Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох лічыць, што візіт Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Ліван прынясе важныя імпульсы для экуменізму, міжрэлігійнага дыялога і для міру ва ўсім рэгіёне Блізкага Усходу. Аб гэтым кардынал Кох, які будзе суправаджаць Папу ў падарожжы, сказаў аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву «Kathpress».
8 верасня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі XXIII Міжнароднага марыялагічнага кангрэса, які праходзіў 4–9 верасня ў Рыме. Папа адзначыў, што тэма форума, «Марыялогія пачынаючы ад Другога Ватыканскага Сабору», з’яўляецца вельмі своечасовай, бо зараз Касцёл адзначае 50-годдзе гэтай вялікай падзеі.
Падчас апостальскага падарожжа ў Ліван Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI благаславіць статую армянскага манаха Акопа Мегапарта, аўтара першай кнігі на армянскай мове, якая была апублікавана ў 1512 г. у Венецыі. Гэта адбудзецца 15 верасня, калі Папа прыбудзе ў рэфекторый Армянскага каталіцкага Патрыярхату ў Бзамары.
7 верасня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю новапрызначаным біскупам з місіянерскіх краін, якія ўдзельнічаюць у фармацыйным курсе, арганізаваным Кангрэгацыяй Евангелізацыі Народаў. Папа заахвоціў іерархаў да руплівай душпастырскай працы.
Падчас апостальскага візіту ў Ліван, які распачнецца 14 верасня, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведае чатыры Патрыярхаты, што маюць свае сядзібы на тэрыторыі гэтай блізкаўсходняй краіны. Адразу пасля прыбыцця ў Бейрут Папа накіруецца ў невялікае прадмесце сталіцы Харысу. Тут у базыліцы св. Паўла, якая належыць грэка-мельхіцкаму Патрыярхату і знаходзіцца побач з санктуарыем Маці Божай Ліванскай, Пантыфік падпіша паслясінадальную адгартацыю для Блізкага Усходу.
Вечарам 5 верасня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI атрымаў у дар два электрамабілі, выпушчаныя канцэрнам «Renault». Яны былі спецыяльна распрацаваны для патрэбаў Пантыфіка і Ватыканскай жандармерыі на базе мадэлі «Renaul Kangoo Maxi». Перадаў іх Святому Айцу Генеральны дырэктар французскага аўтаканцэрна Карлас Госн падчас візіту ў Кастэль Гандольфа.
6 верасня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю новаму паслу Рэспублікі Літва ў Апостальскай Сталіцы Ірэне Вайшвілайтэ. Таксама Папа сустрэўся з арцыбіскупам Бруселя на пенсіі кардыналам Готфрыдам Даннеелсам і групай калумбійскіх біскупаў, якія прабываюць у Ватыкане з візітам ad limina Apostolorum.
«Няхай годнае святкаванне 600-годдзя Львоўскай архідыяцэзіі паспрыяе ўмацаванню касцёльнай супольнасці ў слуханні Бога», — пажадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вернікам Львоўскай архідыяцэзіі і мітраполіі. З нагоды 600-годдзя яе ўтварэння Папа накіраваў пасланне былому прэфекту Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў кардыналу Юзафу Томка, якога прызначыў сваім асабістым пасланнікам на гэтыя ўрачыстасці.
5 верасня Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI прывітаў удзельнікаў кангрэса свецкіх вернікаў Афрыкі «Быць сведкам Езуса Хрыста ў сучаснай Афрыцы», які праходзіць 4–9 верасня ў сталіцы Камеруна, Яундзе. Папа звярнуў увагу на небяспеку, звязаную з матэрыяльнымі, духоўнымі і маральнымі праблемамі, выкліканымі секулярызацыяй, але ў той жа час падкрэсліў, што Афрыка мае дастаткова «духоўных рэсурсаў, каштоўных для нашага часу».
Кардынал Карла Марціні «быў чалавекам Божым, які не толькі вывучаў Святое Пісанне, але і вельмі любіў яго, учыніў яго святлом свайго жыцця, каб усё было на большую хвалу Бога», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у асабістым пасланні на пахавальныя ўрачыстасці спачылага іерарха, які памёр 31 жніўня ва ўзросце 85 гадоў. У міланскай катэдры пасланне агучыў спецыяльны пасланнік Папы кардынал Анджэла Камастры.
Бэнэдыкт XVI заўсёды быў перакананы, што ў адносінах з лютэранамі неабходна ачышчэнне памяці. Аб гэтым паведаміў старшыня Кола вучняў Ратцынгера нямецкі сальватарыянін кс. Стэфан Хорн.
Будаўніцтва папскага палацу ў Кастэль Гандольфа было распачата ў 1628 годзе па распараджэнні папы Урбана VIII. Палац уяўляе сабою комплекс з трох будынкаў, помнікаў архітэктуры, якія з цягам часу былі аб’яднаны і ўтварылі летнюю рэзідэнцыю Святога Айца. Віла і сады навокал яе сёння займаюць 55 гектараў, што на 11 гектараў больш, чым тэрыторыя Ватыкана.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне да ўдзельнікаў «Genfest» — свята моладзі, звязанай з рухам Факаляраў. На сустрэчы, якая праходзіць у Будапешце (Венгрыя), сабралася каля 12 тысяч маладых людзей.
Раніцай 2 верасня папа Бэнэдыкт XVI узначаліў святую Імшу, якая прайшла ў Кастэль Гандольфа ў рамках традыцыйнай сустрэчы Кола вучняў прафесара Ратцынгера — аб’яднання былых студэнтаў, у якіх Пантыфік выкладаў, будучы прафесарам рэгенсбургскага ўніверсітэта. У гаміліі Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Закон, які Ізраэль атрымаў ад Бога, — гэта закон, які дае сапраўдную мудрасць.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі 29 жніўня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прывітаў групу французскіх міністрантаў, якія разам са сваімі душпастырамі прыбылі ў Рым, каб пазнаёміцца з вялікай хрысціянскай спадчынай Вечнага горада і памаліцца каля магіл святых апосталаў. Звяртаючыся да міністрантаў, Папа заклікаў іх усведамляць важнасць служэння, якое яны здзяйсняюць у Касцёле.