Папа ўзначаліў святую Імшу з удзелам сваіх былых студэнтаў |
Святы Айцец |
03.09.2012 11:51 |
Раніцай 2 верасня папа Бэнэдыкт XVI узначаліў святую Імшу, якая прайшла ў Кастэль Гандольфа ў рамках традыцыйнай сустрэчы Кола вучняў прафесара Ратцынгера — аб’яднання былых студэнтаў, у якіх Пантыфік выкладаў, будучы прафесарам рэгенсбургскага ўніверсітэта. У гаміліі Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Закон, які Ізраэль атрымаў ад Бога, — гэта закон, які дае сапраўдную мудрасць. «Гаворка ідзе пра дар, якому трэба радавацца. Гэта не плён уласнай геніяльнасці, які можа прывесці да трыумфалізму», — падкрэсліў Святы Айцец. «Мы атрымалі мудрасць, якая з’яўляецца праўдай, мы ведаем, як жыць і паміраць, бо Хрыстус — гэта жыццё і праўда. Тут няма месца для ніякага трыумфалізму, але толькі для радасці і ўдзячнасці за атрыманы дар», — сказаў Бэнэдыкт XVI. Як інфармуе Ватыканскае радыё, Папа звярнуў увагу на небяспеку таго, што з цягам часу чалавечыя звычаі злучыліся з Божымі дарамі, але адначасова схавалі мудрасць, якую падарыў Бог. Гэта, на думку Святога Айца, можа прывесці Касцёл да трыумфалізму, праслаўлення самога сябе. «Так, у гэтай фазе мы бачым толькі тое, што зрабілі мы, і не знаходзім больш радасці веры. Мы не можам сказаць, што гэта Бог нас навучыў праўдзе і таму, што такое чалавек», — адзначыў Пантыфік. |