Баранавічы. 24 сакавіка 2013 г., Пальмовая нядзеля. Год веры. 75-годдзе кананізацыі св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі.
Вітаю вас, дарагая моладзь, усіх тых, хто прыбыў на гэтую дыяцэзіяльную сустрэчу!
Урачыстай працэсіяй, паслухаўшы евангельскі ўрывак пра Муку Пана, мы распачалі Вялікі тыдзень. Перад намі праходзяць ўсе апошнія дні Пана нашага Езуса Хрыста. Пальмовая нядзеля — гэта апошні тыдзень жыцця Пана Езуса. Ён выходзіць з Бэтфагіі, праходзіць праз Аліўную гару, сыходзіць на самы дол кедравай даліны побач з базылікай Гетсіманіі. Праз усходнюю браму Ён уваходзіць у Ерузалем, дзе распачынаецца Яго крыжовы шлях. Яго паставяць перад вялікай радай, затым здрадзяць вучні, а Ён у Найсвяцейшай Эўхарыстыі пакіне асаблівы знак сваёй любові не толькі да тых, хто Яго акружаў, але і да ўсіх наступных пакаленняў, таксама і да нас. Мы ідзём за крыжам і затрымліваемся ля Яго пустой магілы. І ў гэты момант настае пасланне, якое нарадзіла хрысціянства. У Вялікім тыдні мы будзем яшчэ вяртацца да асобных сцэн, пададзеных рознымі Евангелістамі, затрымаемся над зместам, які нясе Пальмовая нядзеля.