Урачыстасць у Мядзелі сабрала вернікаў розных парафій Беларусі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
13.07.2011 12:16 |
8-9 ліпеня 2011 года ў Мядзелі (Будслаўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай. 8 ліпеня а 17-й гадзіне ў касцёле Маці Божай Шкаплернай распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. У гэты час вікарый парафіі а. Юрый Кулай OCD прывітаў пешую пілігрымку, якая прыбыла ў Мядзел з Нарачы. Затым адбыўся Крыжовы шлях на мядзельскую Кальварыю. З гучнагаварыцеляў разносіліся па наваколлі песні да Маці Божай. Вернікі маліліся Ружанец. Па дарозе ўсё больш і больш людзей далучалася да працэсіі. На Кальварыі ля першага крыжа распачалося традыцыйнае набажэнства Крыжовага шляху з выкарыстаннем разважанняў св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Людзі рознага ўзросту, ад дзетак да старэйшых, святары, законнікі і законніцы крочылі ляснымі і палявымі сцяжынкамі, спыняючыся каля кожнага з 16 крыжоў і разважаючы пра муку Збаўцы. Працэсія суправаджалася рэлігійнымі спевамі і малітвай, якую ўзначаліла група моладзі з Нарачы. Увечары на гары Трох Крыжоў (апошняй стацыі Кальварыі ў Мядзеле), якая сімвалізуе гару Галгофу, адбылася святая Імша. Яе цэлебраваў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, Божае слова прамовіў кс. Аляксандр Рагіня, сакратар Нунцыятуры Апостальскай Сталіцы ў Эквадоры. У гаміліі пастыр спыніўся на сутнасці сакрамэнту канфірмацыі, падкрэсліўшы, што варта адкрыцца на дары Духа Святога дзеля вернага і мужнага служэння Касцёлу. А прыклад ва ўсім, як адзначыў святар, неабходна браць з Марыі, Маці Езуса, «якая ахінае нас святым шкаплерам — шатай сваёй апекі». Падчас Эўхарыстыі група вернікаў праз паслугу іерарха атрымала сакрамэнт канфірмацыі. Шчырыя словы падзякі прысутным за ўдзел ва ўрачыстасці, за падрыхтоўку да яе выказаў пробашч парафіі а. Павел Леліто OCD. Асаблівыя словы падзякі прагучалі з вуснаў пробашча ў адрас старшыні райвыканкама Аляксандра Даніленкі, яго намесніка Надзеі Герновіч, дырэктара дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Мядзельскае ПМС» Анатолія Вайнілкі, намаганнямі якіх быў пабудаваны цудоўны алтар на гары Трох Крыжоў. Пасля святой Імшы адбыўся абрад прыняцця ўсіх жадаючых у шкаплернае брацтва. 9 ліпеня адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Апоўдні распачалася адпустовая святая Імша, якую ўзначаліў кс. Віктар Шчучко з Крывічоў — першы святар з мядзельскай парафіі, які сёлета адзначыў сваё 10-годдзе свайго святарскага пасвячэння. Гамілію прамовіў айцец Сяргей Трысцень OCD з Мінска. На заканчэнне ўрачыстасці вернікі прайшлі ў працэсіі вакол касцёла і праспявалі гімн «Te Deum» за шматлікія вялікія Божыя справы праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай. Ігнат Лубнеўскі |
Фотарэпартаж |