Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларуская Вострая Брама ў Мосары: вернікі ўшанавалі Маці Міласэрнасці падчас «Дзён апекі»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
19.11.2012 11:01

Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы ў Вільні ўшаноўваецца ўсімі хрысціянамі як заступніца Беларусі і Літвы, асабліва даўняй Віленшчыны. На гэтых землях яе абраз знаходзіцца ў шматлікіх святынях і дамах вернікаў, і каталіцкіх, і праваслаўных. У Мосары ў капліцы Маці Міласэрнасці штогод праходзяць «Дні апекі» Маці Божай і навэнна. Сёлета яны адбыліся з 7 па 16 лістапада пад дэвізам: «Вера і міласэрнасць — дар і заданне».

Вернікі парафіі і наваколля асаблівым чынам ушаноўваюць Божую Маці з Вострай Брамы, і ружанцовая малітва каля капліц у кастрычніку была добрай духоўнай практыкай і натхненнем для перажывання штогадовых «Дзён апекі Маці Божай».

Падчас «Дзён апекі» вернікі штодзённа раніцай дзякавалі Маці Вастрабрамскай за шматвяковую апеку жыхароў нашых земляў у часы войнаў, эпідэмій і іншых навалаў, спяваючы Гадзінкі. А пасля абеду, у Гадзіну Божай міласэрнасці, удзельнічалі ў малітвах навэнны і літаніі да Маці Божай Міласэрнасці. У 17 гадзін перад абразом Маці Божай вернікі збіраліся на літургію з навукай на тэмы веры і міласэрнасці.

Пасля заканчэння навэнны, 16 лістапада, адбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Міласэрнасці, падчас якіх айцец Вальдэмар Куява, францішканін з Удзела, у гаміліі нагадаў пра веру Марыі як узор для нас і прыгадаў гістарычныя падзеі, звязаныя з апекай Маці Божай над нашым народам.

Святкаванне і ўшанаванне апекі Маці Божай працягвалася і ў суботу, 17 лістапада, на ўрачыстай святой Імшы пры адчыненым акне капліцы. Маці Міласэрнасці сабрала нас на ўрачыстую Эўхарыстыю — падзяку за Яе нябесную апеку.

Прыгожае восеньскае навор’е натхняла прысутных на малітву, і падчас літургіі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч са славутай і старажытнай Дзісны звярнуў увагу на мацярынскі клопат Багародзіцы ў нашым штодзённым жыцці, у звычайных простых справах і падзяліўся сваім досведам адчування Яе прысутнасці. Пасля благаслаўлення вернікі падыходзілі да святога абраза ў капліцы, каб ушанаваць Панну Марыю.

Абраз Маці Божай Вастрабрамскай трапіў у капліцу са старажытнага разбуранага барэйкаўскага касцёла і вельмі шануецца вернікамі. Капліца была пабудавана па ініцыятыве памерлага ксяндза прэлата Юозаса Булькі ў 1996 годзе як адзіная на Віленшчыне, так і ва ўсёй Беларусі.

У гэтым годзе, дзякуючы ахвяраванням людзей і дапамозе мецэнатаў, як у касцёле, так і ў капліцы быў зроблены звонку касметычны рамонт, хоць яшчэ, на жаль, не хапае святла ў капліцы. Таму асабліва падчас «Дзён апекі» Маці Божай Вастрабрамскай складаем падзяку Нябеснай Маці і ўзносім малітву за нашых ахвярадаўцаў, за ўсе Божыя ласкі і апеку, і просім Панну Марыю ў Год веры ва ўсіх нашых інтэнцыях: бараніць нашы сем’і, моладзь і дзяцей ад спакусаў, якія нясе секулярызаваны свет, бараніць беларускі народ ад знішчэння грахом і заганамі, а асабліва просім аб дары цвярозасці.

Кожны чалавек, кожная сям’я мае за што асабіста падзякаваць Богу праз Марыю — за дзяцей, сям’ю, працу, хлеб штодзённы, Божыя ласкі ў жыцці… Усе ўдзельнікі набажэнстваў у Мосары выказвалі свае малітвы падзякі і просьбы Богу і Маці Міласэрнасці.

З Божым благаслаўленнем на наступны год яшчэ больш годна і прыгожа ўшануем Міласэрную Маці, якая ўсіх чакае ў Мосары і ахінае сваёй апекай!

О, Міласэрная Матуля,
Пусці ў свой Вастрабрамскі Храм.
Мы да Цябе ўсе беды тулім,
Ты ж успамогу дорыш нам.

Заўжды была ў вялікай хвале.
Высока ўзнёс Пан Бог Цябе.
А мы нязменна называлі
Матуляй літасці ў журбе.

Праз дзверы Брамы Ты міжволі
Глядзіш на наш штодзённы тлум.
Ты знаеш нашы смуткі, болі
І глыбіню таемных дум.

Хто не шукаў Твайго ратунку!
Ў Цябе хто ласкі не прасіў!
Будзь нашай добрай Апякункай,
Каб злы нас дух не спакусіў.

Твой вобраз зноў перад вачыма,
З Табой мы ў радасці, журбе.
І не спужаемся бяды мы,
Пакуль хінёмся да Цябе.

Мар’ян Дукса

Падрабязная інфармацыя на сайце: http://mosar.vickyblog.com.

Кс. Аляксей Юркайць, адміністратар парафіі ў Мосары

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў