Пантыфік падзякаваў аргенцінскім маці за барацьбу з беднасцю |
Святы Айцец
|
18.04.2013 13:55 |
Святы Айцец Францішак падзякаваў аргенцінскім маці за іх барацьбу з беднасцю і намаганні па спыненні пакут многіх людзей. Члены асацыяцыі «Маці плошчы Мая» напісалі ліст да Папы, у якім павіншавалі яго з абраннем на Пасад св. Пятра.
У адказ, як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік сказаў пра сваю блізкасць да асоб, якія дапамагаюць найбольш няшчасным і прыкладаюць намаганні, каб дапамагчы такім людзям, зразумець іх і задаволіць іх законныя памкненні. Папа моліцца таксама за людзей, адказных за агульнае дабро, каб іх змаганні па барацьбе з беднасцю былі эфектыўнымі і засноўваліся на справядлівасці і салідарнасці.
«Маці плошчы Мая» — грамадскі рух аргенцінскіх маці, чые дзеці зніклі ў перыяд ваеннай дыктатуры паміж 1976 і 1983 гадамі. Назву рух атрымаў ад назвы цэнтральнай плошчы Буэнас-Айрэса, дзе насупраць дома ўрада, пачынаючы з 30 красавіка 1977 г., кожны чацвер сталі збірацца жанчыны, дзеці якіх бясследна зніклі.
У лісце гаворыцца, што Святы Айцец падзяляе боль многіх маці і сем’яў, якія пакутуюць ад гібелі сваіх блізкіх у сумны час для гісторыі Аргенціны, і ўдзяляе ім благаслаўленне ў знак надзеі і падтрымкі. (AG)
|