Калі Бог аздараўляе ампутацыю: незвычайны цуд у іспанскім мястэчку Каланда |
Усяго патроху |
03.01.2017 11:53 |
На адным атэістычным сайце прадстаўлены правакацыйны аргумент адносна
існавання Бога: «Why Won’t God Heal Amputees?» (чаму ж Бог не вылечыць
ампутацыю?). Гэты аргумент дастаткова просты: хрысціяне вераць, што Бог часам аздараўляе людзей цудоўным чынам у адказ на малітву. Але хваробы, якія знікалі, — рак, вірусы, інфекцыі ці штосьці іншае — схаваныя ад вачэй. Такім чынам, складана сцвярджаць, што адбыўся сапраўдны цуд. А вось, напрыклад, цудоўнае з’яўленне ампутаванай канечнасці — вось гэта было б відавочным цудам. Так аргумент атэіста вядзе да таго, што Бог нікога не аздараўляе, і такім чынам — не існуе. Але справа выглядае інакш: існуюць надзейныя, добра задакументаваныя прыклады, як Бог цудоўным чынам ацаліў ампутацыю. Вось адзін з іх.
Жахлівая аварыя Мігель Хуан Пелісэр нарадзіўся ў пачатку ХVII стагоддзя ў каталіцкай сям’і ў невялікай фермерскай супольнасці ў мясцовасці Каланда, што ў Іспаніі. У 1637 годзе, калі яму было 20 гадоў, ён працаваў на ферме свайго дзядзькі, калі адбылося страшнае здарэнне: Мігель Хуан ехаў вярхом на муле, які цягнуў воз, раптам зваліўся, і воз наехаў яму на правую нагу, зламаўшы галёначную костку. На пачатку ён атрымаў лячэнне ў мясцовай бальніцы, але пасля зразумеў, што мусіць звярнуцца ў спецыялізаваную клініку ў Сарагосе, названую ў гонар Маці Божай дэль Пілар (Маці Божай на калоне). Ён, як і многія католікі ў Іспаніі, меў вялікую пашану да Дзевы Марыі і спадзяваўся атрымаць пэўныя ласкі праз Яе заступніцтва. На жаль, пакуль ён дабіраўся, нагу настолькі ахапіла гангрэна, што яна стала чорнаю. Адзіным магчымым варыянтам была ампутацыя. Два хірургі адцялі яму большую частку галёнкі правай нагі, крыху ніжэй калена. Для дэзінфекцыі прыпякалі рану агнём. Уявіце сабе: сярэдзіна ХVII стагоддзя, не існавала ніякай анестэзіі. Урачы давалі яму алкаголь і наркатычныя сродкі, каб хоць крыху заглушыць боль, але, тым не менш, Пелісэр зведваў нясцерпны боль. Адзін сведка пазней пісаў: «У сваіх муках малады чалавек заклікаў Дзеву Марыю дэль Пілар, няспынна і з вялікім запалам». Потым, як гэта было прынята, ужо ампутаваную нагу закапалі на могілках каля бальніцы. Праз некалькі месяцаў хлопец выйшаў з бальніцы з драўлянаю нагою і ў суправаджэнні міліцыі. Верагодна, тады ён атрымаў нейкую ліцэнзію на жабраванне (так, гэтая практыка была агульнапрынятаю) каля санктуарыя Мадонны дэль Пілар. Жабрацтвам ён мог зарабіць сабе на жыццё, а да таго ж гэтае месца было вядомым цэтрам пілігрымак, таму яго бачылі тысячы, калі не мільёны людзей. Яго надалей рэгулярна абследаваў урач. Непарушная вера Аднак Пелісэр не страчваў надзею, што Бог усё ж можа вылечыць яго нагу. Надзея, насуперак надзеі! Ён штоноч здзяйсняе сапраўдны акт веры: бярэ крыху алею, асвячонага ў санктуарыі, уцірае яго ў абрубак і моліцца праз заступніцтва Божай Маці.
Прыкладна праз два гады, з даволі стабільным станам здароўя, ён, нарэшце, вырашыў вярнуцца дадому. Ён прыбыў у другі тыдзень Вялікага посту (каля 11–14 сакавіка) 1640 года. Няздатны дапамагаць у фальфарку, ён ізноў ідзе жабраваць, ізноў шматлікія людзі з навакольных месцаў бачылі яго абрэзаную нагу. А крыху пазней, праз два тыдні, 29 сакавіка, стаўся цуд. Гэта адбылося каля дзясятай гадзіны вечара, калі Пелісэр ужо клаўся спаць. Салдат, які начаваў у доме яго бацькоў, паслаў сабе ў ложку Пелісэра, таму хлопец перайшоў у пакой бацькоў на іншы ложак. Прыкладна праз гадзіну яго маці ўвайшла і ўбачыла дзве нагі, якія выглядвалі з-пад коўдры. Думаючы, што салдат лёг спаць не ў той пакой, яна паклікала мужа, каб той выправіў непаразуменне. І калі муж прыйшоў і падняў коўдру, то быў моцна здзіўлены тым, што ўбачыў: гэта быў іх сын, і ў яго было дзве нагі! Яны адразу ж пачалі будзіць сына, але гэта ніяк не ўдавалася, бо ян прабываў у глыбокім сне. Калі ўрэшце яны разбудзілі сына, той распавёў, што бачыў яркі сон, у якім ён знаходзіўся ў санктуарыі Мадонны дэль Пілар і, як звычайна, націраў абрубленую нагу алеем. Яны ўзрадаваліся, праслаўлялі Бога і дзякавалі Багародзіцы дэль Пілар за заступніцтва! Расследаванне Касцёла Звестка пра цуд разыходзілася з хуткасцю ляснога пажару. Да дому Пелісэра прыйшлі прадстаўнікі ўраду і Касцёла, каб на свае вочы ўбачыць аздароўленую нагу. Праз тры тыдні Пелісэр і яго бацькі здзейснілі пілігрымку падзякі ў санктуарый Маці Божай дэль Пілар. Шматлікія людзі, якія ведалі хлопца як аднаногага калеку, былі неверагодна здзіўлены, калі ўбачылі яго на абедзвюх нагах. Гісторыя стала такой сенсацыяй, што мясцовы біскуп правёў вялікае расследаванне цуду. Калі на шпітальных могілках адкапалі скрыню, у якой была закапана ампутаваная нага, яна не была пашкоджана ці зламана, але — пустая. Што датычыць сведчанняў відавочцаў, то было тысячы людзей, якія да цудоўнага аздараўлення выразна бачылі яго абрубленую нагу. Таму следчы звярнуўся да двух тузінаў (ці лепш 24) самых шанаваных сведкаў, каб тыя далі сведчанні падчас судовага следства, у тым ліку ўрачоў, якія лячылі Пелісэра. Не знайшлося тых, хто б сумняваўся ў тым, што гэта цуд. Праз год арцыбіскуп вынес рашэнне: цуд быў сапраўдным. Пераклад Валянціны Грамыка паводле CREDO |