Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зірнуць у глыбіню
Этыка ў штодзённасці. Старонка Рамана Хацяна
19.09.2011 15:36

Чытаючы Евангелле паводле Лукі, мы бачым адзін дыялог паміж настаўнікам і вучнем, дзе Езус заахвочвае Сымона (Пятра), каб ён выплыў на глыбіню і закінуў сетку. Гэты кароткі фрагмент «выплыць на глыбіню» мімаволі нараджае вялізнае мноства рэфлексій, прыкладна такіх: «Што такое глыбіня?», «Чаму трэба паслухаць Настаўніка?», «Як сябе трэба паводзіць на глыбіні, якая нясе з сабой страх і няўпэўненасць?», «Чаму трэба адмовіцца ад старога спосабу дзеяння — вобраз плыткай вады, і пачаць новы стыль існавання — глыбокая вада?»

Мне хочацца пазбегнуць распаўсюджаных тэалагічных каментарыяў на конт гэтага фрагменту і, як напісана на пачатку, не толькі выплыць, але і зірнуць у глыбіню (а хто адважыцца, то і акунуцца). Ні для каго гэта не сакрэт, што Езус гаворыць тут не аб рыбалоўным мастацтве, а пра глыбіню чалавечай асобы, пра душу, сціснутую межамі дабрабыту і прыстасаванасці. Гэтае мелкаводдзе, якое дае пачуццё ўпэўненасці, кантролю і бяспекі, адначасова скоўвае чалавека. Не дае магчымасці дынамічнаму развіццю і абмяжоўвае бязмежную творчую дзейнасць сапраўднай свабоды. Задавальненне ад існавання ў бруднай, мутнай, бяспечнай, плыткай і цёплай вадзе. У адрозненне ад самаабмежаванасці, Езус заклікае да глыбіні. Ён, як сапраўдны настаўнік, не змушае і не ігнаруе, Ён заклікае. Бо добра ведае, што для чалавека ёсць дабро. Так, гэта цяжка, так, гэта боязна, так, гэта вялікія намаганні, так, гэта… і так далей. Але гэта сапраўдная свабода, дзе чалавек адчувае сябе Чалавекам, а не ананімнаю часткаю ў якімсьці вялізным рухавіку.

Другі вобраз, які прыходзіць мне на думку, — гэта вобраз малых дзяцей, якія купаюцца ў плыткай і мутнай вадзе. Яны добра ведаюць, что глыбіні трэба баяцца. Адначасова яны вельмі ганарацца і зайздросцяць даросламу, які адважна і прыгожа плыве па глыбокай, прахалоднай, чыстай вадзе. Метафарычна кажучы, выходзіць так: хто плавае на глыбіні — той дарослы, а хто барахтаецца ў плыткай вадзе — той яшчэ дзіця. Я тут не кажу аб спаборніцтвах на вадаёмах, але аб існаванні і рэалізацыі людзей ў свеце, якія баяцца страціць сваю інфантыльнасць, а з ёю пачуццё бяспекі. А галоўнае — атрымаць сваю свабоду і прыняць за яе адказнасць.

Я нагадваю, что важна не толькі выплыць, але і зазірнуць у глыбіню, глыбіню самога сябе. Сымон выплыў, як яму прапанаваў Езус, і атрымаў вялікі ўлоў рыбы, калі была закінута сетка. Ці гэта не сімвал плёну, працы над самім сабою, за рашучасць і адвагу? А мы акрамя таго, як толькі выплыць на глыбіню, ці не павінны ў яе зазірнуць? Наколькі многія людзі адважацца глядзець у найбольш патаемные куткі сваёй душы? Ці гэтая глыбіня не перапоўніць сваім страхам і бяздоннасцю?

Рускі класік Ф. Дастаеўскі сказаў: «Аб некаторых праблемах можна сказаць толькі сябрам, аб некаторых праблемах можна сказаць толькі самому сабе, у некаторых праблемах нават самому сабе цяжка прызнацца». Таму і атрымліваецца, што, каб не вырашаць праблему, лепш яе не заўважаць, не выплываць на глыбіню самапазнавання і самакрытыкі, бо страшныя рэчы можна ўбачыць. Выходзіць, лепш назаўсёды заставацца дзіцём, якое бяспечна плюхаецца на мелкаводдзі?

Адзін з найбольш вядомых містыкаў Ян ад Крыжа ў сваіх творах паказваў цяжкасці ў справе ачышчаючага самапазнання. Зірнуць у глыбіню — гэта як падымацца на вялікую гару. Цяжка, страшна, навобмацак, чым вышэй, тым цяжэй, але ёсць упэўненасць у дасягненні вяршыні. Альбо параўнанне з усёпранікаючым агнём, які прычыняе вялізны боль, калі гарыць у сэрцы, ачышчаючы месца для Божай ласкі і любові, дзе не будзе месца залежнасці, эгаізму, крыўдзе.

Варта зірнуць у самога сябе і не перапужацца, але адшукаць свабоду на глыбіні сваёй асобы, вырваўшыся з вязніцы мелкаводдзя камфармізму і крывадушніцтва.

Раман Хацян
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.