Яшчэ адзін учынак міласэрнасці, або ці не схадзіць на дабрачынны канцэрт? |
Усяго патроху |
22.05.2016 00:00 |
Прыходзіць чарговая нядзеля — дзень для Пана, для сям’і і для сваёй душы, якую асабліва ў гэты дзень было б добра ўмацаваць і натхніць на цэлы тыдзень. Што б запланаваць? Можа, учынак міласэрнасці? А як ваша сям’я праводзіць дзень Пана? Традыцыйна, як, напрыклад, мая? Сняданак разам з усёй сям’ёй, потым Імша, куды асабліва спяшаецца мой малодшы брат, які нядаўна стаў бліжэй да алтара — з’яўляецца кандыдатам у міністранты, таму вельмі ганарыцца, калі яго навучаць новай функцыі-абавязку, якім можа служыць. «Сёння я не толькі званіў у званочкі, але і трымаў патэну, калі ксёндз Раман удзяляў Камунію», — кажа брат з вялікім гонарам і бляскам у вачах, калі мы вяртаемся дадому. Звычайна мы стараемся на нядзельную Імшу паехаць усёй сям’ёй, бо гэта сапраўды асаблівы і ключавы момант сёмага дня тыдня. Потым, пасля таксама супольнага абеду, які вельмі часта які гатуе наш тата, бо для яго гэта заўсёды ў радасць, мы плануем другую палову свайго дня. Тут ужо кожны мае свабоду найбольшую, але вельмі часта і другую палову дня праводзім разам. Лаўлю сябе на думцы, што вельмі часта хочацца нешта прыдумаць, каб гэта пайшло на карысць і для выхавання майго малодшага брата. Тут ужо свабода для творчасці, але нічога не заменіць улюбёныя выезды на прыроду, дзе можна пасмажыць хлеб і каўбасу на вогнішчы, залезці на які лясны корч павышэй, перайсці балоцістую купіну, не замачыўшы абутку, і г.д. Прытым кожны раз можна абіраць новую мясціну, каб пашыраць свой кругагляд і веды пра Радзіму. Аднак не толькі нядзельныя вечары можна разам спланаваць так, каб выхаванне з адпачынкам спалучылася. А ці часта вы ходзіце са сваймі дзецьмі не ў кіно, тэатр, у госці да бабулі ці ў парк, а на дабрачынны канцэрт?
Фота з сайта «Вечаровы Бабруйск» Добра адпачываць для сябе, а калі рабіць гэта з думкаю пра іншых, часам зусім незнаёмых табе людзей, калі твае дзеці могуць бачыць такую альтэрнатыву, бачыць, што ёсць тыя людзі, каму трэба дапамагчы. Таму я маю наступную прапанову да бацькоў: заплануйце схадзіць з дзецьмі на дабрачынны канцэрт. Чым не ўчынак міласэрнасці ў Юбілейны Год Міласэрнасці? А яшчэ такія рэчы часамі яднаюць, ці няпраўда? Прапановы дабрачынных канцэртаў у Мінску ў бліжэйшы час: — Дабрачынны канцэрт «Дакрананне да жыцця» пройдзе 27 мая ў Палацы спорта (пр. Пераможцаў, 4). — Дабрачынны канцэрт «Дапамажы дзецям разам з намі» пройдзе 28 мая ў сталічным клубе «Re: Public» Аксана Ючкавіч |