Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: з цемры граху да святла спрадвечнай Божай праўды
Усяго патроху
12.08.2016 11:45

Мінулі атэістычныя часы, калі не дазвалялася адкрыта гаварыць пра Бога. Цяпер у грамадстве — свабода веравызнання. Але, на жаль, нямногія людзі публічна вызнаюць веру ў Езуса Хрыста, таму што ім перашкаджае фальшывы страх і сорам.

Некаторыя саромеюцца насіць на сабе крыжык, шкаплер ці хрысціянскі медалік, хаваюць яго дзесьці далёка ў кішэні альбо носяць у кашальку. Іншыя баяцца перахрысціцца, праходзячы каля святыні, памаліцца перад ежаю ў працоўным калектыве ці на хрысціянскае прывітанне: «Хвала Хрысту» адказваюць звычайнае «добры дзень». Часам людзі баяцца з-за таго, што лічаць: іх не зразумеюць супрацоўнікі альбо сябры, і па гэтай прычыне адчуваюць нейкі псіхалагічны дыскамфорт. З аднаго боку, лічаць сябе веруючымі хрысціянамі, а з іншага — цалкам залежныя ад чалавечых поглядаў і меркаванняў.

Затое як жа часта здараюцца сітуацыі, калі веруючы хрысціянін, нават практыкуючы, які прымае святыя сакрамэнты, між іншым купляе газету, каб пачытаць гараскоп, у які ён верыць, альбо набывае кнігі з разнастайнымі замовамі, «нібыта малітвамі», каб пазбавіцца ад хваробаў і недамаганняў, ці нават паварожыць з мэтаю дазнацца, што ж яго чакае ў будучыні. Нават хрысціяне шукаюць «бабуль-шаптух», якія нібыта здольныя ацаліць ад усіх хваробаў.

Апошнім часам можна назіраць таксама, што многія людзі носяць на руцэ на запясці чырвоную нітку. Шмат хто, нават не разумеючы сэнсу, успрымае такую нітку як упрыгажэнне, нібыта так модна, бо многія цяпер так робяць. Прычым завязваюць яе не самастойна, а звяртаюцца да варажбітак. Большасць з тых, хто носіць чырвоную нітку на запясці, вераць у тое, што гэта нібыта магутная і вельмі дзейсная дапамога ад сурокаў, зайздрасці і ўсялякага іншага негатыўнага ўздзеяння. Асабліва распаўсюдзіўся гэты забабон у грамадстве сярод сучаснай моладзі. Але яшчэ больш жудасна назіраць, калі маладыя бацькі прывязваюць чырвоныя нітачкі малым дзецям, не ўсведамляючы, якой духоўнай пагрозе праз гэта іх падвяргаюць. Людзі не разумеюць, што ніякая нітка не абараняе, а толькі ўсемагутны міласэрны Бог здольны ўчыніць тое, што здаецца немагчымым для звычайнага чалавека.

Таксама сёння даводзіцца вельмі часта сустракаць людзей, якія звяртаюцца да магаў, варажбітак і экстрасэнсаў, шукаючы паратунку ў вырашэнні складаных жыццёвых спраў. Знаходзячыся ў стане роспачы, людзі , як кажуць, «на ўсё гатовыя» і таму шукаюць для сябе лёгкія шляхі, як пазбавіцца ад цяжкіх невырашальных праблем. Такім чынам, чалавек звяртаецца за дапамогай не да Бога-Творцы, а да стварэння. Ён часта не разумее, што такая дапамога паходзіць не ад Бога, а ад ворага збаўлення чалавечых душ.

Пра Бога многія ўспамінаюць ужо, на жаль, толькі тады, калі пачынаюць ясна бачыць, што ў іх жыцці з’явілася яшчэ больш праблем, пагоршыўся стан фізічнага і псіхічнага здароўя, няма ўзаемаразумення і згоды паміж роднымі і блізкімі, пачаліся розныя праблемы з дзецьмі, унукамі… Тады прыходзяць у святыню, каб паставіць так званую «выратавальную свечку». Але ж і свечка сама па сабе не абароніць і не ўратуе! Патрэбна вера, моцная хрысціянская вера і давер жывому Богу ў Тройцы Святой Адзінаму!

Вельмі ж часта можна назіраць такое, што многія практыкуючыя хрысціяне вераць у Бога і адначасова ў гараскопы, у абарончую моц усялякіх нехрысціянскіх талісманаў і нават на споведзі не вызнаюць грахі, што звярталіся некалі да «бабак-шаптух», варажбітак, што чытаюць гараскопы і носяць на сабе розныя нехрысціянскія амулеты.

Добра, калі чалавек своечасова зразумее, што з’яўляецца прычынай усіх ягоных хваробаў, бедаў і нястачаў, калі шчыра пакаецца, адрачэцца ад граху, усім сваім сэрцам навернецца да міласэрнага Бога, які любіць і чакае навяртання нават самага закаранелага грэшніка. Шкада, калі чалавек упарта прабывае ў грахоўнай цемры, пакутуе і церпіць ад наступстваў граху, але духоўна сляпы так і не імкнецца направіць сваё жыццё — усім сэрцам і душою звярнуцца да Божай міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння і паяднання з Богам у святой Камуніі.

