Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Не канцэнтраваць увагі на негатыўным
Этыка ў штодзённасці. Старонка Рамана Хацяна
29.07.2011 11:12

Пра тое, што зло — гэта адсутнасць дабра, ведаюць нават дзеці. Тэолагі адносна гэтага выкажуцца больш канкрэтна: зло — гэта адсутнасць Бога. Калі ў сэрцы чалавека няма месца для Божай любові, там пануе ілжывасць, здрада, зайздрасць. І наадварот: у сэрцы, якое перапоўнена Божай любоўю, няма месца для граху.

Цяпер прынята казаць, што мы жывём у цяжкі час, а вакол нас столькі нянавісці, крыўды, падману. Людзі губляюць духоўныя каштоўнасці, адмаўляюцца ад маральных аўтарытэтаў, ігнаруюць традыцыі і сацыяльныя нормы. Гэтае нараканне становіцца нормаю, якая пачынае перадавацца з пакалення ў пакаленне. Думаю, варта заглянуць у глыбіню гэтай праблемы.

Аднойчы мне ў рукі трапіў артыкул, які датуецца 1930 годам. У ім апісваліся тыя часы. Характарызаваліся яны як складаныя, з рознымі адмоўнымі праявамі ў грамадстве. Узнікае пытанне: што змянілася за больш чым 80 гадоў? Адказ прыходзіць спантанна: хутчэй за ўсё нічога. Паставім перад сабою другое пытанне: што зменіцца яшчэ праз 80 гадоў? Не думаю, што адказ будзе гучаць іначай. Тым не менш, мы не перастаём канцэнтраваць увагу на дрэнным. Дабро ж, якое існуе навокал нас, мы не толькі ігнаруем, а нават не хочам заўважаць. Дзесяцігоддзямі, «седзячы на канапе», мы крытыкуем, наракаем, абвінавачваем, пры гэтым нічога не мяняючы. Мы нібы ўпітваем ў сябе негатыўнае, становімся, як той кіслы яблык. Ці ж не пара змяніць падыход да жыццёвых праблем, распачаўшы ад самога сябе? Ці не час прачнуцца ад літаргічнага сну, пачуць Хрыстовае EFFАTA (адчыніся) і пачаць заўважаць дабро, якое ёсць вакол нас?

Міласэрны Бог не перастае адорваць нас сваёю любоўю, якую шчодра ўлівае ў сэрцы шматлікіх людзей, гатовых прымаць Божую ласку, каб не спыняцца на прыгожых прамовах і ўзнёслых словах, а рэалізоўваць іх у канкрэтным дзеянні. Са здзіўленнем і радасцю мы заўважаем вакол нас такіх людзей і бачым іх дзеянні: моладзь самаахвярна ідзе працаваць у дамы-інтэрнаты, ствараюцца новыя хрысціянскія псіхалагічныя кансультацыі, дзейнічае міжнародная дабрачынная арганізацыя «Карытас», усе больш па тэлебачанні трансліруецца духоўных праграм, а нашыя дзеці бесперашкодна могуць хадзіць на заняткі рэлігіі.

Цяжка заўважаць і рабіць малое дабро, якое па сваёй прыродзе не рэкламуе сябе, у адрозненні ад паўсюдна лямантуючага зла. Але ж паступова змяняючы свае закасцянелыя стэрэатыпы, мы будзем мець іншы погляд на праблемы, а гэта дапаможа нам больш адважна падыходзіць да іх рашэння. Сваё песімістычнае «што я магу зрабіць, калі вакол мяне столькі зла?» мы зможам змяніць на аптымістычнае «я таксама магу зрабіць штосьці добрае!»

Раман Хацян

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.