Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне распачаўся Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс (дапоўнена) |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
24.05.2016 18:35 |
![]() Урачыстым спевам духоўнага гімну беларусаў «Магутны Божа» ў духоўнай
семінарыі ў Гродне 24 мая распачаўся Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс.
Рэлігійны форум у гонар Божай Міласэрнасці, прысвечаны 25-годдзю
заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Сярод ганаровых гасцей кангрэса – папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. У ліку слухачоў форуму, акрамя шматлікіх святароў, манахінь і вернікаў, прымаюць удзел усе біскупы Беларусі на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Эўхарыстыя – Маці Міласэрнасці ![]() Вітаючы прысутных падчас адкрыцця кангрэса, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што вельмі сімвалічным з’яўляецца тое, што юбілей 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі прыпадае на абвешчаны ў Каталіцкім Касцёле Год Божай Міласэрнасці. «Мы бачым вялікі дар Езуса Міласэрнага ў беларускага народа, які, нягледзячы на цяжкія часы, здолеў захаваць вернасць крыжу і Евангеллю. Будзем жа глядзець у будучыню з даверам да Божай Міласэрнасці, давяраючы наш Касцёл Хрысту», — заўважыў іерарх. ![]() Адкрываў кангрэс даклад дапаможнага біскупа Беластоцкай архідыяцэзіі Генрыха Цярэшкі на тэму ролі Эўхарыстыі ў жыцці і святарскім служэнні бл. Міхала Сапоцькі. Прадстаўляючы дакладчыка, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што Беластоцкая архідыяцэзія мае з Гродзенскай дыяцэзіяй «супольную маці» – Віленскую мітраполію, якая родніць іх між сабой праз агульную гісторыю. Жывучы Эўхарыстыяй: гісторыя бл. Міхала Сапоцькі ![]() У сваім дакладзе біскуп Генрых Цярэшка распавёў пра жыццё і дзейнасць благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, называючы яго «чалавекам веры, які жыў Эўхарыстыяй». «Як святар Міхал Сапоцька быў распарадчыкам Эўхарыстыі, як тэолаг паглыбляў і перадаваў навуку аб ёй, як чалавек веры жыў Эўхарыстыяй, — заўважыў польскі іерарх. — Эўхарыстыя ў жыцці благаслаўлёнага Міхала як хрысціяніна і святара праяўляецца як рэлігійная практыка і паслуга, якая належыць да жыцця веры Касцёла». Біскуп Генрых Цярэшка адзначыў, што сярод духоўных запісаў бл. Міхала можна знайсці каштоўнае сведчанне аб перажыванні таямніцы Эўхарыстыі. ![]() «Божая Міласэрнасць штодзённа нанова дае нам Эўхарыстыю, — пісаў у сваім дзённіку бл. Міхал Сапоцька. — Падчас святой Імшы Хрыстус адначасова ахвяруе Богу Айцу нашы праслаўленні, просьбы, кампенсацыі, падзякі, усе збаўчыя акты свайго Містычнага Цела». Кажучы пра ход беатыфікацыйнага працэсу Міхала Сапоцькі, іерарх распавёў, што ў паказаннях сведкаў на працэсе часта адзначаецца, што вера бл. Міхала і яго любоў да Бога найбольш праяўляліся ў спосабе цэлебрацыі святой Імшы. «Падчас Імшы ён быў такі засяроджаны, што здавалася, што сваім праніклівым позіркам любуецца Богам і размаўляе з Ім. (...) Падчас святой Імшы ён заўсёды быў вельмі глыбока пагружаны ў малітву», — прыгадвалі сведкі. ![]() Сёстры місіянеркі, для якіх бл. Міхал Сапоцька цэлебраваў святую Імшу ў капліцы ў Беластоку, успаміналі, што запомнілі яго засяроджанасць і сцішанасць перад святой Імшой: «У сакрыстыі перад Імшой ён не размаўляў, акрамя словаў хрысціянскага прывітання». ![]() Апостал Міласэрнасці Найбольш раннім апублікаваным тэкстам бл. Міхала, які датычыць Эўхарыстыі, лічыцца надрукаваная ў 1931 годзе ў «Архідыяцэзіяльных віленскіх навінах» канферэнцыя ў межах цыклу канферэнцый для святароў. У ёй благаслаўлёны Міхал пісаў аб Эўхарыстыі, яе разуменні, значэнні для жыцця веры з практычнымі ўказаннямі: «як яе належыць шанаваць, як карыстацца яе багаццем, якое разлівае любоў і міласэрнасць». «Як апостал Божай Міласэрнасці ён вучыў, што ў Эўхарыстыі ажыццяўляецца ў найвышэйшай ступені Божая Міласэрнасць. Эўхарыстыя, як кожная справа Бога, з’яўляецца выразам Яго Міласэрнасці, і асаблівым чынам у Найсвяцейшым Сакрамэнце Езус не толькі ўдзяляе свае ласкі, але і аддае самога сябе», — заключыў біскуп Генрых Цярэшка. Наступным пунктам кангрэса стала прэзентацыя беларускага перакладу «Дзённіка св. Фаўстыны» пісьменніцай і рэдактарам часопіса «Ave Maria» Крыстынай Лялько. ![]() ![]() Завяршыўся першы дзень рэлігійнага форуму святой Імшой, якую ў гродзенскай катэдры ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, і эўхарыстычнай адарацыяй. Езус і Эўхарыстыя У сваёй гаміліі іерарх звярнуўся да ўрыўка з Евангелля, які распавядае пра цуд памнажэння хлеба на пустыні. Пяццю боханамi хлеба Езус накармiў пяць тысяч мужчын, не лічачы жанчын i дзяцей. Гэта стала магчымым таму, што ў руках Езуса абмежаваная колькасць хлеба стала такой, што яго хапiла ўсiм», — адзначыў Мітрапаліт. Іерарх дадаў, што «Езус добра прачытаў iнтэнцыi людзей i выкарыстаў сітуацыю, каб падрыхтаваць іх да ўстанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыi». «Рашучым момантам вучэння Езуса пра Эўхарыстыю з'яўляюцца Яго словы, што хлебам ёсць Яго цела. Гэтыя словы Езуса габрэi зразумелі iнструментальна i таму іх не прынялі. Яны не былі ганiбаламi i не елi чалавечага мяса, i таму адышлі. Аднак Езус гаварыў пра Эўхарыстыю. У цудзе памнажэння хлеба Езус прадэманстраваў сваю міласэрнасць i не пакінуў галодных людзей адных з iх праблемамі. Таму цуд памнажэння хлеба з’яўляецца запаведдзю ўстанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыi», — патлумачыў арцыбіскуп. Як адзначыў арцыпастыр, кожны сакрамэнт з'яўляецца сустрэчай з Езусам. ![]() «Дзве тысячы гадоў святары цэлебруюць Эўхарыстыю i кормяць людзей хлебам вечнага жыцця. Цуд памнажэння хлеба працягваецца. Езус корміць усіх жадаючых, каб не былі духоўна галоднымі…», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У другой частцы гаміліі Мітрапаліт разважаў пра дар ласкі Бога, дзякуючы якой былі адроджаны структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і заснавана Гродзенская дыяцэзія. «Беларусь была як быццам духоўнай пустыняй, асаблiва на ўсходзе, дзе з 30-х гадоў мінулага стагоддзя не было ніводнага касцёла i ніводнага святара. Гэта была выпаленая духоўным Чарнобылем зямля». ![]() Адраджэнне Касцёла ў Беларусі арцыбіскуп назваў знакам Божай Міласэрнасці. «Езус заўсёды застаецца верным сваім абяцанням. Будзьма i мы вернымі нашым хрысціянскім абавязкам адносна Эўхарыстыi, бо яна ёсць хлебам вечнага жыцця, якім у сваёй бязмежнай міласэрнасці Бог нас адорвае», — заключыў Мітрапаліт. Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай і Віталія Палінеўскага Гродна - Мінск
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.