«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: цудоўныя абяцанні Езуса за бязмежны давер Яго неспасцігальнай міласэрнасці |
Усяго патроху |
07.09.2016 11:07 |
Аднойчы сам Езус Хрыстус скіраваў да сястры Фаўстыны Кавальскай такія словы: «Я адкрыў сваё сэрца як жывую крыніцу міласэрнасці; няхай усе душы чэрпаюць з яе жыццё, няхай з вялікім даверам набліжаюцца да гэтага мора міласэрнасці. Грэшнікі атрымаюць апраўданне, а справядлівыя — умацаванне ў добрым. Таму, хто давяраў Маёй міласэрнасці, у гадзіну смерці Я напоўню яго душу сваім Божым спакоем» (Дз. 1520).
Далей Езус прамовіў: «Дачка Мая, не спыняйся ў абвяшчэнні Маёй міласэрнасці, гэтым ты ўлагодзіш Маё сэрца, якое палае агнём літасці да грэшнікаў. Скажы Маім святарам, што закаранелыя грэшнікі будуць скрушаныя іх словамі, калі яны будуць гаварыць пра Маю бяздонную міласэрнасць, пра літасць да іх, якая жыве ў Маім сэрцы. Святарам, якія будуць абвяшчаць і праслаўляць Маю міласэрнасць, Я дам надзвычайную моц, Я благаслаўлю іх словы і ўзрушу сэрцы, да якіх яны будуць прамаўляць» (Дз. 1521).
Сястры Фаўстыне Сын Божы дае асаблівы наказ: «Дачка Мая, Я нагадваю табе: кожны раз, калі ты пачуеш, што гадзіннік прабіў тры гадзіны, заглыбляйся ўся ў Маю міласэрнасць, ушаноўваючы і праслаўляючы яе; заклікай яе ўсемагутнасць для цэлага свету, і асабліва для бедных грэшнікаў, бо ў гэту хвіліну яна адкрылася насцеж для кожнай душы. У гэту гадзіну ты выпрасіш усё і для сябе, і для іншых; у гэту гадзіну з’явілася ласка для ўсяго свету — міласэрнасць перамагла правасуддзе. Дачка Мая, старайся ў гэту гадзіну разважаць над стацыямі Крыжовага шляху, наколькі табе дазволяць твае абавязкі; а калі не можаш трываць на Крыжовым шляху, то, прынамсі, зайдзі хоць на хвіліну ў капліцу і ўшануй Маё сэрца, поўнае міласэрнасці ў Найсвяцейшым Сакрамэнце; а калі не можаш зайсці ў капліцу, пагрузіся ў малітву там, дзе ты знаходзішся, хоць на кароткі момант. Я патрабую пашаны да Маёй міласэрнасці ад кожнага стварэння, але найперш ад цябе, бо Я даў табе найглыбей спасцігнуць гэтую таямніцу» (Дз. 1572). Гэты наказ Збаўцы скіраваны не толькі да святой Фаўстыны, але актуальны і для нас, хрысціян XXI стагоддзя, якія з’яўляемся сведкамі прыгнёту і пераследу святога Каталіцкага Касцёла ў свеце.
Змяняюцца стагоддзі, дзесяцігоддзі, хутка пралятаюць гады, але не змяняецца толькі Бог Усемагутны — Творца Сусвету, які прагне ацалення збалелага чалавецтва.
Людзі не маюць унутранага душэўнага супакою і сталай духоўнай радасці, таму што не навучыліся дзякаваць Богу за ўсе атрыманыя даброты і штодзённа праслаўляць свайго Стварыцеля, не навучыліся жыць у прысутнасці жывога Бога, які звяртаецца да сваіх дзяцей, кажучы: «Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам». Сучаснаму чалавеку не хапае пакоры. Не кожны здольны ў праўдзе прадстаць перад Панам Богам, стаць на калені і прызнацца ў сваіх слабасцях; не кожны прагне першым папрасіць прабачэння ў таго, каго пакрыўдзіў, а менавіта таму, што чалавеку перашкаджае ганарыстасць і пыха, якая з’яўляецца адным з галоўных сямі грахоў. Тым больш пыха цягне за сабою іншыя правіны, слабасці і занядбанні. |