Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовым шляхам на мядзельскую Кальварыю…
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.09.2012 11:05

16 верасня 2012 г. у Мядзелі ў касцёле Маці Божай Шкаплернай адбылася ўрачыстая Імша з нагоды свята Узвышэння Святога Крыжа. Набажэнства цэлебраваў пробашч а. Юрый Кулай OCD. На ўрачыстасці прысутнічала шмат гасцей з суседніх парафій Мядзельскага раёна, а таксама госці з Мінска. Па традыцыі, якая існуе ўжо шмат часу, пасля літургіі адбыўся Крыжовы шлях на гістарычным месцы пакланення вернікаў — мядзельскай Кальварыі.

…Мядзельская Кальварыя знаходзіцца на ўскраіне горада. Яна ўнікальная тым, што задумана і пабудавана паводле плану Крыжовай дарогi ў Іерусалiме. Такога тыпу пабудоваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі няма. Сёння гэта 18 захаваўшыхся каменна-цагляных каплічак, месцазнаходжанне якіх абазначаюць драўляныя крыжы. Агульная працягласць Крыжовай дарогі 2 км.

Два разы на год (у ліпені і верасні, на свята Узвышэння Крыжа) вернікі мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай ушаноўваюць гэтыя святыя мясціны шматлюднай працэсіяй і набажэнствамі.

«Гісторыя мядзельскай Кальварыі пачынаецца з 1772 года. У тыя гады складалася яна з 21 каплiцы i 8 брамаў, змешчаных па палях паблiзу касцёла i на рынку мястэчка. З густам размешчаны каплiцы рознага кшталту, збудаваныя з дрэва на каменных падмурках, размешчаны былi таксама абразы i фiгуры драўляныя. Асвяціў Кальварыю бiскуп Фэлiкс Тавянскi, суфраган беларускi, 8 жнiўня 1772 года. У 1866 годзе парафія была перададзена праваслаўнаму духавенству. Кальварыя нейкі час была занядбаная.

У 1927–1929 гг. мядзельская Кальварыя пачала адбудоўвацца са стацыямі Пана Езуса і Маці Божай. Айцец Браніслаў Ярасінскі быў ініцыятарам гэтай падзеі. У тыя часы даўнюю тэрыторыю Кальварыі займаў Генрых Козел-Паклеўскі, жыхар Старога Мядзела. Пад капліцу вызначыў ён плошчу 7 м у шырыню (якую потым пашырыў да 9 м) на іншым месцы, больш разнастайным пад назовам „Гуркі“. З дапамогай мясцовых жыхароў а. Браніслаў устанавіў месца для капліц, гледзячы на план Кальварыі Зэбжыдоўскай. У адзначаных месцах заклаў крыжы. Стацыю дарогі Крыжовай адкрыў і пасвяціў біскуп Уладзіслаў Бандурскі на Зялёныя Святкі 27 траўня 1928 г. Пасля смерці Генрыка Козела-Паклеўскага кармэліты купілі ад Валатковіча 50 га зямлі пад Кальварыю за грошы, атрыманыя ад продажу фальварку Некасецк. У 1933–1938 гг. стараннем а. Ігнацыя Быліцы пабудавана 15 капліц з цэглы і каменя, пакрытых бляхай. У летні час Кальварыя напаўнялася пілігрымамі, якія карысталіся духоўнай паслугай законнікаў. Далейшую работу па рамонце Кальварыі перарвала Другая сусветная вайна. 2 лістапада 1942 г. Кальварыя, якая налічвала каля 40 капліц, практычна была разабрана і знішчана».

І вось шляхам гэтай Крыжовай дарогі ў Мядзелі ішлі вернікі 16 верасня. Дапамагалі ў разважанні над стацыямі моладзь і старэйшыя парафіяне. Падчас набажэнства Крыжовага шляху адбываўся і сакрамэнт споведзі, які ўдзяляў новапрэзбітэр кс. Валерый Марціноўскі. Святар прыехаў з Віцебска, дзе служыць у катэдры Езуса Міласэрнага, каб удзельнічаць ва ўрачыстасцях і ўдзяліць вернікам сваё благаслаўленне.

Напрыканцы шляху адбылася святая Імша і прімыцыйнае благаслаўленне.

Ала Невяровіч

(VGr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.