Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10 самых цікавых падзей з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень
Беларусь
19.10.2015 03:17

Кармэліцкая парафія ў Мінску адсвяткавала 500-годдзе св. Тэрэзы ад Езуса, арцыбіскуп Кандрусевіч перадаў Пантыфіку беларускі пераклад яго энцыклікі, гродзенскія медыкі абараняюць жыццё і іншыя падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі за мінулы тыдзень.

 

«Варта адгукацца на бяду і заўважаць адзіноту дзяцей»: сястра эўхарыстка Наталля Арлянковіч SJE пра працу з дзецьмі ў дзіцячых дамах



Адзін з найбольш чытаных матэрыялаў мінулага тыдня на Сatholic.by – інтэрв’ю з настаяцельніцай кляштара сясцёр эўхарыстак у Друі с. Наталляй Арлянковіч SJE (арыгінал у часопісе Ave Maria).

У гутарцы з журналісткай Ірынай Жарнасек манахіня дзеліцца думкамі аб працы сясцёр эўхарыстак з дзецьмі з дзіцячага дому, а таксама аналізуе прычыны дзіцячай апатыі і тое, як можна вярнуць такім дзецям веру ў сябе.

«Увогуле я лічу, што нашай задачай з’яўляецца не проста ахрысціць дзіця, давесці яго да Першай святой Камуніі, але найперш пастарацца даць яму тую любоў, якой яму так не стае. Многія дзеці пазбаўлены яе ад нараджэння. Адсюль — іх дэпрэсіўны стан, які часта выліваецца ў агрэсію», -- кажа сястра Наталля.



Папа Францішак усцешаны аператыўнасцю перакладаў на беларускую мову дакументаў Касцёла
Пра гэта распавёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў у Ватыкане і днямі прадставіў Пантыфіку беларускае выданне энцыклікі Святога Айца «Laudato Si’».


Акрамя таго беларускі іерарх перадаў Папу Францішку лiст Вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх Інстытутаў і Таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. У лісце выказаны словы еднасці з Апостальскім Пасадам і надзея на візіт Папы ў Беларусь.


Мітрапаліт Кандрусевіч пра дыскусіі на Сінодзе Біскупаў: «Пытанне аб непарушнасці сужэнства становіцца адным з найбольш гарачых»
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прымае ўдзел у працы Сіноду Біскупаў, які з 4 па 25 кастрычніка праходзіць у Ватыкане, распавёў пра апошнія навіны Сіноду.

«На Сiнодзе пачалi праяўляцца палярныя погляды, асаблiва адносна праблемы напарушнасцi сужэнства i святой Камунii для тых, хто развёўся і ўступіў у новы грамадзянскі шлюб, -- адзначыў у каментарыі Сatholic.by іерарх. -- Удзельнiкi Сiнода падкрэслiвалi, што каб падрыхтаваць настольную кнiгу для сучаснай сям'i, неабходна глядзець на яе праз прызму вучэння Езуса».



Гродзенскія медыкі сабралі грошы на выклейку тралейбуса з заклікамі ў абарону жыцця
«Урачы Гродна — за жыццё»: пад такой назвай 14 кастрычніка ў Гродне распачалася акцыя ў падтрымку зачатага жыцця. Якраз з такім тэкстам сацыяльнай рэкламы па гарадскіх вуліцах будзе ездзіць тралейбус, які асвяцілі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла.

Ініцыятарам акцыі стаў кс. Мікалай Ціхановіч, які пэўны час быў душпастырам службы аховы здароўя ў горадзе над Нёманам.

Мэта акцыі -- паказаць не толькі пазітыўнасць мацярынства, але і прыцягнуць увагу цяжарных жанчын, стрымліваючы іх ад аборту. Сярод заклікаў, якія размешчаны на тралейбусе: «Дзякуй, матуля за жыццё!», «Беражы мяне, мама!», «Я буду радаваць цябе», «Я буду цябе здзіўляць».



Сродкі на выклейку тралейбуса гродзенскія медыкі сабралі самі. Тралейбус для акцыі быў бясплатна прадастаўлены мясцовымі транспартнікамі.


