Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будзь святлом!
Усяго патроху
09.09.2016 00:19

«Вы — святло свету» (Мц 5, 14). Гэтыя словы Евангелля заклікаюць нас несці святло ўсюды, куды б мы ні пайшлі. Але, наколькі паказвае практыка, гэта далёка не так проста. Як жа «свяціць», калі вакол цемра? Куды ісці, калі, здаецца, зусім не бачыш дарогі?

Пытанне святла закранаецца ў Святым Пісанні даволі часта. І ў першую чаргу яно тычыцца хрысціян, іх паклікання распаўсюджваць Божае слова, гарэць, свяціць сярод язычніцкага насельніцтва Ерузалема і ваколіц, ды і ўсяго свету.

Безумоўна, сёння мы можам сказаць, што гэтыя словы адносяцца і да кожнага з нас — тых, хто лічыць сябе католікам, у прынцыпе, не толькі католікам, а хрысціянінам у першую чаргу. Мы можам заклікаць сябе і астатніх ісці прапаведаваць, евангелізаваць, не спыняцца ў духоўным развіцці, але не можам не ўлічыць тых абставін, у якіх знаходзімся.

Хопіць ныць!

Чаму я выбрала гэтую фразу для падзагалоўка? Таму што ныццё ў яго самых розных формах — даволі распаўсюджаная з’ява як у цэлым у грамадстве, так і сярод практыкуючых веруючых. Не кажу, што гэта дыягназ і ўсе вакол толькі скардзяцца, але тое, што скаргі ёсць — жыццёвы факт.

Чамусьці замест таго, каб быць святлом гэтага свету — несці праўду, радасць, надзею і веру, — нярэдка католікі пачынаюць наракаць на … святароў, касцёльныя ўлады, сваіх знаёмых і сяброў з касцёла, сістэму, не кажучы ўжо пра свецкае жыццё з яго шматлікімі супярэчнасцямі.

У выніку, сілы, якія даюцца Богам для стварэння, нярэдка растрачваюцца на пустыя размовы, спрэчкі на тэалагічныя і касцёльна-жыццёвыя тэмы. Але навошта? Каб у спрэчцы сапраўды знайсці ісціну ці каб паказаць уласную «крутасць» або «пабожнасць»? Або, можа, каб проста нічога не рабіць і ўсю адказнасць пераваліць са сваіх плячэй на чужыя?

Так званы «сіндром ахвяры» (вельмі распаўсюджанае паняцце ў псіхалогіі) можна аднесці і сюды. Заўсёды значна лягчэй скардзіцца на ўсё і ўсіх, чым рэальна спрыяць нейкім зменам, а ў першую чаргу — пачынаць гэтыя змены ў сабе.

Не думаю, што такі падыход да хрысціянства будзе спрыяць яго распаўсюджванню. Уявіце сабе сітуацыю, каб Езус пастаянна скардзіўся на фарысеяў і пры гэтым не прапаведаваў, не чыніў цуды, не пайшоў на Галготу. Ці адбылося б у гэтым выпадку збаўленне свету? Наўрад ці…

Выйсце ёсць — будзь святлом!

Аднак асяроддзе не можа змяніць цябе, калі ты сам гэтага не пажадаеш. Тое, што вакол цемра, яшчэ не азначае, што ўсё згублена. Нават у такой сітуацыі можна і варта свяціць. Толькі пры адной умове — калі застаешся ў Ім, а Яго слова — у табе. Без штодзённай малітвы і аддання сябе Богу немагчыма выстаяць у гэтай нялёгкай і няроўнай барацьбе.

Кожны з нас, католікаў, хрысціянаў, пакліканы несці святло туды, дзе пануе цемра. Вельмі ўзнёслыя словы? Але, як бы банальна яны ні гучалі, сёння яны найбольш актуальныя.

Адна з праблем заключаецца яшчэ і ў тым, што мноства вернікаў проста «сядзіць у лаўках» замест таго, каб выходзіць у свет і распавядаць людзям пра Бога, а галоўнае — сваім прыкладам несці Езуса і Яго святло.

Бо, пакуль хрысціяне «сядзяць у лаўках», вялікая колькасць моладзі распачынае палавое жыццё яшчэ ў школе, уваходзяць у моду чырвоныя ніткі і перадачы «Бітва экстрасэнсаў», льецца кроў тысяч ненароджаных дзяцей і распаўсюджваюцца гомасексуальныя шлюбы…

Так, цемра ёсць, няхай яе нават і шмат, але, калі ТЫ не будзеш гарэць, то хто ж запаліць іншых?

Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.