Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гісторыя аднаго фотаздымка |
Усяго патроху |
14.01.2012 01:04 |
«Людзі ідуць, узяўшыся за рукі ў промнях сонечнага святла... Гэта гісторыя здарылася амаль 10 год таму, але і сёння кожны з нас успамінае яе як вялікі знак Божай любові. Тады Бог уратаваў наша жыццё і пачуў малітву», — распавядае Аляксандра Шчыглінская, фатограф Catholic.by. Гэта было ў Польшчы, калі мы разам з групай моладзі пайшлі ў горы. Прыгожыя краявіды, добрае надвор’е і ўсмешкі сяброў — усё гэта дапамагала нам крок за крокам узнімацца на вяршыню вялікай гары. Шлях быў нялёгкі і заняў прыкладна палову дня. У кожнага былі свае спадзяванні і ўяўленні аб той прыгажосці, якая павінна была адкрыцца перад намі ў хуткім часе...І сапраўды, яна была неверагоднай: вялікія абшары лесу і горныя вяршыні, цудоўная прырода, якую стварыў Пан Бог! Але адразу ўбачылі і небяспеку — на нас насоўвалася вялікая бура. Чорныя хмары з маланкамі хутка рухаліся ў наш бок. «Паслухайце: нам трэба вельмі хутка спусціцца, — сказаў ляснік, які суправаджаў нас, — бура ідзе якраз на гэты бок гары, і будзе вельмі небяспечна. Хутка пачне валіць дрэвы». Гэта былі словы чалавека, які амаль усё жыццё правёў у гарах і ведае сваю справу, ён не жартаваў, і гэта не была проста паніка. Усе пачалі як мага хутчэй збягаць уніз па сцежцы. Але разам з намі была дзяўчына, якая не магла хутка хадзіць: нягледзячы на малады ўзрост, у яе было шмат праблем са здароўем. Кася мела цудоўнае сэрца — была заўсёды радаснай, нягледзячы на свае абмежаванні. Казала, што магчыма быць шчаслівым, калі нават нічога не маеш, бо побач ёсць Бог. Яе пастава была вялікім сведчаннем для кожнага з нас. Таксама яна любіла хадзіць у горы, хаця для яе гэта заўсёды было звязана з праблемамі. І вось калі ўсе пачалі хутка спускацца ўніз, мы з сябрамі зразумелі, што не можам пакінуць яе тут адну. Нас было трое, якія вырашылі застацца і дапамагчы. Мы ўзялі Касю з абодвух бакоў за рукі і пачалі павольна сыходзіць уніз. Пачаўся моцны дождж і вецер, сцежку размыла, і шлях сапраўды быў нялёгкім. Тады мы пачалі маліцца Ружанец і прасіць Марыю, каб яна дапамагла нам бяспечна сысці з гары. Мы маліліся ўголас, трымаючыся моцна за рукі, і даручалі Богу свой шлях. У адзін з момантаў хлопец, які ішоў з намі, ледзь не сарваўся ўніз у абрыў са слізкай сцежкі. Утрымаўся ён толькі за Касіну руку, за руку той, каго мы лічылі «найслабейшай» з усіх нас... На шчасце, дрэвы не валіла, і мы спусціліся бяспечна. Калі закончылі маліцца ружанец, якраз суцішыўся дождж і выглянула сонца. Шэры туман змяніўся на залатую дымку, і мы ўжо ішлі ў сонечным святле па шырокай дарозе. Ішлі, усё яшчэ трымаючыся за рукі... Не размаўлялі зашмат, бо былі вельмі стомленыя. Але кожны з нас у сэрцы дзякаваў Богу і разважаў пра тое, што адбылося. Так, Бог пачуў нашу малітву, ён падарыў нам бяспечны шлях. Але таксама падарыў нешта большае. Калі мы ішлі разам па гэтай дарозе, залітай сонечным святлом, нам узгадаліся словы Езуса «Любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (пар. Ян 15, 12). Нашыя сэрцы не маглі змясціць радасці ад гэтых слоў: «Любіце адно аднаго». Сапраўды, уся гэта гісторыя стала нібы запрашэннем для кожнага з нас, каб любіць. А сонечнае святло — як знак Божага благаслаўлення на гэтым шляху. Дзіўна, але яшчэ раніцай гэтага дня мы мелі крыўды адно на аднаго, а цяпер ішлі, трымаючыся за рукі... Гэта Бог так аб’яднаў нас. Аляксандра Шчыглінская |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.