Папа перадаў Бэнэдыкту XVI ікону, падораную прадстаўніком Рускай Праваслаўнай Царквы |
Святы Айцец
|
25.03.2013 12:50 |
23 сакавіка, падчас сустрэчы ў Кастэль Гандольфа з Пантыфікам на пенсіі Бэнэдыктам XVI, папа Францішак перадаў свайму папярэдніку ікону Багародзіцы «Зірні на пакору». Ікону незадоўга да гэтага ўручыў Святому Айцу ад імя Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Іларыён.
«Першыя крокі Вашай Святасці пасля абрання былі адзначаны пячаццю пакоры», — сказаў тады Мітрапаліт Іларыён, словы якога прыводзіць сайт аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Папа Францішак адказаў: «У мяне няма пакоры, і я прашу Вас маліцца аб тым, каб Пан падарыў мне яе».
Уручаючы Бэнэдыкту XVI ікону, Пантыфік адзначыў: «Мітрапаліт Іларыён мне сказаў, што ікона называецца „Божая Маці пакоры“, і я дазволю сабе сказаць адну рэч — я падумаў пра Вас, такога пакорнага ў сваім Пантыфікаце». «Дзякуй, які дар!» — адказаў Папа на пенсіі, прымаючы падарунак. (AG)
|