Кардынал Таран: ліванцы зацікаўлены, каб візіт Папы прайшоў максімальна бяспечна |
Святы Айцец |
11.09.2012 13:52 |
Кардынал Жан-Луі Таран падкрэсліў, што ліванцы вельмі зацікаўлены ў тым, каб запэўніць Святому Айцу максімум бяспекі падчас візіту ў іх краіну. Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу будзе суправаджаць Папу ў гэтай паездцы, якая распачнецца 14 верасня. Іерарх згодны з тым, што здзяйсненне такога падарожжа дастаткова рызыкоўнае, бо яно будзе праходзіць у час, калі непадалёку ідзе вайна. Разам з тым кардынал дадаў, што Ліван — адзіная краіна на Блізкім Усходзе, дзе хрысціяне ўдзельнічаюць у выканаўчай уладзе. Па словах старшыні ватыканскага ведамства, хоць прысутнасць Пантыфіка будзе мець палітычнае вымярэнне, Бэнэдыкт XVI, аднак, не будзе прапаноўваць вырашэння праблем Лівана і Блізкага Усходу. Увага будзе звяртацца на шанаванне чалавечай годнасці, захаванне міжнароднага права і этычных каштоўнасцяў. Як падкрэсліў кардынал Таран, гэта будзе найперш пілігрымка да хрысціян, якія жывуць на Блізкім Усходзе. Святы Айцец жадае данесці да іх думку, што яны там — у сваёй айчыне, бо з’яўляюцца спадчыннікамі першай хрысціянскай супольнасці. «Каталіцкаму Касцёлу трэба быць вельмі салідарным з гэтымі хрысціянамі, каб заахвоціць іх заставацца на гэтым месцы. Павінна быць салідарнай таксама і міжнародная супольнасць», — дадаў іерарх. |