Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З камфармізму ў нігілізм
Этыка ў штодзённасці. Старонка Рамана Хацяна
05.09.2011 13:14

На самым пачатку разбярэмся з тэрмінамі. Каму ж з нас не вядома прыемнае і меладычнае слова «камфорт»? Той, хто прысвячае ўсе свае намаганні на авалодванне матэрыяльнымі каштоўнасцямі, з’яўляецца камфармістам. У паўсядзённай мове такога чалавека называюць «прыстасаванец».

Тэрмін «нігілізм» (з лацінскай мовы nihil — нічога) вельмі часта выкарыстоўваўся нямецкімі філосафамі для падкрэслівання адсутнасці ўсіх культурна-духоўных норм і абавязкаў. Асабліва гэта было заўважна, калі некаторыя філосафы фармальна выказалі ідэю, што Бога няма, Бог памёр. Не трэба баяцца смерці, не трэба баяцца граху, не трэба клапаціцца пра кагосьці іншага апрача сябе — бо і так усе ператворацца ў жменьку пылу, пасля якой нічога не застанецца.

Але час робіць сваю справу. Няма ўжо публічных філасофскіх дыспутаў, няма ўжо абароны сваёй непаўторнай ідэі ажно да страты ўсеагульнага прызнання, і не бачна тых, хто поўнасцю прысвячае сябе на вывучэнне чужой дактрыны, каб толькі знайсці ў ёй слабое месца. Але засталіся ідэі, якія прымае чалавек адносна свайго светапогляду. І мне здаецца, што ніхто не будзе супярэчыць, калі сказаць, што менавіта ідэя цэласнага камфармізму найбольш блізкая цяперашняму свету. Трэба адзначыць, што на працягу ўсяго існавання чалавецтва пошук камфорту быў яго неад’емнай часткаю. І гэта добра, так — добра, бо хто з нас хацеў бы быць галодным і жыць у холадзе? Але я кажу аб паталагічным жаданні абагаціцца. Чым больш маеш, тым больш яшчэ жадаеш, бо, як вядома, — апетыт прыходзіць у час ежы! Тады патроху перастаеш заўважаць патрэбы бліжніх, адчуваеш сваю вышэйшасць за іх, а ў канцы — і поўную беспакаранасць у дасягненні ўсё большага дабрабыту. І тады чалавек трапляе ў пастку свайго жадання, каб толькі больш мець і далей набываць. Адчуваць поўны камфорт ад поўнай незалежнасці, не зважаючы на тых, хто не здолеў даскочыць да такога ўзроўню.

Штодзённая філасофія камфарміста суправаджаецца ідэяй нігілізму. Няма Бога, няма сумлення, няма пачуцця граху — а гэта азначае, што няма ніякай маральнай адказнасці перад самім сабой. Толькі такая жыццёвая пастаноўка часамі дае збоі, калі ў галаву самаадвольна ўбіваецца пытанне: а што далей? Які сэнс такога існавання, калі заўжды прыходзілася ісці «па галовах»? Адказ, што са смерцю ўсё скончыцца, не задавальняе здаровую логіку. Навошта так цяжка здабываць маёмасць, каб усё раптам страціць? Такое пытанне аб смерці найлепш гнаць ад сябе, альбо маскіраваць свой страх, схаваць яго ў найглыбейшы куток сваёй душы. А сваю ўвагу накіраваць толькі на працу і здабыванне камфорту і ні пад якім прэтэкстам не глядзець на сваё ўнутранае «я» і не прыслухоўвацца да голасу сумлення.

Для такога чалавека няма ўжо нічога святога, яго не хвалююць праблемы беднасці, прыніжэння і выкарыстоўвання людзей. Бачанне асобы аднабокае: які я буду мець з яго пажытак?

Бог ніколі і нікога насілу не прымушае, каб Яго любілі і прымалі. Ён цярпліва чакае, дае магчымасць прагнення і прабывання ў еднасці з сабой. А калі чалавек безагаворачна і рашуча замыкаецца на голас Бога, то Яму нічога не застаецца, як даць магчымасць чалавеку пажаць плёны ўласна пасаджанага насення. А дзе была пасаджана крыўда і падман, ці вырасце там Любоў?

Раман Хацян
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.