20 мая 2012 г. старажытная Дзісна прымала з пастырскай візітацыяй ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна. Католікі парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі шчыра віталі свайго пастыра, а таксама дэкана Мёрскага дэканату кс. прэлата Крыштафа Мянкіну. З моманту адраджэння парафіі пасля часоў атэістычнай навалы гэта была ўжо другая біскупская візітацыя.
Рэлігійнае жыццё католікаў Дзісны пачало адраджацца ў 80-я гг., аднак і да гэтага часу парафія мела багатую і слаўную гісторыю. Сцены дзісненскай святыні перажылі шматлікія гістарычныя здарэнні, былі маўклівымі сведкамі падзей як радасных, так і сумных.
Гісторыя дзісненскай парафіі пачынаецца з другой паловы XVI ст. і звязана з постаццю караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. У 1583 г. пасля здабыцця Полацка Стэфан Баторый закладае ў Дзісне касцёл і перадае яго полацкім езуітам.
Падчас кіравання караля Зыгмунта ІІІ Вазы дзісненскі староста Юзаф Корсак запрашае ў Дзісну айцоў францішканаў. У 1630 г. францішкане будуюць на беразе Заходняй Дзвіны драўляны кляштар, а ў 1773 г. на яго месцы Крыштаф Малькевіч-Хехлоўскі ўзносіць цагляны касцёл пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
У часы знаходжання Дзісны ў межах Расейскай імперыі лёс парафіі і касцёла не быў радасным і спакойным. Пасля паўстання 1863 года, калі ў заходняй губерніі каталіцтва вельмі прыгняталася, дзісненскі касцёл не стаў выключэннем. Войны і міжнародныя канфлікты пакінулі глыбокія раны на сценах святыні. Але найбольшы і амаль смяротны ўдар дзісненскі касцёл перажыў у мірны час. У 1958 г. па загаду бяжбожных уладаў храм быў узарваны. Пасля знішчэння засталіся толькі тры сцяны, якія па форме нагадвалі разарваныя грудзі чалавека з вырваным сэрцам.
Але сэрцам кожнай святыні з’яўляецца Хрыстус, а гэта значыць, што ніякія варожыя сілы не змогуць перамагчы Божай справы. І з Божай волі і моцнай веры парафіянаў у Дзісне пачаў паўставаць жывы касцёл. З 80-х гадоў дзісненцы пачалі збірацца на малітву спачатку ў прыватных дамах і іншых памяшканнях, а потым адрамантавалі і цяперашнюю капліцу, якая раней была сакрыстыяй касцёла.
Рэлігійнае жыццё дзісненскіх католікаў пачало адраджацца. Спачатку ў Дзісну прыязждалі святары з Дзеркаўшчыны, Празарокаў і Мёраў. Дзеля Божай хвалы і духоўнай карысці вернікаў тут працавалі кс. Вітольд Малей, кс. Казімір Акушка, кс. Уладзіслаў Пятрайціс, кс. Алег Буткевіч, кс. Крыштаф Мянкіна, кс. Павел Самсонаў і іншыя святары. А ў 2003 г. парафія атрымала свайго сталага пробашча — кс. Генадзя Добрука. У 2009 годзе душпастырам Дзісны стаў кс. Аляксандр Грыцкевіч.
Але самым знакавым для дзісненскага касцёла стаў 2006 год: пасля дзесяцігоддзяў знішчэння дзісненская святыня пачала адбудоўвацца. Дзякуючы Божаму Провіду і ахвярнасці людзей на сённяшні дзень касцёл мае сцены і дах. Вядуцца працы па далейшай рэканструкцыі храма.
Ад апошняй візітацыі прайшло 5 гадоў. Нягледзячы на тое, што колькасць жыхароў у Дзісне паволі змяншаецца і горад губляе сваю былую славу, яго духоўнае і сакрамэнтальнае жыццё не замірае.
Вось і падчас гэтай візітацыі на святой Імшы было шмат дзяцей і моладзі, якія вельмі ўсцешылі біскупа Бліна сваім жаданнем быць бліжэй да Бога. Пасля словаў прывітання і ўручэння іерарху сімвалічнага ключа і каравая распачалася святая Імша. У гаміліі біскуп засяродзіў увагу вернікаў на словах з Першага паслання апостала Яна аб любові да Бога і бліжняга, нагадваючы, што чалавек створаны Богам для шчасця. Але шчаслівым чалавек будзе толькі тады, калі сярод шматлікіх жыццёвых выбараў на першае месца паставіць Бога. Пасля ўзнёслай гаміліі і радасных словаў 7 вернікаў парафіі прынялі з рук пастыра дыяцэзіі сакрамэнт канфірмацыі.
Пасля Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітоўная падзяка Найсвяцейшай Панне Марыі. Потым біскуп асвяціў велічныя крыжы, якія будуць змешчаны на франтоне касцёла. Урачыстае святкаванне працягнуў цудоўны канцэрт народнага ансамбля «Каліна» і салодкі пачастунак.
Кожная сустрэча з пастырам — гэта ўзмацненне веры і сведчанне Божай прысутнасці сярод людзей. Вернікі парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзісне шчыра дзякуюць Богу і біскупу Уладзіславу Бліну за супольную малітву і сведчанне веры, надзеі і любові. Гэтая сустрэча напоўніла сэрцы парафіянаў сапраўднай велікоднай радасцю і атмасферай хрысціянскага братэрства.
|