Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць складання вечных манаскіх абяцанняў у Ордэне кармэлітаў босых адбылася ў Мядзелі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.04.2012 14:53

15 красавіка 2012 г., у нядзелю Божай Міласэрнасці, у касцёле Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі (Будслаўскі дэканат), дзе служаць кармэліты босыя, адбылася ўрачыстасць складання вечных манаскіх абяцанняў братам Андрэем ад Дзіцятка Езус.

Брат Андрэй ад Дзіцятка Езус (Андрэй Журко), сын Віктара і Валянціны, нарадзіўся ў 1986 г. у г. Бяроза Брэсцкай вобласці і належаў да парафіі Святой Тройцы. У 2004–2005 гг. брат Андрэй прайшоў першы год падрыхтоўкі да манаскага жыцця — пастулят — у кляштары кармэлітаў босых у Нарачы. Наступны этап законнай фармацыі — навіцыят — праходзіў у 2005–2006 гг. у кляштары ў Замартэ (Польшча). Першыя манаскія абяцанні брат Андрэй склаў 18 чэрвеня 2006 г. у санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі. Далейшыя гады яго манаскай фармацыі і служэння праходзілі ў супольнасцях кармэлітаў босых у Беларусі: у Нарачы і Канстанцінаве. На сённяшні дзень брат Андрэй служыць у супольнасці кармэлітаў босых і парафіі ў Мядзелі. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі ён прыняў рашэнне назаўсёды ахвяравацца Богу, які яго абраў і моцна палюбіў.

Урачыстую літургію ўзначаліў а. Альберт Вах OCD, намеснік генеральнага настаяцеля кармэлітаў босых з Рыма, на рукі якога брат Андрэй склаў вечныя манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці. Прысутнічалі таксама а. Хуліо Альманса OCD, генеральны сакратар па справах місій ордэна, а таксама правінцыял Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых а. Раман Хэрнога OCD, які прамовіў гамілію, у якой нагадаў пра змест і значэнне манаскай кансэкрацыі ў святле евангельскіх парадаў. Прыбылі на свята і пробашч парафіі з Бярозы (Пінская дыяцэзія) кс. Станіслаў Вашкевіч, святары з Польшчы і Беларусі, дыяканы, сёстры і браты законныя, семінарысты. У супольнай малітве і ўрачыстасці прыняла ўдзел таксама маці брата Андрэя Валянціна Іванаўна, сястра, родныя, блізкія і сябры. Падтрымаць сваёй прысутнасцю і малітвай прыйшлі і шматлікія госці з тых парафій, дзе працаваў брат Андрэй, а таксама вернікі мядзельскай парафіі.

Напрыканцы ўрачыстасці брат Андрэй выказаў словы ўдзячнасці Пану Богу за дар паклікання. Сваёй маці законнік падзякаваў за дар жыцця і выхавання, а памерлага бацьку даручыў Божай міласэрнасці. Словы ўдзячнасці скіраваў таксама да ўсіх, хто паспрыяў распазнанню яго паклікання і агульначалавечай, духоўнай і манаскай фармацыі.

Варта адзначыць, што брат Андрэй пакуль адзіны кармэліт босы ў Беларусі, які служыць Богу ў пакліканні законнага брата. Шчыра жадаем брату Андрэю няспынна прыпадабняцца ў ягоным служэнні да Езуса чыстага, убогага і паслухмянага. Марыя, Каралева Кармэлю і Маці святога Шкаплера, няхай будзе яму пуцяводнай зоркай і сястрой у выкананні Божай волі.  

А. Юрый Кулай OCD

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме