Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: фестываль «Магутны Божа» — гэта новае абвяшчэнне Евангелля
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.06.2012 10:39

25 чэрвеня ў Магілёве пасля двухгадовага перапынку распачаўся Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». Сёлета фестываль сабраў вакалістаў, хоры і музыкантаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Іспаніі, Венесуэлы, Германіі і Мексікі.

Першы фестываль «Магутны Божа» прайшоў у 1993 г. па ініцыятыве тагачаснага пробашча магілёўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а цяпер біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна. Фестываль падтрымаў кс. Раман Факсінскі, які ўжо меў вопыт у арганізацыі падобных мерапрыемстваў і выканаў ролю дырэктара двух першых фестываляў. Назва фестывалю паходзіць ад першага радка аднайменнага верша Наталлі Арсенневай. З 1996 г. падрыхтоўку і правядзенне фестывалю ўзначальвае аддзел культуры Магілёўскага гарвыканкама.

«Адраджэнне гэтага фестывалю нагадвае пра тое, што Бог сапраўды магутны, што Ён з’яўляецца Валадаром гісторыі, што Ён піша прама на яе закручаных лініях і ставіць апошнюю кропку над „і”, і што Божая справа, ня гледзячы на ўсе цяжкасці, будзе жыць. Адраджэнне фестывалю нагадвае і пра тое, што наша грамадства патрабуе духоўнасці, як неабходнага элементу для яго развіцця», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Бог, аднак, не мае сваіх ног і рук. Ён дзейнічае праз людзей. Таму сёння неабходна падзякаваць тым, хто дапамог адрадзіць і арганізаваць фестываль: у першую чаргу гарадскім уладам і рэлігійным арганізацыям, якія добра разумеюць, што развіццё духоўнасці будзе спрыяць развіццю грамадства», — дадаў іерарх.

Мітрапаліт нагадаў, што сучасны свет перажывае крызіс веры і таму ўсё больш аддаляецца ад Бога і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Свет патрабуе новага абвяшчэння Евангелля і новымі метадамі, што ў Каталіцкім Касцёле называецца новай евангелізацыяй.

«Такога абвяшчэння патрабуе і Беларусь, якая, з аднаго боку духоўна адраджаецца пасля трох пакаленняў ганенняў на веру, а з іншага — падвяргаецца секулярным уплывам сучаснасці. Таму традыцыйны фестываль „Магутны Божа” можа служыць адным з інструментаў новага абвяшчэння Евангелля», — падкрэсліў арцыпастыр.

Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» працягнецца да 29 чэрвеня. У яго праграму ўваходзяць канцэрты хораў і аркестраў, конкурсныя праслухоўванні, канцэрты арганнай музыкі, гала-канцэрт на стадыёне «Спартак», а таксама адкрыццё выставаў і канферэнцыі. З праграмай фестывалю можна азнаёміцца тут >>>.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.