Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце новага навучальнага года

27 верасня 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Глыбокапаважаныя студэнты, дарагія браты і сёстры!

1. Штогод на пачатку новага навучальнага года мы традыцыйна збіраемся ў мінскай катэдры, каб маліцца ў інтэнцыі студэнтаў. Каталіцкі Касцёл заклікае кожную справу з самага пачатку даверыць Богу. На лацінскай мове ёсць такі выраз: «In nomine Domini», што азначае «У імя Пана». Паводле традыцыі ён гаворыцца на пачатку нейкай справы. Таму і сёння, на пачатку новага навучальнага года, мы ўсе разам нашай малітвай хочам сказаць: «У імя Пана, дарагі студэнт, распачынай новы этап свайго жыцця і прафесійнай фармацыі». Менавіта тады ў ёй будзе прысутнічаць не толькі чыста чалавечае імкненне пазнаваць новае і грызці граніт навукі, але яно будзе напоўнена маральным зместам, што так трэба сучаснаму маладому чалавеку, асабліва калі ён застаецца далёка ад сям’і і знаходзіцца ў ліберальным асяроддзі.

2. Кожны з вас, дарагія студэнты, выбраў нейкую спецыяльнасць, каб у ёй потым рэалізаваць сябе. Гэта павінен быць не проста выбар, але пакліканне. Чаму да аднаго ўрача вялікія чэргі, а да іншага ніхто не хоча ісці? Таму што першы проста ўрач, які глядзіць на сваю працу толькі як на спосаб зарабіць, а іншы — перажывае яе як пакліканне несці людзям дапамогу. Зразумела, што кожная праца вартая платы, — як навучае св. апостал Павел. Але і ўрач, і іншы спецыяліст не павінен быць толькі аўтаматам, які за канкрэтную суму грошай выдае канкрэтны тавар, напрыклад, газіроўку ці пепсі-колу. Аднак калі ён выконвае сваю працу з любоўю, ажыццяўляючы сваё пакліканне, то яна набірае іншы сэнс. Да гэтага трэба рыхтавацца падчас працэсу навучання.

У духоўнай семінарыі працэс падрыхтоўкі да святарства называецца не працэсам навучання, а працэсам фармацыі. Гэтая фармацыя мае чатыры напрамкі: фармацыя чалавечая, фармацыя духоўная, фармацыя інтэлектуальная і фармацыя пастырская. Прычым чалавечая фармацыя з’яўляецца галоўнай. Святаром становяцца праз святарскае пасвячэнне, а чалавекам трэба станавіцца ўсё жыццё.

У нейкім сэнсе гэтую фармацыю можна аднесці і да свецкіх універсітэтаў. Вы найперш будзеце праходзіць інтэлектуальную падрыхтоўку, будзеце вучыцца на матэматыкаў, фізікаў, хімікаў, інжынераў, урачоў, гісторыкаў і г.д. Гэта варунак, без якога ніхто не атрымае дыплома. Вы таксама будзеце праходзіць і практычную фармацыю праз розныя практыкі, у залежнасці ад выбранай спецыяльнасці. Гэта таксама варунак, каб паспяхова скончыць універсітэт.

Аднак каб быць добрым і шанаваным спецыялістам, гэтага яшчэ не дастаткова. Патрэбна і чалавечая фармацыя. У наш час усё больш і больш адчуваецца патрэба ў духоўнай фармацыі. Сучасныя дасягненні навукі патрабуюць іх этычнага выкарыстання, інакш замест таго, каб несці людзям дапамогу і шчасце, яны стануць крыніцай зла. Далёка не трэба хадзіць. Дасягненні ў галіне генетыкі і медыцыны могуць ратаваць жыццё, але могуць яго і забіваць. Таму вельмі важна з пункту гледжання Касцёла, як вартаўніка маральнасці, дапамагчы студэнту належным чынам, адпаведна з навучаннем Евангелля сфармаваць сваё сумленне. Свет і наша краіна патрабуюць не толькі высокакваліфікаваных спецыялістаў, але таксама высокамаральных, якія будуць адказваць на выклікі часу згодна з навучаннем Касцёла.  

3. Гэта нялёгкае заданне. Чалавек, які паступае маральна, у нашым свеце можа не знайсці разумення, можа быць высмеяны і не прыняты грамадствам. Але як веруючы чалавек ён ведае, што павінен жыць і дзейнічаць паводле свайго, належным чынам сфармаванага сумлення. Яго вера павінна праяўляцца не толькі ў касцёле падчас малітвы, але і ў працы. Вялікім непаразуменнем з’яўляюцца заявы некаторых сучасных людзей, што захаванне маральнага права не абавязвае ў месцы працы. Такое становішча хрысціяніна не адпавядае яго годнасці і на самой справе з’яўляецца карыкатурай на хрысціянства.

