Чалавек з любові створаны Богам і пакліканы да шчасця. Але чым
з’яўляецца сапраўднае шчасце? Гэта пытанне вечнае, звязанае з сэнсам
чалавечага жыцця, таму што кожны прагне быць шчаслівым. Толькі ці кожны
чалавек можа сёння праўдзіва сказаць пра сябе, што ён шчаслівы? Хтосьці лічыць сябе шчаслівым таму, што мае сям’ю, добры ўтульны дом, шмат маёмасці, працу, грошы… Для кагосьці шчасце палягае на тым, што ў яго добрае фізічнае здароўе. Нехта шмат падарожнічае па розных краінах свету і лічыць сябе шчаслівым, таму што ён можа сабе гэта дазволіць. Так можна пералічваць вельмі доўга. Але ці ва ўсім гэтым можна знайсці сапраўднае шчасце? Чалавек духоўны і чалавек душэўны, свецкі, безумоўна, будуць разважаць па-рознаму, таму што маюць непадобныя светапогляды і розную іерархію каштоўнасцяў.
Вельмі часта людзі на першае месца ў сваім жыцці ставяць каштоўнасці гэтага матэрыяльнага свету і, на жаль, зусім забываюцца пра Бога, які ўсе гэтыя рэчы стварыў на карысць чалавеку.
Сапраўднае шчасце не патрэбна шукаць дзесьці далёка. Дар чалавечага жыцця — гэта найвялікшая каштоўнасць, гэта той дар, які чалавеку даў Бог, прычым бескарысліва, не патрабуючы за гэта аніякай платы. Ці чалавек удзячны Богу за такі вялікі дар? На жаль, не заўсёды! Напрыклад, жанчына, якая мае ўжо некалькі дзяцей, даведалася, што зноў цяжарная, і раптам яе душу паралізуе страх: як жа гэта нарадзіць і выгадаваць яшчэ адно дзіця — гэта ж будуць дадатковыя клопаты, матэрыяльныя расходы… У выніку часта згаджаецца на аборт, сама прымае рашэнне, а бывае, што на такое жудаснае злачынства яе падштурхоўваюць родныя. Ці, напрыклад, у наш час здараюцца выпадкі, калі маладыя людзі, парушаючы Божы загад «не чужалож», кіруючыся толькі ўласнымі пачуццямі, без сакрамэнту шлюбу, вырашаюць стварыць сям’ю. Але ж ці будуць яны шчаслівыя, калі Бог не благаславіць? Варта затрымацца, спыніцца сярод свецкай мітусні і задаць сабе такое пытанне. Кожнаму чалавеку, а тым больш хрысціяніну, неабходна сёння глыбей задумацца: я шукаю шчасця самастойна ў нейкіх матэрыяльных рэчах альбо давяраю Божаму Провіду кіраваць маім жыццём?
Святая сястра Фаўстына, разважаючы над уласным жыццёвым шляхам, у духоўным дзённіку занатавала: «Маё жыццё цяпер праходзіць у ціхім усведамленні Бога. Ім жыве мая маўклівая душа, і гэта ўсвядомленае жыццё Бога ў маёй душы — крыніца майго шчасця і сілы. Я не шукаю шчасця па-за глыбінямі сваёй душы, у якой жыве Бог, я гэта ўсведамляю. Я адчуваю як бы патрэбу аддаваць сябе іншым, я адкрыла ў душы крыніцу шчасця, гэта значыць Бога. О мой Божа, я бачу, што ўсё, што мяне атачае, перапоўненае Богам, і больш за ўсё — мая душа, якую аздабляе Божая ласка. Я ўжо цяпер пачну жыць тым, чым буду жыць у вечнасці» (Дз. 887). «…Якое гэта шчасце — мець у сэрцы адчуванне Бога і жыць у блізкіх зносінах з Ім» (Дз. 1135). А аднойчы сястра Фаўстына падзялілася сваімі духоўнымі перажываннямі прысутнасці Бога ў яе душы: «Сёння Божая любоў пераносіць мяне ў іншы свет. Я акунутая ў любоў, люблю і адчуваю, што мяне любяць, і ўсім сваім розумам перажываю гэта. Мая душа патанае ў Пану, спасцігаючы агромністую веліч і сваю нязначнасць, і праз гэтае спасціжэнне павялічваецца маё шчасце. Гэтае ўсведамленне ў душы такое жывое, такое моцнае і разам з тым такое прыемнае» (Дз. 1500).
Сапраўднае шчасце — толькі ў Богу! У Ім — поўня любові, і моц, і ўспамога. Сапраўднае шчасце — мець чыстае сэрца, Якое да Бога няспынна імкнецца. Так і ёсць на самой справе: шчасце — трываць у Божай любові, адчуваць Ягоную прысутнасць і дапамогу на кожным кроку, але для гэтага патрэбна мець глыбокі ўнутраны душэўны супакой і старацца не губляць яго ў часы спакусаў і выпрабаванняў.
Унутраны душэўны супакой Дапамагае паяднацца з Богам, І адчуваеш сэрцам, што Хрыстос з табой, Ён — у сэрцы, Бог — твая ўспамога! І тваё сэрца для Хрыста — вялікі скарб, Каштоўны скарб, які цаны не мае!.. Ты толькі зараз адчыні яго — Хрыстос святой любоўю ацаляе!
Таму, шукаючы ў штодзённым жыцці сапраўднага шчасця, найперш неабходна прыгадаць сабе словы Хрыста-Збаўцы, якія Ён прамовіў перад вучнямі, калі ўзышоў на гару і ўбачыў натоўп людзей: «Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны. Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах. Бо так пераследавалі прарокаў, якія былі перад вамі» (Мц 5, 3-12).
Варта падумаць і паразважаць, якога шчасця я ўрэшце шукаю: зямнога — таго, што праміне, — ці нябеснага, якое вечна трывае?
Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова
|