Папа і Прэзідэнт Лівана абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне і сірыйскі канфлікт |
Святы Айцец
|
03.05.2013 15:09 |
3 мая папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Лівана Мішэля Сулеймана. Палітык сустрэўся таксама з Дзяржсакратаром кардыналам Тарчызіо Бэртонэ, у суправаджэнні сакратара па адносінах з дзяржавамі арцыбіскупа Дамініка Мамбэрці. Асаблівая ўвага была звернута на сітуацыю ў рэгіёне, у прыватнасці на канфлікт у Сірыі.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, падчас размовы абмяркоўвалася сітуацыя ў краіне, падкрэслівалася важнасць дыялога і супрацоўніцтва паміж членамі розных этнічных і рэлігійных супольнасцяў. У паведамленні Прэс-службы Апостальскай Сталіцы гаворыцца, што папа Францішак выказаў найлепшыя пажаданні ў сувязі з фарміраваннем новага ўраду, якому будзе наканавана «адказаць на важныя выклікі на нацыянальным і міжнародным узроўнях».
Суразмоўцы выказалі заклапочанасць лёсам вялікай колькасці сірыйскіх бежанцаў, якія шукаюць прытулку ў Ліване і суседніх краінах, а таксама ўсяго насельніцтва Сірыі, якая на працягу амаль двух гадоў пакутуе ад насілля і войнаў. Папа і Прэзідэнт Лівана пагадзіліся ў неабходнасці павелічэння гуманітарнай дапамогі насельніцтву гэтай краіны і падтрымкі міжнароднай супольнасці.
Акрамя сірыйскай праблемы, у цэнтры ўвагі былі адносіны паміж ізраільцянамі і палесцінцамі. Было выказана пажаданне аднаўлення перамоваў паміж гэтымі народамі дзеля дасягнення міру і стабільнасці ва ўсім рэгіёне.
Таксама папа Францішак і Мішэль Сулейман закранулі сітуацыю хрысціян на ўсім Блізкім Усходзе. Падкрэслівалася важнасць накірункаў, вызначаных Бэнэдыктам XVI у Апостальскай адгартацыі «Касцёл на Блізкім Усходзе», падпісанай у Ліване падчас падарожжа Пантыфіка ў гэтую краіну восенню 2012 г. (AG)
|