Чалавек — разумнае Божае стварэнне — Нomo sapiens. Бог надзяліў чалавека розумам, свабоднай воляй, таму кожнаму чалавеку Богам дадзена вялікая ласка — адрозніваць дабро ад зла. Калі ж чалавек свядома выбірае грэх, то з цягам часу пагружаецца ў «грахоўнае балота», выплысці з якога сам без Божай дапамогі не здольны.

А спрадвечная Божая праўда заключана ў тым, што толькі жывы ўсемагутны і міласэрны Бог здольны ацаліць душу і сэрца чалавека, прасвятліць ягоны розум. Любячы Бог прабачае кожны грэх, калі чалавек шчыра раскайваецца і мае цвёрды намер больш не грашыць, не вяртацца да свайго мінулага ладу жыцця.

Праўда ў тым, што чалавек чыніць цяжкі смяротны грэх, калі звяртаецца да варажбітак, верыць у гараскопы, розныя забабоны, а таксама калі носіць чырвоную нітку і верыць у моц яе абарончага ўплыву. Такім чынам, чалавек выракаецца Хрыстовага Крыжа, таму што ён не давярае Божай міласэрнасці, а больш верыць у моц усялякіх язычніцкіх забабонаў, нясумяшчальных з хрысціянствам.

Шлях граху вядзе да смерці, кіруе ў пекла, а жыццё ў лучнасці з Хрыстом — да вечнага прабывання ў Божым Валадарстве. Таму мы павінны мець у сваім сэрцы агіду да любога граху, нават найменшага, які абражае Бога. А дапаможа нам у гэтым разважанне над пакутамі і смерцю Езуса Хрыста, які за нас цярпеў ад ранаў.

Як успамінае святая сястра Фаўстына ў сваім духоўным Дзённіку: «… я ўвайшла ў горыч мукі Пана Езуса; я цярпела толькі духоўна і зразумела, які страшны грэх. [Пан] даў мне адчуць усю агіду да граху. Унутрана, у глыбіні сваёй душы, я зразумела, які страшны грэх — нават найменшы, — як моцна ён мучыць душу Езуса. Я палічыла б за лепшае цярпець тысячы пякельных мукаў, чым учыніць хоць бы найменшы паўсядзённы грэх» (Дз. 1016).

Сам Езус — міласэрны Збаўца — прамовіў да сястры Фаўстыны, кажучы: «Вялікія грахі свету раняць Маё сэрца як бы звонку, але грахі выбранай душы працінаюць Маё сэрца наскрозь…» (Дз. 1702)

«Напішы: Я — тройчы Святы і адчуваю агіду да найменшага граху. Я не магу любіць душу, заплямленую грахом, але калі яна раскайваецца, то няма мяжы Маёй шчодрасці для яе. Мая міласэрнасць атуляе і апраўдвае яе. Сваёю міласэрнасцю Я пераследую грэшнікаў на ўсіх іх шляхах, і Маё сэрца радуецца, калі яны вяртаюцца да Мяне. Я забываю пра горыч, якою яны паілі Маё сэрца, і радуюся іх вяртанню. Скажы грэшнікам, што ніхто з іх не ўцячэ ад Маёй рукі. Калі яны ўцякаюць ад Майго міласэрнага сэрца, то трапяць у рукі Майго правасуддзя. Скажы грэшнікам, што Я заўсёды чакаю іх, услухоўваюся ў біццё іх сэрца, калі яно пачне біцца для Мяне. Напішы, што Я прамаўляю да іх праз дакоры сумлення, праз няўдачы і цярпенні, праз грамы і маланкі, прамаўляю голасам Касцёла, а калі яны змарнуюць усе Мае ласкі, Я пачынаю гневацца на іх, пакідаючы іх на саміх сябе, і даю ім тое, чаго яны прагнуць» (Дз. 1728).

Таму варта сёння кожнаму з нас асабіста задумацца над сваім жыццём: чаго я прагну і куды іду? Ці трываю ў Божых ласках альбо мая душа заплямлена грахом?

Калі душа заплямлена грахом —
Яна губляе Божае святло,
Тады дарэмным здаецца жыццё,
Бо без любові Божай я — нішто!

І, калі разумеем гэтую праўду, у сэрцы нараджаюцца наступныя радкі:

Чалавек, з грахоў узніміся —
На лёс свой сёння азірніся!
Ты, нават, і не заўважаеш,
Што воляй Бога пагарджаеш —

Ідзеш да розных варажбітак,
А на душы грахоў адбітак…
Чаму ж сябе ты ўзвышаеш,
А Збаўцу-Бога прыніжаеш

І верыш ў сілу забабонаў,
Магічных слоў і злых праклёнаў?..
Чаму ж імкнешся ты да злога
І забываешся пра Бога?

Таму што злы цябе спакусіў,
Служыць яму верна прымусіў,
А ты яму паверыў смела —
Аздобіў бляскам сваё цела,

Адзеннем пышным, срэбра ззяннем,
Святочным, залатым убраннем;
І прагнеш рэчаў матэрыяльных,
Душы збаўленню неспрыяльных.

А Бог Магутны запрашае,
Цябе заўжды Хрыстос чакае!
Павер ў Яго святое слова
І адрадзі жыццё нанова!

Крыжу святому пакланіся,
З пакорай перад ім схіліся,
І прабачэння папрасі,
Падзяку Богу узнясі!

І Бог дасць ласку навяртання,
Са сну духоўнага паўстанне,
Праз пост, малітву, пакаянне
Ты атрымаеш паяднанне!

Збаўлення ласку Бог спашле,
Каб ты у Божым жыў святле!


Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.