У Дзень правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня, Сусветны саюз каталіцкіх жанчын звярнуўся да міжнароднай супольнасці са спецыяльным пасланнем. Дакумент заклікае да павагі і абароны правоў чалавека, а таксама да абароны сям’і і шлюбу.
Каталіцкія жанчыны ўсяго свету спасылаюцца на энцыкліку «Pacem in Terris» («Мір на зямлі») благаслаўлёнага папы Яна ХХІІІ, у якой звяртаецца ўвага на неабходнасць пашаны і абароны правоў чалавека, а таксама на Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека ААН. Права на існаванне і базавы стандарт жыцця, як гаворыцца ў пасланні, «уключае ў сябе права на жыццё, харчаванне, вопратку, сацыяльныя паслугі і адукацыю, а таксама права на свабоду слова і друку, права на працу і яе свабодны выбар».
Саюз каталіцкіх жанчын падкрэслівае, што права на жыццё сёння павінна ахоўвацца асабліва моцна. Таму каталіцкія жанчыны свету павінны стаць у абароне ўсіх дзяцей, таксама ненароджаных, і спрыяць забеспячэнню іх належнай аховы, у тым ліку ва ўлонні маці.
Акрамя таго, як інфармуе Ватыканскае радыё, асацыяцыя заклікала да аховы сужэнства і сям’і. «Урады краін і грамадзянскія супольнасці павінны прызнаваць выключна манагамныя гетэрасексуальныя сужэнствы», — заявілі члены Сусветнага саюзу каталіцкіх жанчын. (AG)
|