Меркаванне. Чаму ў лагатып 750-годдзя Магілёва не ўвайшла выява каталіцкага касцёла? |
Усяго патроху |
23.02.2017 11:21 |
(меркаванне аўтара адлюстроўвае яго асабістую думку і можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі) Днямі быў прадстаўлены афіцыйны лагатып да 750-годдзя Магілёва. Адзначаецца, што лагатып стане эмблемай, якую змесцяць на рэкламнай прадукцыі, білбордах, расцяжках, на бэйджах работнікаў сферы паслуг і г.д. Фінальны варыянт лагатыпа ў выглядзе беларускага арнамента прадстаўляе будынкі Магілёва, у цэнтры якіх — гарадская ратуша. У цэнтры эмблемы змешчана гарадская ратуша. Злева — Свята-Ніколькі сабор і мемарыяльны комплекс Буйнічскае поле. Справа — былы будынак пазямельна-сялянскага банка ў стылі мадэрн і ...будынак звычайнага шматпавярховага дома. Апісваючы гэты дом, БЕЛТА тлумачыць яго як «сімвал сучаснасці і паўнаты жыцця». Але хіба звычайны шматпавярховік можа адлюстроўваць паўнату жыцця беларуса? Ці не было б больш разумна змясціць на лагатыпе выявы двух сакральных будынкаў Магілёўшчыны — праваслаўнага сабора і каталіцкага касцёла — як сімвал мірнага суіснавання на беларускай зямлі (і ў Магілёве ў прыватнасці) дзвюх хрысціянскіх канфесій? Ці не рэлігійнай талерантнасцю славіцца беларуская зямля ў параўнанні з іншымі краінамі? Адна з магчымых варыяцый лагатыпа з улікам канфесійнага балансу Чаму пра католікаў у чарговы раз «забыліся»? Ці Магілёў і магілёўскі рэгіён ніколі не мелі сувязі з каталіцтвам? Зусім не так. Варта ўзгадаць хаця б той час, калі менавіта Магілёў доўгі час быў сталіцай самай вялікай у свеце каталіцкай Мітраполіі, якая ўключала ў сябе усё каталіцкае насельніцтва Расійскай Імперыі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх земляў да Расійскай імперыі менавіта ў гэтым горадзе знаходзілася катэдра буйнейшай у імперыі дыяцэзіі. Магілёў у канцы XVII-XIX стагоддзяў з’яўляўся адным з цэнтраў каталіцтва ў Расійскай Імперыі. Разам з тым і касцёл, і сабор маюць і сваю культурную каштоўнасць. Свята-Ніколькі сабор, які знаходзіцца на тэрыторыі праваслаўнага жаночага манастыра, уключаны ЮНЕСКА у рэестр найбольш каштоўных пабудоў Еўропы ў стылі барока. Інтэр’ер катэдральнага касцёла ўпрыгожвае адзін з найбольш разгорнутых фрэскавых біблейскіх цыклаў у Беларусі — унікальны помнік манументальнага мастацтва. Які з сакральных будынкаў пабудавалі раней?
У гэтай сітуацыі куды больш лагічнымі выглядаюць лагатыпы, прадстаўленыя на конкурс з нагоды святкавання 920-годдзя Пінска. На адным з лагатыпаў адмыслова змешчаныя абрысы як каталіцкага касцёла, так і праваслаўнага сабора. Прыгожа і талерантна. Выдатны прыклад іншым гарадам.
|