Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянская сімволіка беларускіх гарадоў. Шарашова
Усяго патроху
28.02.2017 09:24

Герб з выявай святога? Якой жа была гісторыя горада? У новай рубрыцы Catholic.by знаёміць з хрысціянскай сімволікай беларускіх гарадоў. Праект рыхтуецца сумесна з сайтам geraldika.by.

З гісторыі горада

Шарашова — гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці.

Апошні кароль Польскі і вялікі князь Літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў першай палове 1792 г. надаў гербы цэламу шэрагу беларускіх гарадоў. Паводле сваіх геральдычных сюжэтаў яны не адрозніваліся ад тых, якія атрымлівалі ад яго папярэднікаў іншыя гарады. Некаторыя ж з іх мелі рэлігійнае напаўненне.

У Дзяржаўны геральдычны рэестр Беларусі ўнесены гербы Радашковіч з выявай св. Стэфана, Шарашова — з арханёлам Габрыэлем, Барысава — з апосталам Пятром.

Святы Габрыэль — апякун цяжарных жанчын, анёл міласэрнасці.

У цэнтры герба Шарашова — святы Габрыэль, адзін з сямі арханёлаў. Імя святога паходзіць са старажытнаяўрэйскай мовы і азначае «муж Божы», «Бог ёсць моц». У Евангеллі гаворыцца пра тое, што Габрыэль быў галоўным пасланнікам Бога-Айца, вартаўніком нябеснай Святыні ад зла. Святы Габрыэль растлумачыў сон прарока Даніэля, які прадказаў Захарыі нараджэнне Яна Хрысціцеля, а Панне Марыі — нараджэнне Збаўцы.

Святы Габрыэль — папулярная постаць у хрысціянскім мастацтве. Часцей за ўсё ён прысутнічаў у сцэне Звеставання Пана — у постаці прыгожага маладога чалавека са стракатымі крыламі, апранутага ў далматын або мантэлу.

Як правіла, ён трымаў у руках лілею, скіпетр, аліўкавую галінку або скрутак з надпісам  «Ave Maria, Gratia Plena» («Вітай Марыя, поўная ласкі»). Такім ён паказаны і ў гербе з прывілея 1792 г.

У рэканструкцыі сучаснага мастака ў руцэ святога Габрыэля пакінута толькі белая лілея. Гэта кветка з’яўляецца сімвалам надзеі і беззаганнага жыцця.

Герб Шарашова адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.

Да ўвагі чытачоў: свае водгукі і пажаданні, а таксама просьбы расказаць пра той ці іншы беларускі герб з хрысціянскай сімволікай накіроўвайце на Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript (тэма ліста — геральдыка)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.