Беларускія католікі ў пілігрымцы па Нарачанскім краі маліліся ў інтэнцыі сем’яў
За сем’і і адначасова тэму сёлетняга Сіноду Біскупаў, якая таксама прысвечана стану сучасных сем’яў, маліліся беларускія вернікі з каталіцкіх парафій у Маладзечне, Палачанах і Беразінскім падчас пілігрымкі па Нарачанскім краі, якую яны здзейснілі 10 кастрычніка.

У малітоўным падарожжы прыняло ўдзел 106 чалавек. Пілігрымка ўключала ў сябе наведванне касцёлаў у Мядзелі, Паставах, Камаях, Свіры і Вішневе.


Катэдральны касцёл у Магілёве атрымаў новага пробашча
Новым адміністратарам з правамі пробашча ў магілёўскай катэдральнай парафіі і дэканам Магілёўскага дэканату прызначаны кс. Віталій Драздоўскі, былы вікарый архікатэдральнай парафіі ў Мінску.

Папярэдні адміністратар з правамі пробашча ў Магілёве – кс. Юрый Быкаў – прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Святой Тройцы ў Радашковічах.


 

Мінская кармэліцкая парафія завяршыла ўрачыстасці да 500-годдзя з дня нараджэння святой Тэрэзы ад Езуса
15 кастрычніка ва ўспамін св. Тэрэзы ад Езуса ў мінскай парафіі Божага Цела адбылася ўрачыстасць з нагоды заканчэння святкавання 500-годдзя cвятой.

Гэты дзень асабліва ўрачысты для ўсіх кармэліцкіх супольнасцяў, бо св. Тэрэза з'яўляецца рэфарматаркай Кармэлю.



Сёння ў Беларусі пры мінскай кармэліцкай парафіі дзейнічае і супольнасць ІІІ Кармэліцкага Ордэна, створаная некалькі гадоў таму, якая налічвае 20 чалавек.


Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB ушанаваў палеглых у бітве 1943-га пад Леніно
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 72-ой гадавіне бітвы пад Ленінo, прайшлі 12 кастрычніка ў Горацкім раёне.

Паводле гістарычных звестак у 1943 годзе каля пасёлка Леніно ў першы бой з гітлераўскімі захопнікамі ўступіла Першая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі, сфарміраваная на тэрыторыі СССР з польскіх патрыётаў.



У брацкіх магілах пад Леніно спачываюць 1711 савецкіх і 502 польскіх воінаў.


Тры навіны з манаскіх супольнасцяў: дыяканскае пасвячэнне і вечныя манаскія абяцанні
У Гудагаі вечныя манаскія абяцанні склала с. Марыя Вераніка ад Божай Міласэрнасці з Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак ад Дзіцятка Езуса, у Жодзіне ў супольнасці марыянаў вечныя манаскія абяцанні склаў брат Павел Федаровіч МІС, а беларускі палатынец Павел Яштэль SAC у польскім Алтажаве атрымаў дыяканскае пасвячэнне.



Віншуем кансэкраваных асоб і жадаем ім Божай моцы на абраным жыццёвым шляху!


У Беларусі будуць захоўвацца рэліквіі бл. Цэліны Бажэнцкай, ураджэнкі Беларусі і заснавальніцы Супольнасці Сясцёр Змёртвыхпаўстанак
У Малую Бераставіцу прыбылі рэліквіі бл. Цэліны Бажэнцкай, якая разам са сваёй малодшай дачкой заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Змёртвыхпаўстанак. У 1891 годзе Папа Леў XIII зацвердзіў канстытуцыю новай жаночай кангрэгацыі.



Благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая нарадзілася пад Оршай на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Пэўны час жыла ў Абрамшчызне (сёння гэта в. Заневічы ў Гродзенскай вобласці), адкуль паходзіў яе муж Юзаф. Нарадзіла 4 дзяцей (двое памерлі ў дзяцінстве). Пасля смерці мужа пераехала разам з дочкамі ў Рым, дзе ў далейшым разам з малодшай дачкой заснавала новую манаскую супольнасць.

Рэліквіі бл. Цэліны будуць захоўвацца ў Малой Бераставіцы ў парафіі св. Антонія з Падуі.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.