Ці можа католік капаць бульбу ў нядзелю? |
Усяго патроху |
11.09.2016 07:00 |
Гэтае пытанне, здаецца, мае просты адказ. Нядзеля — дзень Пана, аб якім Ён ясна і зразумела кажа ў трэцяй запаведзі: памятай дзень святы святкаваць. Але сёння нават гэтае пытанне чамусьці выклікае спрэчкі сярод веруючых.
Канец лета і першая палова верасня — гэта «час бульбы». Каб сабраць «другі хлеб», нярэдка патрабуюцца вялікія намаганні. І, хоць, здаецца, гэтая справа павінна турбаваць толькі жыхароў вёсак, яна закранае таксама і гарады. Студэнты і працоўная моладзь, сярод якіх шмат католікаў, вяртаюцца ў свае родныя мясціны з горада, каб дапамагчы родным выкапаць бульбу. І гэта толькі адзін з прыкладаў. Само капанне бульбы — справа добрая, але, як і любая неабавязковая праца, згодна з трэцяй запаведдзю, не можа выконвацца ў нядзелю. Як аказалася, не ўсе католікі так лічаць. У адной з вёсак я чула версіі, што капаць бульбу можна, бо «гэта не праца, а збор ураджаю», бо «мясцовы пробашч дазволіў», «можна капаць пасля 9 раніцы, калі адправіцца першая святая Імша, пры гэтым можна ў ёй і не ўдзельнічаць», або «можна капаць толькі пасля таго, як паўдзельнічаў у нядзельнай святой Імшы». Дзе ж праўда? На пытанне Catholic.by згадзіўся адказаць а. Аркадзь Куляха OCD. «Нядзеля — святы дзень» «Пра ўшанаванне і перажыванне нядзелі Катэхізіс Каталіцкага Касцёла піша ў нумарах 2168 – 2195. Нумар 2185 кажа, што “ў нядзелю і святочныя дні вернікі павінны ўстрымацца ад прац і заняткаў, якія перашкаджаюць аддаваць належную пашану Богу, перажываць уласцівую для дня Пана радасць, выконваць учынкі міласэрнасці і адпачываць як духоўна, так і фізічна”», — адзначыў святар. «Касцёл вучыць таксама, што “дапускаюцца дзеянні, звязаныя з сямейнымі абавязкамі або з паслугаю дзеля значнай грамадскай карысці, калі толькі гэта не вядзе да шкодных звычак адносна святкавання нядзелі, сямейнага жыцця і здароўя” (пар. Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 453)», — распавёў а. Аркадзь Куляха. Неабавязковую працу ў нядзелю, паводле каментара, нельга апраўдаць удзелам у ранішняй святой Імшы. «Хтосьці мог бы памылкова меркаваць, што дзеля ўшанавання Бога ў нядзелю дастаткова прыняць удзел у святой Імшы, найлепш з самай раніцы, а пазней заняцца чым заўгодна. Нядзеля — гэта святы дзень, дзень адпачынку і аднаўлення духоўных і фізічных сіл, сустрэчы з сям’ёй і блізкімі людзьмі і ўзрастання ў хрысціянскай любові ва ўсіх яе вымярэннях, дзень яднання з Богам і бліжнімі. Вернік, які прагне па-сапраўднаму камуніі з Богам і паглыблення свайго духоўнага жыцця, сам будзе імкнуцца ўстрымацца ў нядзелю ад усяго, што не спрыяе гэтай мэце», — падкрэсліў святар. Ці можна капаць бульбу ў нядзелю? «Капанне бульбы, а яшчэ раней яе пасадка — гэта для большасці тых, хто вырошчвае “другі хлеб”, клопат пра жыццё, не толькі сваё, але і ўсёй сям’і, родных ці блізкіх людзей. Здараюцца сітуацыі, калі сапраўды немагчыма сабраць ураджай у буднія дні, напрыклад, дзеці ці ўнукі не могуць ніяк прыехаць да любімых мамы і таты або бабулі і дзядулі ў іншы дзень, а яны самі захварэлі ці ўжо не маюць сілы працаваць. У такім выпадку можна лічыць, што капанне ў нядзелю — гэта неабходнасць (няма іншых магчымасцяў, напрыклад, не хапае сродкаў, каб наняць кагосьці на працягу тыдня, або няма каго наняць)», — заўважыў а. Аркадзь Куляха.
«Аднак нельга апраўдаць парушэнне трэцяй Божай запаведзі, калі хтосьці адкладае капанне бульбы ці іншую працу менавіта на нядзелю, хоць можа зрабіць гэта ў будні дзень. Грахом з'яўляецца не толькі неабавязковая праца ў нядзелю, але і лянота наогул», — дадаў святар. Таксама хрысціянам не варта забывацца, што ў нядзелю патрэбна абавязкова ўдзельнічаць у святой Імшы, нягледзячы на форс-мажорныя сітуацыі, якія патрабуюць выканання працы. Кожны наш учынак, паводле слоў святара, трэба разглядаць з трох бакоў — з пункту гледжання на прадмет учынку, на яго мэту і на акалічнасці (або абставіны), у якіх учынак быў здзейснены. «Калі ўсе тры элементы чалавечага ўчынку — добрыя, тады і ўчынак лічыцца добрым. Бывае, аднак, і так, што прадмет учынку добры (напрыклад, праца, дапамога іншым), але акалічнасці змяншаюць яго маральную вартасць (напрыклад, неабавязковая праца ў нядзелю). Найгорш, калі маральная вартасць учынку знішчаецца або памяншаецца мэтай (напрыклад, хтосьці дапамагае бліжняму напаказ або робіць штосьці, каб праявіць непашану да веры ці асобы)», — заўважыў святар. Нядзеля — гэта не толькі дзень адпачынку, які Бог прадвызначыў для кожнага з нас; гэта яшчэ адна магчымасць, каб сям’я сабралася разам. Супольны ўдзел у святой Імшы, а таксама адпачынак з роднымі — вось што можа не толькі паспрыяць духоўнаму развіццю кожнага члена сям’і, але таксама ўзмацніць любоў, павагу і ўзаемаразуменне ў ёй.
Сям'я Алены і Паўла Кузьміцкіх, фота: svaboda.org Айцец Аркадзь Куляха ўзгадвае сведчанне Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI, які падкрэсліваў, што «нядзеля ў яго сям’і заўсёды была прынцыповай справай»: «Нядзеля распачыналася ўжо ў суботу пасля поўдня. Бацька чытаў нам нядзельныя літургічныя тэксты з вельмі папулярнай на той час кніжкі, у якой яны тлумачыліся (...). На наступны дзень мы ішлі на святую Імшу (...), а пазней у хаце важны быў, канешне, супольны вялікі абед. Мы таксама шмат спявалі разам (...). Спявала ўся сям’я. Гэта незабыўныя моманты. Пазней мы, канешне, шпацыравалі. Мы жылі недалёка ад лесу, і шпацыр па лесе быў прыгожы: прыгоды, гульні і г. д. Адным словам, лучыла нас адно сэрца і адна думка, шмат супольных перажыванняў, нават у вельмі цяжкія часы вайны (...) панавала між намі ўзаемная любоў, радасць з простых рэчаў». Такім чынам, нядзеля — гэта асаблівы дзень, які патрэбна ў першую чаргу прысвяціць адпачынку і сузіранню Бога, і, калі сапраўды няма форс-мажорных абставін, нельга капаць бульбу, гэтаксама як і нельга рабіць любую неабавязковую працу. |