Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Не ісці шляхам мінімаліста
Этыка ў штодзённасці. Старонка Рамана Хацяна
09.08.2011 14:53

Тое, што можаш зрабіць сёння, зрабі заўтра. Гэта, можна сказаць, жартаўлівае жыццёвае крэда кожнага мінімаліста. Агульная характарыстыка кожнага такога чалавека прыкладна гучыць так: «Не перарабіць той мінімальны план, якога ад нас патрабуюць жыццёвыя абставіны».  Не выконваць таго, што хоць крыху перавышае абавязаную норму. А кожную выкананую дзейнасць трэба адзначыць як задавальняючую, бо сама справа зроблена і ніякіх прэтэнзій не павінна быць.

Так і жывуць гэтыя людзі, з дня на дзень павышаючы свой асабісты «каэфіцыент карыснага дзеяння» — мінімум працы і намаганняў, а максімум карысці. Такая пастава чалавека сведчыць аб яго вялікім эгаізме, канцэнтравання ўсёй сваёй ўвагі выключна на сабе і на сваіх інтарэсах. Ні ў адной справе яны не праявяць ані цікавасці, ані ініцыятывы, бо ўнутранае перакананне ім падказвае, што гэтая справа не варта свечак і па-за гэтым трэба берагчы сябе для больш ўзнёслых імкненняў.

У асяроддзі, дзе мы можам спаткаць такіх людзей, заўважаецца той факт, што ў ім людзі глядзяць адзін на аднаго, як ваўкі. Кожны патрабуе ад іншага таго, чаго сам зусім не збіраецца даваць альбо рабіць. Гатоўнасць, каб мінімум даць і максімум атрымаць. А калі гэты закон перастае дзейнічаць, то вынік такіх абставін агульнавядомы.

У Евангеллі мы сустракаем такіх людзей больш відавочна пры размнажэнні хлеба. Людзі, якія адчуваюць голад па Божым слове і голад фізічны, атрымліваюць і тое, і другое з мінімальнымі намаганнямі. Паслухалі новыя цікавыя прыпавесці і без цяжкай працы, дарма атрымоўваюць у патрэбнай колькасці хлеб. І тут уключаецца на поўную сілу інстынкт мінімаліста, які патрабуе: «Хлеба і відовішчаў!» Народ жадае абраць Езуса палітычным каралём Ізраэля, бо адразу зразумеў, што без намаганняў жыць будзе куды прасцей ды цікавей. Яны мяркуюць, што калі ахвяруюць свайму настаўніку тытул караля, то ўжо абавязкова назаўжды пазбавяць самі сябе нуды і цяжкай працы. А Езус, пазнаўшы сапраўдныя думкі натоўпу, пакідае іх.

Бог не жадае, каб чалавек крочыў шляхам мінімаліста, бо гэта свядомая згода на дэградацыю. Ён патрабуе ад нас, каб мы маглі развівацца, станавіліся ўсё больш адкрытымі ў адносінах да нашых бліжніх, свае інтарэсы маглі трымаць у раўнавазе з патрэбамі іншых. Даваць і прымаць аднолькава радасна.

Напэўна, неўміручыя словы аднойчы сказаў благаслаўлёны Ян Павел II, звяртаючыся да моладзі: «Патрабуйце ад сябе самі, нават тады, калі ад вас ніхто нічога не патрабуе».  Коратка і зразумела Папа заахвоціў моладзь, каб яна не заставалася на мінімальным узроўні штодзённасці, але прабівалася праз тоўшчу абыякавасці і эгаізму да духоўнага развіцця і евангельскага радыкалізму.

Раман Хацян


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.