Прыпынак «Бліжні» |
Усяго патроху |
25.12.2015 00:00 |
Кожны з нас з нецярплівасцю чакае святаў Божага Нараджэння. Святочны стол, прыгожа ўбраная ёлка, падарункі… Шчыра кажучы, падрыхтоўка да святаў – гэта адзін з тых момантаў, якіх кожны, хутчэй за ўсё, хацеў бы пазбегнуць. Часта адчуваем сябе змучанымі пасля лётання па крамах, генеральнай уборкі ў хаце, вырашэння іншых важных спраў, бо гэта каштуе нашых намаганняў. Аднак мы пагаджаемся з цяжкасцямі, каб толькі атрымаць асалоду ад святаў, якія доўжацца ўсяго некалькі дзён, а потым усё ізноў становіцца шэрым і будзённым… Гэты вобраз нашага перадсвяточнага лётання, спешкі, занятасці мы можам расцягнуць на ўсё нашае жыццё. Агульная карціна нашай штодзённасці, за невялікім выключэннем, выглядала б так: адна справа ідзе за другой. Увесь час нам трэба штосьці зрабіць, кудысьці пайсці, штосьці вырашыць. Вельмі часта нам не хапае часу, каб спыніцца, перавесці подых, крыху адпачыць і ў той жа час падумаць пра сябе і іншых. Калі тут думаць пра іншых? Столькі розных спраў нас чакае. Апошнія два сказы становяцца нашым апраўданнем на ўсе выпадкі жыцця. Таму мы жывём і не заўважаем вакол нас людзей бедных, пакрыўджаных, нешчаслівых, якія патрабуюць нашага прыняцця, суцяшэння, дапамогі. Паток нашых заняткаў выносіць нас так далёка, што мы «праплываем» міма людзей, пакідаючы іх сам-насам са сваімі праблемамі, думаючы пры гэтым, што Пан Бог вырашыць іх сам, без нашага ўдзелу. Хрыстус жа кажа сваім вучням: «Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15, 12). Паспрабуем цяпер адказаць на пытанне: каго ці што мы любім больш – справы ці людзей? Калі мы выбярэм першы варыянт, то гэты выбар будзе адлюстраваннем нашай непадрыхтаванасці да святаў Божага Нараджэння. Можна сказаць, што мы змарнавалі час адвэнтавай падрыхтоўкі да святаў. Падрыхтаваліся знешне, але забыліся падрыхтаваць сэрца. Тады нам трэба шукаць паратунку, каб моцны паток нашых заданняў не змыў нас у прорву граху. Жадаю кожнаму з нас, каб падчас святаў Божага Нараджэння на нашым прыпынку пад назвай «Бліжні» не сядзелі бяздомныя, галодныя і прагнучыя, але каб кожны на гэтым месцы мог атрымаць часцінку таго, што мы называем любоўю да бліжняга. Кс. Павел Эйсмант |