«Sister Сristina»: музычнае адкрыццё года |
Усяго патроху | ||||||||||||||||||||||||
30.12.2014 16:35 | ||||||||||||||||||||||||
Днямі на афіцыйным youtube-канале с. Крысціны Скучыі быў прэзентаваны яе новы кліп «Blessed Be Your Name». Кліп стаў другой відэапрацай з дэбютнага альбома «Sister Сristina», выпушчанага 11 лістапада 2014 года. 26-гадовая ўршулянка пасля перамогі ў італьянскім тэлепраекце «Голас» падпісала кантракт з гуказапісваючай кампаніяй «Universal Music Group» — адной з найбольш уплывовых лэйблаў свету. Альбом спявачкі сёння дасяжны на itunes і amazon. Большасць песень сярод 12 запісаных кампазіцый складаюць кавер-версіі на творы іншых выканаўцаў. У прыватнасці, сваё прачытанне спявачка дае песням Джэсі Джэй, Алішы Кіс, Томаса Пэці, Сіндзі Лопер, Мэта Рэдмана, гурта Keane і інш.
Новы відэакліп сястры Крысціны зняты на песню «Blessed Be Your Name» брытанскага спевака Мэта Рэдмана, вядомага сваёй хрысціянскай пазіцыяй. Гэтая ж песня ёсць і ў рэпертуары гурта Newsboys. «Кожнае Тваё благаслаўленне я вярну з паклонам. Калі згусціцца змрок, Пане, я ўсё роўна скажу: Благаслаўлёнае Імя Пана, Благаслаўлёнае Імя Тваё», — гаворыцца ў песні. Відэакліп зняты ў стылістыцы, падобнай да папярэдняй працы спявачкі — кліпа на песню Мадонны «Like a Vіrgin». Відэа вылучае мяккасць светаценю і рознапланавасць работы аператараў. Песня «Blessed Be Your Name» стала працягам хрысціянскай тэмы ў творчасці спявачкі. Яшчэ адна песня спявачкі «Tru Colors» нядаўна была прэзентаваная падчас здымак Helene Fischer Show 2014, дзе сястра Крысціна выканала яе сумесна з папулярнай нямецкай спявачкай Хэленай Фішар. Першапачаткова песня «Tru Colors» знаходзілася ў рэпертуары амерыканскай спявачкі Сіндзі Лопер, якая ў 1986 годзе выпусціла нават аднайменны дыск з гэтай кампазіцыяй.
Ілья Лапато |