Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: малітва за душы, церпячыя ў чыстцы, — праява вялікай любові
Усяго патроху
07.11.2016 13:53

 Жыццё чалавека на зямлі часовае і хутка прамінае – з’яўляецца і знікае, нібы пар, нібы палявая кветка, якая вырастае, расцвітае, вяне і гіне. Фізічна чалавек перастае існаваць пасля смерці, але памірае толькі ягонае цела, душа чалавека мае вечнае жыццё. Душа – нябачная, а тое, што нябачнае – вечнае.

«Душа чалавека несмяротная» – гэта адна з шасці галоўных праўдаў хрысціянскай веры, як падае нам Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Касцёл святы вучыць нас, што малітва за жывых і памерлых – гэта ўчынак міласэрнасці для душы бліжняга.

У літургічным годзе ў Касцёле месяц лістапад, а асаблівым чынам актава да 9 лістапада, прысвечаны набажэнствам і малітвам за душы, якія церпяць у чыстцы. Але вядома, што хрысціянін павінен маліцца аб вечным супакоі для душаў чыстцовых не толькі ў лістападзе, але і штодзённа ахвяруючы свае прыватныя малітвы з любові да бліжніх. Галоўнае, што павінна намі кіраваць – гэта любоў, а ўжо толькі потым малітва за чыстцовыя душы павінна ўспрымацца, як хрысціянскі абавязак.

Тым больш зараз, у Год Божай Міласэрнасці, абвешчаны Айцом Святым Францішкам у Каталіцкім Касцёле, нам так важна шчыра адкрыцца на малітву і кожны дзень выпрошваць для душаў, церпячых у чыстцы, усе адпусты і ласкі прабывання ў Валадарстве Нябесным.

Чытаючы духоўны Дзённік святой сястры Фаўстыны Кавальскай «Божая міласэрнасць у маёй душы», можна зразумець, наколькі важнай з’яўляецца малітва за душы, якія пакутуюць у чыстцы, а таксама за паміраючых. Вялікую палёгку прыносяць гэтым душам малітвы, што ўзносяцца да Бога з вялікім даверам да Яго бязмежнай міласэрнасці.

Сам Езус Хрыстус – Збаўца свету – аднойчы звярнуўся да сястры Фаўстыны такімі словамі: «Сёння прывядзі да Мяне душы, якія знаходзяцца ў вязніцы чыстца, і акуні іх у бездань Маёй міласэрнасці. Няхай струмені Маёй крыві ахалодзяць іх жар. Я вельмі палюбіў усе гэтыя душы, яны сплачваюць Майму правасуддзю; у тваіх сілах прынесці ім палёгку. Бяры са скарбніцы Майго Касцёла ўсе адпусты і ахвяруй за іх… О, калі б ты ведала іх цярпенні, ты пастаянна ахвяроўвала б за іх міласціну духу і сплачвала б іх даўгі Майму правасуддзю» (Дз. 1226).

Святая сястра Фаўстына з вялікім даверам моліцца сэрцам: «Езу найміласэрнейшы, які сказаў, што хочаш міласэрнасці, вось я прыводжу ў дом Твайго найлітасцівейшага Сэрца душы з чыстца, душы, мілыя Табе, але якія павінны сплачваць [даўгі] Твайму правасуддзю. Няхай струмені крыві і вады, якія выплылі з Твайго Сэрца, згасяць чыстцовы агонь, каб і там праславілася моц Тваёй міласэрнасці.

З жахлівага жару агню чыстцовага
Да Тваёй міласэрнасці ўзносіцца стогн.
Суцяшэнне, палёгку і прахалоду спазнаюць
У струменях пралітых крыві і вады.

Ойча Спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці на душы, церпячыя ў чыстцы, і ўкрытыя ў найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Малю Цябе праз балесную муку Езуса, Сына Твайго, і праз горыч, якою была залітая Яго найсвяцейшая душа, акажы сваю міласэрнасць душам, якія знаходзяцца пад Тваім справядлівым наглядам; Глядзі на іх не інакш, як толькі праз раны Езуса, Твайго наймілейшага Сына, бо мы верым, што Твая дабрыня і лістасць бязмежныя. Амэн» (Дз. 1227).

Варта задумацца нам сёння, якую вялікую моц мае малітва за душы, церпячыя ў чыстцы, і душы паміраючых. Ніводная малітва, якую мы кіруем да нашага Нябеснага Айца, просячы вечнага супакою для душаў, не застаецца невыслуханай. Тым больш, што сам Збаўца, Езус Хрыстус, заахвочвае нас да трывалай малітвы, каб мы ў цярплівасці маглі прыносіць багаты духоўны плён.

Вялікае абяцанне ласкі шчаслівай і спакойнай смерці Езус звязвае з малітвай Вяночкам да Божай Міласэрнасці, калі яго будуць з даверам чытаць каля паміраючага.

Таксама вельмі важным учынкам праяўлення вялікай любові да душаў, церпячых ў чыстцы, з’яўляецца ахвяраванне святой Імшы. Эўхарыстыя – гэта найкаштоўнейшы скарб, які нам пакінуў Езус Хрыстус на ўспамін сваёй мукі, смерці і хвалебнага Уваскрасення. Гэта менавіта той найдаражэйшы скарб, якім мы можам штодзённа карыстацца, каб прынесці палёгку душам сваіх родных, якія чакаюць уваскрашэння. Больш за тое, неабходна заўсёды маліцца і памятаць пра тыя душы, за якія ніхто не моліцца, таму што ім найбольш патрэбная Божая міласэрнасць. Супольная малітва з верай і даверам Богу падчас эўхарыстычнай літургіі ў святыні адкрывае душам шлях да збаўлення.

Калі ж мы наведваем могілкі з мэтай добраўпарадкавання і з малітвай, душы нашых продкаў таксама атрымліваюць духоўную палёгку. Але, на жаль, да сённяшняга дня часам здараецца так, што некаторыя хрысціяне сваімі дзеяннямі дадаюць яшчэ больш цярпенняў чыстцовым душам, а менавіта праз тое, калі прыходзяць на могілкі і ставяць чарку гарэлкі, нібыта на ўспамін памерлай асобы. Гэты жудасны ўчынак не мае нічога супольнага з хрысціянскай традыцыяй памяці продкаў, тым больш гэта грэх, які неабходна са шчырым пакаяннем вызнаць у сакрамэнце пакаяння, просячы прабачэння ў Бога і ў душаў, якім прыносім дадатковы цяжар. Трэба задумацца і зразумець, што душам, якія адыйшлі да вечнага жыцця, патрэбны не гарэлка і ежа, якую прыносяць на магілы родныя і блізкія, – ім неабходна Божае святло. Таму ў знак памяці сваіх продкаў на могілках варта запальваць свечкі, як святло Уваскрослага Хрыста. 

Святло памяці продкаў –
Нязгаснае святло надзеі.
Калі цалкам давяраеш Богу,
Пахаванне – не сумная падзея,

Бо душа жыве вечна,
Яна не памірае...
Толькі ўсё часовае, зямное,
Вельмі-вельмі хутка прамінае…


Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.