Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10 самых яркіх падзей з жыцця Касцёла ў Беларусі за мінулы тыдзень
Беларусь
06.12.2015 21:33

Тэматычныя «Андрэйкі» ў каталіцкіх парафіях, пераклад папскай булы «Misericordiae Vultus», беларуская версія відэакліпа да СДМ у Кракаве, развітальнае інтэрв’ю арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці і іншыя падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень.



Год таму адышоў у вечнасць пробашч рубяжэвіцкай парафіі кс. Рышард Юнік
Яго зямны шлях скончыўся на 76-м годзе жыцця. На працягу апошніх 35 гадоў святар служыў у парафіі Св. Юзафа ў Рубяжэвічах. З гэтым месцам кс. Рышард Юнік быў звязаны задоўга да таго, як прыбыў сюды ў якасці пробашча. 14 гадоў да прэзбітэрскага пасвячэння будучы святар працаваў тут арганістам.



«Гэта быў святар вялікай памяці, а таму і ўважлівы — да ўсіх і ўсяго, — прыгадвае ксяндза Рышарда былы вікарый парафіі кс. Юзаф Сярпейка. — (...) Гэта быў святар малітвы і літургіі. Глыбокай, пабожнай, прыгожай. Нават тады, калі сам не мог яе цэлебраваць».

«Паміраць для Пана Бога — гэта даць з сябе апошні дар, з уласнай любові. Таму паміраю… азначае люблю… азначае жыву вечна. Усведамленне, што памалу адыходжу з гэтага свету, — гэта для мяне радасць нават у такім веку», — казаў перад смерцю святар.



Була Папы Францішка «Misericordiae Vultus» перакладзена на беларускую мову
Була Святога Айца аб распачацці ў Каталіцкім Касцёле Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці распавядае пра ўмовы яго правядзення і духоўныя плёны.

Дакумент на беларускай мове змешчаны на Catholic.by у раздзеле Юбілейны Год Міласэрнасці. Пераклад здзейсніла Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.



Лічбу ў пяць тысяч беларускіх католікаў на Сусветным дні моладзі ў Кракаве называюць адказныя за падрыхтоўку Дня моладзі ад Беларусі

Пяць тысяч. Такая лічба была агучана на чарговай каардынацыйнай сустрэчы адказных (на фота ўнізе) пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за падрыхтоўку да Сусветнага дня моладзі (СДМ) у Кракаве-2016.

Як адзначыў каардынатар СДМ у Кракаве ад Беларусі кс. Антоні Грэмза, адказнымі за рэгістрацыю моладзі для паездкі ў Кракаў на СДМ стануць душпастыры ў парафіях. «Чакаецца, што з Беларусі ў СДМ прымуць удзел пяць тысяч чалавек. Гэта лічба, аднак, можа змяняцца».

 

Адвэнтавы каляндар для дзяцей: вопыт сям’і Гудзіліных з Жодзіна

«Лiчу, што казаць пра Бога дзецям трэба ад нараджэння», — лічыць Марыя Колесава-Гудзіліна, маладая маці дваіх дзяцей. Жанчына ўжо другі год сама прыдумляе заданні і канцэпцыю адвэнтавага календара для сваіх дзяцей.



«У маім дзяцінстве такога календара не было, затое зараз мая мама ахвотна дапамагала рабіць такі каляндар для ўнучак, — адзначае Марыя.

Адвэнтавы каляндар сям’і Гудзіліных — гэта драўляная паліца з падзеленымі на 24 часткі ячэйкамі. У кожнай з іх — самаробныя скрынкі з заданнямі, якія маладая мама аформіла на каляровай паперы: зрабіць падарунак сваімі рукамі, ахвяраваць штосьці са сваіх цацак, схадзіць у лялечны тэатр і г.д.


Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці даў развітальнае інтэрв’ю Catholic.by
З нагоды завяршэння дыпламатычнай місіі ў Беларусі іерарх расказаў пра сваю працу ў нашай краіне, адзначыў асаблівасць беларускіх католікаў і падзяліўся сваімі чаканнямі ад працы ва Украіне.



Поўны тэкст інтэрв’ю тут››

«Жадаю беларускай моладзі марыць у поўную моц і не баяцца рызыкаваць, спрабаваць рабіць тое, што можа не атрымлівацца. Калі не спрабаваць, тады нічога не зменіцца», — адзначыў у гутарцы арцыпастыр.


Разбураны каталіцкі касцёл у Гомелі адноўлены ў 3D
Гомельскія энтузіясты паказалі, як будзе выглядаць галоўная плошча горада, калі на ёй аднавіць касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, разбураны бальшавікамі ў 1940 годзе.

Ідэю стварэння фільма пра выгляд гістарычнага цэнтра горада рэалізавала група гомельскіх краязнаўцаў-валанцёраў. У межах прэзентацыі праекта «Пошукі старога Гомеля» былі адноўлены ў 3D будынкі, якія раней знаходзіліся на галоўнай плошчы горада. Акрамя касцёла ў іх ліку — пажарнае дэпо з каланчой, якое знеслі ў 1960-х гадах.

 

Каталіцкая моладзь Беларусі прэзентавала кліп на беларускую версію гімна да Сусветнага дня моладзі

Відэакліп гімна Сусветнага дня моладзі «Будуць шчаслівыя міласэрныя», які рыхтавала беларуская хрысціянская моладзь, ужо можна паглядзець на youtube.

У запісе відэароліка прымала ўдзел моладзь з розных парафій Беларусі, якая плануе наведаць СДМ у Кракаве ў 2016 годзе.


 

Марыянін Павел Федаровіч MIC атрымаў дыяканскае пасвячэнне

Урачыстасць адбылася ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Упершыню за час свайго біскупства дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB удзяляў дыяканскае пасвячэнне.

Звяртаючыся да семінарыста Паўла Федаровіча MIC, біскуп дадаў, што пра тое, «якім чынам, з якім духам і наколькі рупліва» ён будзе выконваць місію дыякана, некалі зможа сказаць толькі ён сам.

«Галоўнае — не бойся! — заклікаў біскуп новага дыякана. — Таму што сваё служэнне ты выконваеш у Касцёле, які заўсёды быў пакліканы да служэння і любові. Служыць азначае аддаваць сябе братам і сёстрам у Хрысце. Аддаваць сябе з Яго пачуццямі, адданасцю і любоўю, пра якія нам сведчыць сённяшняе Евангелле».

 

«Кожны талент ад Бога»: сустрэча памяці Уладзіміра Караткевіча прайшла пры віцебскай катэдры

Сустрэча прайшла ў культурна-рэлігійным цэнтры віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага з удзелам прадстаўнікоў культурных устаноў і творчых суполак горада.

Мерапрыемства арганізавалі ў межах святкавання 85-й гадавіны з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

У межах культурнай праграмы са спевам пад уласны акампанемент выступіў і ардынарый дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Іерарх прызнаўся ў асаблівай прыхільнасці да твора Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» і зазначыў, што сустрэчы такога кшталту спрыяюць духоўнаму ўзрастанню вернікаў, развіццю і ўдасканаленню іх эстэтычнага густу.

 

Крэатыў у парафіі: каталіцкая моладзь і іх тэматычныя «Андрэйкі»

Марская тэматыка на «Андрэйках» Душпастырства моладзі «Open» у Гродне, «Вяселле ў Малінаўцы» ад салезіянскай моладзі Мінска, піярскае свята «Patrocinium» у Шчучыне, канцэрт у Глыбокім...

Ідэі незвычайных «Андрэек» існавалі ў каталіцкіх парафіях і раней, але з кожным годам іх разнастайныя варыяцыі толькі павялічваюцца. Не стаў выключэннем і гэты год.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.