| Касцёл у Індыі абвясціў Дзень роўнасці палоў для барацьбы з насіллем над жанчынамі | 
	| 10.01.2013 17:19 | 
|  Арцыбіскуп Бамбея (Індыя) кардынал Освальд Грацыяс абвясціў у сваёй архідыяцэзіі 27 студзеня Днём салідарнасці на карысць справядлівасці і роўнасці палоў. Старшыня епіскапату Індыі выступіў з гэтай ініцыятывай пасля выпадку жорсткага гвалту над студэнткай у Нью-Дэлі, які выклікаў у краіне дыскусію па праблеме насілля над жанчынамі.
 У гэты дзень у архідыяцэзіі Бамбея адбудуцца сустрэчы, семінары, розныя акцыі і гадзінная малітва ў парафіях, кляштарах і семінарыях. 
 Па словах кардынала Грацыяса, выключэнне Бога з чалавечага жыцця ўсё больш прыводзіць людзей да разнастайных жорсткасцяў, асабліва ў дачыненні да жанчын. Іерарх спадзяецца, што Дзень роўнасці палоў паспрыяе пазітыўным зменам у краіне, бо жанчыны там часта ўспрымаюцца як «прадметы або людзі другой катэгорыі».
 
 Адсутнасць роўнасці палоў, дадаў іерарх, выклікае «глыбокія раны» ў індыйскім грамадстве.
 (AG) 
 |