Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Жывыя стацыі»: у Міхалішках прайшоў незвычайны Крыжовы шлях
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.03.2013 16:54

У веры няма геаграфічных межаў. Як няма ні ўскраінаў, ні цэнтраў. «Дзе двое ці трое збяруцца ў імя Маё, там Я сярод іх», і значыць, цэнтр там, дзе гучыць малітва.

Каталіцкае жыццё парафіі Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках, што на Астравеччыне, асабліва актывізавалася з прыходам у парафію пробашча ксяндза Анатолія Захарэўскага. Ладзяцца канцэрты розных каталіцкіх груп, шмат робіцца ў галіне духоўнай і матэрыяльнай апекі сацыяльнага прытулку для састарэлых людзей.

21 сакавіка ў міхалішскім касцёле стаў днём споведзі — каб паспавядаць парафіянаў у Міхалішкі прыехалі святары з Астраўца, Быстрыцы, Кямелішак і Варнян. Яшчэ адной адметнай падзеяй гэтага дня стаў незвычайны Крыжовы шлях, стацыі якога на гэты раз былі жывымі.

Па запрашэнні пробашча ў госці да міхалішскіх вернікаў завітала моладзь з гальшанскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля на чале з катэхеткай Ганнай Буйніцкай. Менавіта яна напісала сцэнарый і разам з гальшанскай моладдзю паставіла своеасаблівы спектакль пакутаў Пана Езуса.

Усё па стацыях: збянтэжаны Пілат, які не знаходзіць віны Назараніна, і бязлітасны натоўп, які выкрыкваў: «На крыж Яго!»; Маці Божая, якая падае на калені перад пакутамі Сына, і Вераніка з яе жаданнем хоць неяк палегчыць цярпенне Настаўніка; ерузалемскія жанчыны, Сымон Кірынеец, жаўнеры…

Цікавае рашэнне апрануць «жаўнераў» у касцюмы будаўнікоў надало відовішчу не проста сучаснасць — паглыбіла сэнс пастаноўкі, крыху змясціла прывычныя акцэнты. Яны не проста салдаты, а, як і кожны з нас, будаўнікі — жыцця, краіны, веры, чалавечых адносінаў… Выбудаваныя імі ганьба і пакуты Сына Божага застануцца сярод людзей навечна. Каб помнілі. Каб пазбеглі долі самім стаць катамі.

Хрыстус… Светлы, спакутаваны. У самым пачатку Ён укленчыў ля алтара, і касцёл анямеў — нібы сапраўды ўкленчыў Божы Сын.

Дзейства закруцілася. Плёткі ганіцеляў рассеклі паветра, і цярновы вянок сціснуў галаву.

Першай у касцёле заплакала Багдана, маленькая дзяўчынка з красамоўным імем, якой стала шкада беднага чалавека. Пад канец Крыжовага шляху многія ў касцёле былі са слязьмі на вачах. Напэўна, не толькі ад узрушанасці, якую выклікала дзейства, але і ад усведамлення ўласнай грэшнасці. Ад амаль фізічнага адчування таго болю, якім разрываюць далоні Збавіцеля цвікі нашых грахоў.

Шмат Крыжовых шляхоў давялося перажыць, але гэты ў Міхалішках па ўздзеянні, напэўна, быў асаблівым — закрануў такія глыбіні, на якія большасць з нас і не спадзявалася…

Ганна Чакур

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.