4. Каб дапамагчы студэнтам і моладзі ў іх чалавечай і духоўнай фармацыі, Касцёл арганізуе спецыяльныя набажэнствы і сустрэчы. Яны адбываюцца рэгулярна ў катэдры кожны панядзелак пасля вячэрняй св. Імшы. У Чырвоным касцёле ўводзіцца пастырства студэнтаў. У Адвэнт і Вялікі пост у катэдры праводзяцца спецыяльныя чуванні, якія рыхтуе моладзь. Напэўна, яшчэ трэба шмат зрабіць у галіне развіцця пастырства студэнтаў і моладзі, аднак ужо можна шмат чаго выкарыстаць. Да чаго і заклікаю вас.

5. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Вінцэнта дэ Поля — французскага святара, які прысвяціў сваё жыццё служэнню бедным і развіццю дабрачыннасці. Дапамога патрабуючым з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных спосабаў евангелізацыі. Хрыстус кажа: усё тое, што вы зрабілі бедным, Мне зрабілі.

Сярод нас і сярод студэнтаў ёсць бедныя матэрыяльна, і ім у меру магчымасці неабходна дапамагаць. Аднак сярод нас ёсць вельмі шмат таксама маральна бедных, тых, якія не ведаюць Божага закону, пад уплывам секулярызму аслабілі сваю веру і нават адышлі ад Бога. Ім неабходна дапамагчы. Таму, дарагія студэнты, вы павінны несці адказнасць не толькі за сябе саміх, але і за тых, хто знаходзіцца побач з вамі. Сучасны свет, у тым ліку і акадэмічны, патрабуе хрысціянскага сведчання, каб узмацніць веру ў тых, у каго яна аслабла, і прывесці да яе няверуючых.

6. На сучасным этапе развіцця Касцёла яго галоўным заданнем з’яўляецца новая евангелізацыя — гэта азначае новае абвяшчэнне Евангелля тым, якія яго страцілі, з мэтай новай перадачы веры. Сучасны свет перажывае глыбокі крызіс веры, і таму папа Бенэдыкт XVI роўна праз два тыдні, 11 кастрычніка, распачне ў Рыме Год веры, каб дапамагчы чалавеку пачатку XXI стагодзя нанава адкрыць прыгажосць і неабходнасць веры для будавання шчаслівага жыцця на гэтай зямлі і дасягнення шчасця ў вечнасці.

Таму новы навучальны год супадае з Годам веры. Вы шчасліва ўвайшлі ў брамы ўніверсітэтаў. Брамы Года веры таксама шырока адкрытыя ўсім. Не бойцеся ўвайсці ў іх і правесці праз іх іншых людзей.

Сёння ўжо ніхто не ставіць пад сумненне, што навука не супярэчыць рэлігіі. Наадварот, яны дапаўняюць адна адну. Навука і рэлігія — гэта два крылы, на якіх чалавецтва ўздымаецца ўверх, каб пазнаць ісціну, — як кажа благаслаўлёны папа Ян Павел II.

7. Напэўна, многія з вас ведаюць пра Еўрапейскі Цэнтр ядзерных даследаванняў, так званы ЦЭРН, і яго апошняе проста рэвалюцыйнае дасягненне, адкрыццё стагоддзя, якое атрымала назву базон Гіггса. Яшчэ ў 1964 г. англійскі фізік Пітэр Гіггс, які яшчэ жыве, нагадаў пра гіпатэтычнае існаванне элементарнай часткі, якая стварыла ўсю масу сусвету. Таму гэтую частку пачалі жартаўліва называць часткай Бога.

Гэтае адкрыццё не супярэчыць існаванню Бога, але, наадварот, з’яўляецца пацвярджэннем таго, што Бог таксама прамаўляе і аб’яўляе сябе і праз базон Гіггса. Яно дазваляе заглянуць у глыбіню матэрыі і мае рашучае значэнне для зразумення таго, як быў створаны суствет. Базон Гіггса існуе паўсюль — у планетах, галактыках, у кожным з нас, што з’яўляецца пацвярджэннем таго, што свет пабудаваны па законам логікі, а гэта ўказвае на існаванне аўтара гэтых законаў — Бога.

Навуковец адкрывае законы, якіх ён сам не ўстанавіў. Пошук таго, хто гэтыя законы ўстанавіў, з’яўляецца пытаннем тэалагічным. Навуковец абмяжоўваецца тым, што было адкрыта, а веруючы ў гэтым бачыць плён дзеяння Бога. Таму для веруючага чалавека частка Гіггса з’яўляецца часткай Бога, як і кожная іншая частка матэрыі.

8. Дарагія студэнты!

Вялікі Альберт Эйнштэйн — творца тэорыі адноснасці — казаў: «Навука без веры з’яўляецца кульгавай, а вера без навукі сляпой».

Будзьце нармальнымі, здаровымі душой і целам людзьмі. Пазнавайце навуку і яе пазнанне ўмацоўвайце верай, каб гэтым самым развівацца гарманічна, славіць Бога і жыць Ягонай праўдай, у якой нашае шчасце. Амэн.

Адноўлена 27.09.2012 20:13
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі