Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дом міласэрнасці ў Лагішыне стане прытулкам для патрабуючых
Беларусь - Пінская дыяцэзія
19.11.2011 14:14

19 лістапада 2011 г. у Лагішыне адбылося асвячэнне Дома міласэрнасці — першай падобнай касцёльнай сацыяльнай установы ў Беларусі. Перад асвячэннем у санктуарыі Божай Маці Лагішынскай адбылася Імша з удзелам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, біскупа Дзям’янкі, святароў, законніц, шматлікіх вернікаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады.

Дом міласэрнасці ў Лагішыне разлічаны на 40 месцаў. Пры гэтым атрымаць дапамогу могуць людзі незалежна ад іх веравызнання. Будаўніцтва Дома міласэрнасці па благаслаўленні Святога Айца Яна Паўла ІІ распачалося 10 гадоў таму. Фундамент і муры былі асвячоны кардыналам Казімірам Свёнткам 12 сакавіка 2002 г. А сёлета ва ўстанову заехалі першыя жыхары — тыя, хто апынуўся ў складанай сітуацыі: састарэлыя і тыя, каму патрэбны часовы прытулак.

З нагоды таго, што Дом міласэрнасці прысвечаны Маці Божага Провіду, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў пра значэнне Божага Провіду ў гісторыі збаўлення і жыцці чалавека і цэлых народаў. Арцыпастыр падкрэсліў, што Божы Провід — гэта тыя сродкі, які выбірае Бог, каб прывесці чалавека да мэты, якую яму вызначыў. Вядома, што галоўнай мэтай чалавечага жыцця з’яўляецца збаўленне.

«Асаблівую ролю ў рэалізацыі Божага Провіду адыгрывае Марыя, у тым ліку і на нашых землях. У далёкім 1917 г., калі атэістычны рэжым імкнуўся на Усход, Марыя ў Фаціме заклікала да пакаяння і малітвы як умовы, каб пазбегнуць бяды. Прадбачачы, што людзі не паслухаюць, і настане пераслед веры, як на самой справе і сталася, Марыя дала надзею. Яна сказала, што напрыканцы яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Пад словам Расія трэба разумець увесь свет, бо грэх не мае нацыянальнасці», — адзначыў арцыпастыр.

Доўгія дзесяцігоддзі ганенняў вернікі трывалі ў надзеі, што гэтае пасланне Марыі рэалізуецца. Мітрапаліт падкрэсліў, што менавіта Божы Провід учыніў так, што касцёл у Лагішыне не быў зачынены, і тут заўсёды быў святар. Гэта азначае, што Езус заўсёды быў з людзьмі ў святой Эўхарыстыі, іншых сакрамэнтах і слове Божым.

Вера людзей, падтрыманая малітвай і заступніцтвам Божай Маці, учынілі цуд. Пасля трох пакаленняў атэізацыі настаў час рэлігійнай свабоды. І тады пачалося адражэнне Касцёла і яго структур, у тым ліку і дабрачынных арганізацый.  

Ініцыятыва ксяндзоў арыяністаў з Малой справы Божага Провіду аб стварэнні ў Лагішыне Дома міласэрнасці была падтрымана кардыналам Казімірам Свёнткам. Нямала часу прайшло, каб рэалізаваць гэты праект.

«І сёння мы з вялікай радасцю асвячам гэты Дом міласэрнсці, які адкрыты для патрабуючых людзей, незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання. Мы хочам дапамагаць чалавеку — гэта галоўны прынцып дзеяння гэтага дома. Дапамагаючы бедным і патрабуючым, мы служым Хрысту, за што Ён абяцае вечнае шчасце», — адзначыў іерарх.

Праз справы дабрачыннсці Касцёл не толькі матэрыяльна дапамагае патрабуючым, але і духоўна, несучы яму святло Евангелля.

Пасля літургіі Мітрапаліт асвяціў фігуру Марыі Маці Божага Провіду. Затым працэсія з гэтай фігурай накіравалася да Дома міласэрнасці, дзе была асвячона капліца.

Напрыканцы свята прамовіў таксама Апостальскі Нунцый, які выказаў сваю радасць з таго, што адкрыўся Дом міласэрнасці, які стане новым сведчаннем Евангелля.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.