Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сесія. Некалькі парад студэнту
Усяго патроху
05.06.2015 16:42

Чэрвень - месяц вялікай і складанай працы для студэнтаў, якія змушаныя сядзець за кампутарамі, у бібліятэках за кніжкамі і паўтараць веды, атрыманыя цягам усяго вучэбнага году. Для шматлікіх юнакоў і юначак гэта таксама і перыяд асабліва натхнёнай, глыбокай малітвы. Многія па дарозе ў унівэрсітэт перад іспытам наведваюць храмы.

Святы Тамаш Аквiнскi, доктар Касцёла, быў не толькi знакамiтым тэолагам i фiлосафам Сярэднявечча, але i неблагiм настаўнiкам. Eн вучыў студэнтаў у знакамітай Сарбоне - Парыжскім унівэрсітэце, быў настаўнікам для сваiх братоў па Дамiнiканскаму ордэну, а таксама для вучняў дамiнiканскiх дамоў-студыяў. Нават яго найбольш знакамiты твор «Summa Theologiae» быў задуманы як дапаможнiк для студэнтаў.

Св. Тамашу прыпісваецца таксама аўтарства гэтага невялiкага лiста да брата Яна, дзе святы дае парады, як асягнуць сапраўдныя веды:

«Калi ты запытаўся мяне, у Хрысце мой дарагi Яне, як трэба вучыцца, каб здабыць скарб навукi, вось што я магу табе параiць.
Iмкнiся ручаiнамi, а не морам уваходзiць у навуку, бо праз лёгкія рэчы трэба падыходзiць да рэчаў больш складаных.
Вось, значыць, маё папярэджанне i тваё правiла:

  • было б добра, каб ты пазбягаў непатрэбных размоваў;
  • захоўваў чыстае сумленне;
  • не забываў пра малiтву;
  • любiў самоту i засяроджанасць;
  • быў добразычлівы з усiмi;
  • не быў занадта цікаўным;
  • не быў занадта фамільярным з іншымі, таму што гэта спараджае пагарду i вядзе да занядбання навукі;
  • не разважаў дарэмна над усім;
  • наследаваў прыклад святых i добрых людзей;
  • не зважаў на тое, хто гаворыць, але на тое, што добрага кажа, захоўваючы ўсё ў сваёй памяці;
  • спрабаваў зразумець усё, што чытаеш i што чуеш;
  • імкнуўся ўпэўнiцца ў тым, у чым сумняваешся;
  • захоўваў усё, што можаш, у сваёй памяці, як той скупы, які збірае багацце ў сваю скарбніцу;
  • не шукаў вышэйшага за сябе.

Выконваючы гэтыя правілы, ты прынясеш карысны плён у вiнаграднiк Пана Магуццяў і дзякуючы настойлiвасцi асягнеш тое, чаго прагнеш.
Брат Тамаш»

Малітва да Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай)

О Марыя, Найсвяцейшая Багародзіца Кангрэгацкая, пакорна дзякуем Табе за тое, што Ты шчодра адорваеш ласкамі і дабротамі сваіх слугаў, якія пабожна ўшаноўваюць цябе ў Тваім гродзенскім абразе. Мы, нягодныя Твае слугі, пакорна просім Цябе не забывацца таксама і пра нас. Будзь нашаю Заступніцаю перад Тваім Сынам, каб Ён асцярог нас ад граху і прывёў да вечнага збаўлення; май у апецы краіну нашу і верны Табе народ Божы; благаславі нашыя сем’і і няспынна захоўвай іх у любові, супакоі і адзінстве; вазьмі пад апеку нашую моладзь і не дай ёй збочыць са шляху справядлівасці, але дазволь ёй узрастаць у веры і цнотах, о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя. Амэн.

Падрыхтаваў Кс. Юры Марціновіч (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.