнне якой-небудзь складанай сітуацыі, праблемы ў жыцці іншага чалавека альбо, напрыклад, за навяртанне сваіх родных да Бога.
Часта так здараецца ў сучасных сем’ях: напрыклад, бацькі — веруючыя, практыкуючыя, а дзеці зусім аддаліліся ад Бога, не адчуваюць патрэбы памаліцца, прыйсці да касцёла, прыняць святыя сакрамэнты, а бывае, і ўвогуле трапляюць у розныя залежнасці: ад алкаголю, наркотыкаў, камп’ютарных гульняў і інш. Яны самі, на жаль, не бачаць, што апынуліся ў залежнасці і, між іншым, кажуць, што «Бог — у іх у душы» і ім гэтага дастаткова. Тады бацькі могуць ахвяраваць свае ўласныя цярпенні за навяртанне дзяцей, але ж, безумоўна, не наракаючы на цяжкасці, а прымаючы іх з любоўю, бо толькі ахвяра, прынятая з любові, а не з прымусу — мае сэнс. А часам здараецца і такое, што, наадварот, дзеці ў сям’і маюць больш глыбокі духоўны досвед хрысціянскага жыцця, а бацькі — не разумеюць іх, крытыкуюць за тое, што шмат часу прысвячаюць Богу: перажываюць святую Імшу амаль кожны дзень, прымаюць удзел у рэкалекцыях, удзельнічаюць у пілігрымках…
Калі ў сэрцы няма любові да бліжняга, у сем’ях паміж роднымі могуць узнікаць канфлікты, спрэчкі, непаразуменні, пачынае панаваць нязгода. Але, калі чалавек не губляе ўнутранай раўнавагі, імкнецца захаваць унутраны душэўны супакой, з пакораю пераносіць розныя насмешкі, кпіны, не павышае голасу, а ціха можа растлумачыць спрэчныя моманты — тады сам Бог благаслаўляе і спасылае свае шчодрыя ласкі. Таму што толькі любоў можа перамагчы зло, пагарду, нянавісць сярод людзей. Але каб любоў перамагла, патрэбна даць ёй дзейнічаць у нашым жыцці — гэта значыць, дазволіць дзейнічаць Богу. «Калі Бог будзе на першым месцы, усё астатняе будзе на сваіх месцах», — як казаў раней святы Аўгустын. Шчаслівы той, хто заўсёды застаецца верным Богу.
Як разважала святая сястра Фаўстына: «О, вялікая тая душа, якая ў цярпенні Верна стаіць каля Бога, спаўняючы Яго волю, І сярод найбольшых навальніц і бураў не трэба ёй суцяшэння, Бо чыстая Божая любоў салодзіць ёй долю.
Зусім няцяжка любіць Бога ў выгодах І ўдзячнымі быць, калі добра ўсё дзеецца, Але іншая справа — праслаўляць Яго сярод перашкодаў, І любіць Яго дзеля Яго самога, ды мець на Яго надзею» (Дз. 995). Вядома, што лёгка любіць Бога і бліжніх, калі навокал усё добра і душу напаўняе супакой, калі побач людзі, з якімі прыемна бавіць час, але як цяжка заставацца верным Богу, калі сустракаеш тых, хто цябе зневажае, ненавідзіць, прыніжае чалавечую годнасць.
Святая сястра Фаўстына, адкрываючы перад Езусам сваё сэрца, разважае: «О мой Езу, як цяжка зносіць такія цярпенні, калі хтосьці незычлівы і зробіць якуюсьці прыкрасць, — але гэта яшчэ не так балюча; я не магу зносіць, калі хтосьці, выказваючы сваю зычлівасць, на кожным кроку ставіць палкі ў колы. Якую вялікую сілу волі трэба мець, каб дзеля Бога любіць такую душу. Іншы раз душа павінна ўзняцца ажно да гераізму, каб любіць такую душу так, як гэтага жадае Бог. Калі б з ёю былі рэдкія зносіны, то гэта было б лягчэй вытрываць, але калі трэба жыць разам і перажываць такое на кожным кроку, то патрэбны вялікія намаганні» (Дз. 1241).
Як цяжка прабачыць такому чалавеку і палюбіць яго такою любоўю, якою любіць яго Езус Хрыстус, Сын Божы, які нікога не адкідае, нават самага закаранелага грэшніка, і нікім не пагарджае. Патрэбна памятаць таксама і аб тым, што ўсе людзі, якіх мы сустракаем на сваім жыццёвым шляху — гэта нашыя браты і сёстры ў Хрысце. І мы павінны імкнуцца ўсе разам да супольнага дабра — разам крочыць па шляху збаўлення. Таму патрэбна найперш навучыцца дзякаваць Богу Айцу Усемагутнаму за ўсе цярпенні і выпрабаванні, за ўсе крыўды і знявагі, якія перажываем з боку нашых бліжніх. Неабходна маліцца за ўсіх — за тых, хто нам прыемны, каго любім, але яшчэ больш за тых, хто нас зневажае, намі пагарджае і нават пераследуе за веру, за Імя Хрыста, таму што «шмат можа шчырая малітва справядлівага» (Як 5, 16). Малітва перамяняе сэрца, малітва ўзмацняе любоў — Бог накіроўвае грэшніка на шлях праўды і дапамагае падняцца з грахоў… Бо тое, што здаецца для чалавека немагчымым — для Бога заўсёды магчыма.
Ахвяруючы свае цярпенні і малітвы з чыстай інтэнцыяй — з любові да Бога дзеля збаўлення грэшнікаў, — мы атрымаем сапраўдны Божы супакой і вечнае жыццё душы.
Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова
|