7 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады па культуры на тэму «Новыя моладзевыя культуры», якое 6–9 лютага праходзіць у Апостальскай Сталіцы. У прамове Папа звярнуў увагу на шэраг праблем, з якімі сустракаецца сучасная моладзь.
У першую чаргу Пантыфік адзначыў вялікую праблему беспрацоўя. «Няўпэўненасць і слабасць, якія характарызуюць многіх маладых людзей, нярэдка падштурхоўваюць іх да маргіналізаванасці, робяць амаль нябачнымі і адсутнымі ў гістарычных і культурных працэсах грамадства», — сказаў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.
На думку Святога Айца, эмацыйная і пачуццёвая сферы, напрыклад цялесная, пад уплывам сучаснай культуры сярод моладзі знаходзяць выраз у «тэатралізацыі інтымнага і асабістага жыцця», а таксама ў «індывідуалістычнай і нарцысісцкай замкнёнасці на сваіх уласных патрэбах і інтарэсах». Рэлігійнае вымярэнне, вопыт веры і прыналежнасці да Касцёла «часта перажываюцца ў эгаістычнай і эмацыйнай перспектыве».
З іншага боку Папа адзначыў пазітыўныя феномены, якія характарызуюць сучасную моладзь: гэта адкрытасць на «валанцёрскую працу на карысць патрабуючых; глыбокая і шчырая вера, радаснае сведчанне аб прыналежнасці да Касцёла; намаганні па пабудове грамадстваў, здольных паважаць свабоду і годнасць усіх, пачынаючы ад самых слабых».
«Мы знаходзімся перад абліччам рэальнасці як ніколі складанай, але таксама і прывабнай, якую неабходна зразумець, глыбока вывучаючы, і любіць з моцным духам суперажывання», — сказаў Святы Айцец. Пантыфік падкрэсліў, што моладзевыя культуры «дэманструюць глыбокую патрэбу, просьбу аб дапамозе ці нават „правакацыю”, якую нельга ігнараваць ці адкідаць як грамадству, так і касцёльнай супольнасці». Калі «моладзь не будзе больш спадзявацца і развівацца, калі не ўключыць у гістарычную дынаміку сваю энергію, жыццярадаснасць, здольнасць апярэджваць будучыню, мы ўбачым чалавецтва закрытае ў самім сабе, пазбаўленае надзеі і пазітыўнага позірку на заўтрашні дзень». (AG)
|