Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аднаўленне святых парафіяльных Місій адбылося ў Мядзелі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.03.2012 12:06

З 22 па 25 сакавіка 2012 года ў парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі (Будслаўскі дэканат), дзе працуюць кармэліты босыя, адбылося аднаўленне святых парафіяльных Місій. Гэтыя духоўныя велікапосныя практыкаванні ўзначалілі, як і год таму, айцы-місіянеры з ордэна аблатаў кс. Дзмітрый Занямонскі OMI і кс. Анджэй Юхневіч OMI.

22 сакавіка на парозе мядзельскай святыні а. Павел Леліта OCD, пробашч парафіі, сардэчна прывітаў і благаславіў місіянераў, якія на дні аднаўлення святых Місій урачыста ўнеслі ў касцёл скрыжалі з Божымі запаведзямі, разважанне над якімі стала асновай рэкалекцый. Місіянеры благаславілі душпастыраў і вернікаў Святым Пісаннем. Час аднаўлення святых Місій у Мядзелі стаў своеасаблівым вяртаннем да таго, што было засеяна ў сэрцах вернікаў падчас Місій, а таксама спробай зірнуць на сваё жыццё ў святле спрадвечнага Божага закону, якім з’яўляецца Дэкалог. Вернікі атрымалі магчымасць падчас спецыяльнага набажэнства аднавіць свой запавет з Панам Богам праз ускладанне правай рукі на Біблію. Разам з місіянерамі парафіяне разважалі над сваёй вернасцю гэтаму запавету і руплівасцю ў вызнаванні сваёй веры.

Дзеці парафіі вельмі актыўна падышлі да справы паклікання быць святлом Пана Езуса ў свеце, а праз радасныя супольныя спевы прыгадалі неабходнасць няспыннага кантакту з Богам, каб гэтае святло ніколі на аслабела. Моладзь разважала над важнасцю Дэкалогу ў фарміраванні чалавечай асобы, а таксама над роляй хрысціяніна ў сучасным свеце.

23 сакавіка, у пятніцу, калі ўзгадваем і ўшаноўваем муку і смерць нашага Пана, парафіяне прынялі ўдзел ва ўрачыстым набажэнстве Крыжовага шляху на падставе Дэкалогу; падчас навук разважалі пра грэх і яго знішчальныя наступствы ў душы чалавека.

Субота, 24 сакавіка, адзначылася як дзень паяднання. Парафіяне мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Божая Маці, як Панна верная, асвятляла разважанні гэтага дня сваёй ціхай верай і дзейснай любоўю. Людзі старэйшага ўзросту і хворыя прыступілі да сакрамэнту намашчэння хворых. Найважнейшай ва ўсіх духоўных практыкаваннях была супольная Эўхарыстыя. Актыўны ўдзел у аднаўленні святых Місій прынялі таксама жыхары аддаленых вёсак, куды місіянеры таксама прыбывалі з навукамі. Немагчыма было не заўважыць радасці ў вачах і ўдзячнасці Богу за Яго вялікія справы ў жыцці Божага народа.

У нядзелю, 25 сакавіка, айцы-місіянеры на заканчэнне аднаўлення святых Місій наблізілі вернікам запаведзі любові да Бога і бліжняга, звяртаючы ўвагу на іх непадзельнасць і ўзнёсласць. Пасля святых Імшаў парафіяне з місіянерамі і душпастырамі маліліся ля місійнага крыжа, дзе адракліся ад зла і аднавілі сваю веру, а таксама ўшанавалі веліч Любові, якая аддала на ім сваё жыццё за грахі свету. На заканчэнне было ўдзелена спецыяльнае благаслаўленне. Удзельнікі рэкалекцый мелі магчымасць атрымаць адпуст.

Варта адзначыць, што святыя Місіі ў Мядзелі і іх аднаўленне былі першымі ў гісторыі пасляваеннай Беларусі для маладога пакалення місіянераў з ордэна аблатаў. Няхай засеянае Божае слова прыносіць багаты плён навяртання і святасці ў сэрцах вернікаў, а айцам-місіянерам кс. Дзмітрыю Занямонскаму OMI і кс. Анджэю Юхневічу OMI жадаем Божага благаслаўлення і вернасці Найсвяцейшай Панны ў гэтым служэнні.

А. Юрый Кулай OCD

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.