Удзельнікі фестывалю «Магутны Божа» ў Магілёве сустрэліся на малітве |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
26.06.2012 13:44 |
Другі дзень XVII Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве распачаўся з малітвы. У 9.00 літургія адбылася ў Трохсвяціцельскім праваслаўным кафедральным саборы, а ў 11.00 — у катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. Святую Імшу ў магілёўскай катэдры ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У прамове да вернікаў і ўдзельнікаў фестывалю іерарх звярнуў увагу на тэкст спеву перад Евангеллем: «Я — святло свету, — кажа Пан, — хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця». На думку Мітрапаліта, гэтага святла патрабуе сучасны свет, бо ў бляску неонаў ён, на жаль, знаходзіцца ў духоўнай цемры. Сярод многіх шляхоў новага абвяшчэння Евангелля ў сучасным свеце важнае месца займае таксама сакральная музыка, якая не мае межаў. «Фестываль „Магутны Божа“ аб’ядноўвае розныя хрысціянскія веравызнанні і свецкія музычныя калектывы з адной мэтай — данесці праўду Евангелля сучасным людзям, дапамагчы тым, хто заблытаўся ў лабірынтах секулярызму, знайці шлях да Бога і будаваць сваё жыццё на хрысціянскіх каштоўнасцях. У гэтым сэнсе фестываль духоўнай музыкі „Магутны Божа” смела можна назваць інструментам новай евангелізацыі», — падкрэсліў арцыпастыр. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў удзельнікам музычнага форуму Божага благаслаўлення і асабістых поспехаў. XVII Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» праходзіць у Магілёве з 25 па 29 чэрвеня. Упершыню ён адбыўся ў 1993 г. па ініцыятыве цяперашняга біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна, які ў той час быў пробашчам у магілёўскай архікатэдры. Фестываль служыць яднанню і ўзаемнаму ўзбагачэнню хрысціянаў розных канфесій і краін. |