Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Распачынаецца Тыдзень малітваў аб пакліканнях
Каляндар
21.04.2013 06:37

Традыцыйна IV Велікодная нядзеля адзначаецца ў Касцёле як нядзеля Добрага Пастыра. Гэтым днём распачынаецца Тыдзень малітваў аб пакліканнях да служэння ў Касцёле, каб ва ўсім свеце не адчувалася недахопу ў паліканнях да святарства, кансэкраванага жыцця і місіянерства.

У гэтую нядзелю Касцёл імкнецца дапамагчы людзям зразумець, што святароў не «выпускае» нейкая фабрыка ці фірма, але яны «нараджаюцца» з чалавечай малітвы і ласкі Бога. У свеце існуе яшчэ вельмі шмат сэрцаў, якія чакаюць Евангелля.

Голас Хрыста, Добрага Пастыра, надалей чуецца ў Касцёле, найперш праз служэнне Святога Айца Францішка, біскупаў і святароў. Місія Добрага Пастыра працягваецца ў Касцёле, бо наш адзіны Найвышэйшы Святар, Езус Хрыстус, ужо больш не памірае — смерць не мае над Ім улады… (пар. Рым 6, 9). Аднак да супрацоўніцтва з Ім у спаўненні гэтай місіі Езус запрашае людзей, якіх кліча па імені, як апосталаў: «Ідзіце за Мной, і зраблю так, што будзеце рыбакамі людзей» (пар. Мк 1, 17).

У розны час, рознымі шляхамі і розным чынам Бог кліча да служэння ў сваім Касцёле. Ёсць пакліканыя да святарства так, як св. Ян, наймалодшы з апосталаў. Думка аб святарстве на працягу доўгага часу суправаджала іх з самых маладых гадоў, яны «заўсёды» хацелі быць святарамі. Іншыя пакліканы да святарства так, як Сымон Пётр: ужо ў дарослым жыцці яны многае перажылі, дасведчылі, аднак у нейкі момант адкрылі, што ў іх сэрцы ёсць прастора, якую не ў стане запоўніць чалавечыя справы. І, як апосталы, такія людзі згаджаюцца пакінуць нават поўныя рыбы сеткі, звыклае свецкае жыццё, вучобу або прэстыжную працу, якая прыносіла вялікі даход, і ісці за голасам паклікання.

Урэшце, ёсць пакліканыя і так, як св. Павел, які спачатку быў ворагам Касцёла. У той момант, калі ён менш за ўсё гэтага чакаў, знаходзячыся ў дарозе ў Дамаск, каб забіваць там хрысціян, — Пан раптам паклікаў яго да служэння. З гэтага часу з самага вялікага праследавальніка ён ператвараецца ў руплівага апостала, які сее Божае слова ў глебе чалавечых сэрцаў. Грозны Саўл становіцца добрым Паўлам. Нярэдка тыя, якія шмат гадоў марнавалі сваё жыццё, чуюць голас, які запрашае даверыцца і прысвяціць сябе Богу.

Усім тым, хто на нейкім этапе свайго жыцця адкрывае, што носіць у сэрцы гэты дзіўны голас Бога, у нядзелю Добрага Пастыра Касцёл кажа: вас патрабуе Езус! Патрабуе для таго, каб вы сталі працягам Яго рук, паўтаралі ў свеце Яго словы, любілі ўсіх людзей Яго любоўю.

Папа Бэнэдыкт XVI у пасланні на 50-ы Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях пісаў: «Пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця нараджаюцца з досведу асабістага спаткання з Хрыстом, за шчырага і даверлівага дыялога з Ім, каб выконваць Яго волю. Неабходна таксама ўзрастанне ў гэтым досведзе веры, якая разумеецца як глыбокія адносіны з Езусам, унутранае ўслухоўванне ў Яго голас, які ў нас гучыць. Гэты працэс, які робіць чалавека здольным да прыняцця Божага паклікання, можа здзяйсняцца ў хрысціянскіх супольнасцях, якія жывуць глыбокім кліматам веры, даюць выразнае сведчанне Евангелля, паказваюць місіянерскі намер, які вядзе да поўнага дару з сябе дзеля Божага Валадарства, умацоўваюцца сакрамэнтамі, асабліва Эўхарыстыяй, і глыбокай малітвай».

Пакліканні нараджаюцца з нашых парафіяльных супольнасцяў, малітоўных груп. І толькі там, дзе людзі будуць жыць «глыбокім кліматам веры», як пісаў Папа, калі яны пачнуць жыць як першыя хрысціяне, пра якіх казалі: «Глядзіце як яны любяць адзін аднаго», — будуць нараджацца новыя пакліканні да святарства, кансэкраванага жыцця і місіянерства.

Няхай жа ў гэты тыдзень мы будзем здольнымі агарнуць сваёй малітвай справу пакліканняў. Калі нам так патрэбны святыя святары — будзем маліцца аб іх! Мы павінны маліцца таксама аб адвазе для тых, якія баяцца адказаць «так» на запрашэнне Хрыста. За тых, якія ў нашых духоўных семінарыях у Гродне і Пінску рыхтуюцца да таго, каб прыняць рашэнне аб шляху святарства. Мы павінны весці духоўную барацьбу таксама за ўсіх нашых святароў — незалежна ад таго, прайшоў ад моманту іх пасвячэння год або 50 гадоў.

Няхай Бог адновіць у іх ласку прыгожага наследавання Езуса, Добрага Пастыра!

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме