25 студзеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з членамі Міжнароднай змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі. Большасць іерархаў, якія прыбылі ў Апостальскую Сталіцу, паходзіць з земляў, дзе, паводле Пантыфіка, «хрысціяне як індывідуўмы і супольнасць павінны адказаць на балючыя выпрабаванні».
Падчас сустрэчы Святы Айцец выказаў упэўненасць у тым, што будучыня міру і справядлівасці на Святой Зямлі патрабуе дыялога і супрацоўніцтва. Папа запэўніў блізкаўсходніх вернікаў у сваёй духоўнай блізкасці і малітве, «каб гэтая зямля, такая важная для Божага плану збаўлення, магла скіроўвацца да справядлівасці і трывалага міру».
Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што дадзеная сустрэча дае магчымасць «з удзячнасцю паразважаць аб працы Міжнароднай змешанай камісіі, якая пачалася 10 гадоў таму, у студзені 2003 г., па ініцыятыве царкоўных уладаў Усходніх Праваслаўных Цэркваў і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству».
«Прызнаючы дасягненні, якія былі зроблены, жадаю, каб адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Цэрквамі развіваліся ў духу братэрства і супрацоўніцтва, асабліва праз развіццё тэалагічнага дыялога, здольнага дапамагчы ўсім вучням Пана ўзрастаць у адзінстве і сведчыць перад светам аб збаўчай праўдзе Евангелля», — дадаў Святы Айцец, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё. (AG)
|