«Гарэў як зніч»: успаміны пра кс. Пятра Татарыновіча |
Усяго патроху |
05.06.2016 00:00 |
Гэты чалавек заснаваў беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё і пераклаў на беларускую мову раман Генрыка Сянкевіча «Quo vadis?», ён быў прыхільнікам беларусізацыі касцёльнага жыцця. Каталіцкі святар Пётр Татарыновіч скончыў свой жыццёвы шлях у Рыме ў рангу прэлата і доктара тэалогіі. А пачыналася ўсё ў простай беларускай вёсцы... Сёння вёска Гайнін, што на Ляхавіччыне, адна з тых вёсак, якія паміраюць. Тут засталося вельмі мала жыхароў. Большасць з іх — людзі сталага веку. Але, канешне, так было не заўсёды. Раней тут жыццё, як кажуць, «біла крыніцай».
І менавіта тут, 120 гадоў таму, нарадзіўся заснавальнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Пётр Татарыновіч. Аднойчы ад сваёй бабулі Юзэфы (вечны супакой яе душы) я пачула пра тое, што яе цётка выйшла замуж за брата святара. Гэты святар «усё змагаўся за беларускую мову». Мяне зацікавіў гэты факт, і так паступова я даведалася, што маім земляком быў заснавальнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Вытокі паклікання Шмат часу прайшло з той пары, і няшмат засталося людзей, якія могуць распавесці штосьці пра самы ранні перыяд жыцця святара, свядомага беларуса і патрыёта, пісьменніка, перакладчыка і заснавальніка беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Але мы ўсё ж паспрабавалі зазірнуць у мінулае і сабралі ўспаміны і расповеды людзей, якія ўскосным чынам былі звязаны з кс. Пятром Татарыновічам.
Сям'я Татарыновічаў (1927 год), злева-направа: Станіслаў, яго жонка Марыя, Караліна (маці Пятра), Пётр, Марыля і Міхаліна (стоячы), Юстыня і яе муж Юзаф У сям’і Станіслава і Караліны Татарыновічаў было пяцёра дзяцей: Марыля, Станіслаў, Пётр, Міхаліна, Юстыня. Але па-двароваму іх называлі Гадлеўскімі. На той час гэта была адна з самых заможных сем’яў у ваколіцах. У іх было шмат сваёй зямлі і хатняй жывёлы. «Гадлеўскія былі багатыя. Яны некалі аднаго дзеда дагледзелі да смерці і ён гэтую зямлю ім апісаў. У іх была свая малацілка і свая арфа. Ну, жылі яны някепска», — распавяла Catholic.by Рэгіна Каспаровіч, жонка Станіслава Каспаровіча, сына Юстыні, сястры кс. Пятра Татарыновіча. Усё, што жанчына паведаміла, ёй непасрэдна распавядала малодшая сястра кс. Пятра Юстыня. «Юстыня была маёй свякрухай. А размаўляць патрэбна было аб чымсьці. Вось я і цікавілася, распытвала ў яе. Так яна мне ўсё і расказала», — заўважае Рэгіна Каспаровіч у пачатку размовы. Пятрусь, як яго называла сястра Юстыня, нарадзіўся з даволі слабым здароўем. Бацька Станіслаў адразу сказаў: «Як будзе жыць, можа, у яго будзе цяга стаць ксяндзом». Словы бацькі сталі прарочымі, і на нашай зямлі ў хуткім часе з’явіўся яшчэ адзін святар. Аднак шлях да святарства быў нялёгкім. Шлях да святарства Спачатку Пётр Татарыновіч вучыўся ў Слуцку, дзе атрымаў сярэднюю адукацыю. Затым паступіў у духоўную семінарыю ў Пецярбургу. Але скончыць яе так і не ўдалося. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года бальшавікі арыштоўвалі ўсіх святароў. Не абыйшла хваля арыштаў і семінарыстаў. Пятру і іншым навучэнцам семінарыі прыйшлося ўцякаць на радзіму. Сябры Пятра па семінарыі, прыкладна 1917 год. Уцякалі праз Прыбалтыку. Дзе праз лясы, дзе праз вёскі. Знаходзіліся нават людзі, якія ім дапамагалі і хавалі іх ад савецкай улады. «Хаваў іх адзін чалавек у кулях саломы. Ім жа трэба было перабрацца на радзіму. Гэты чалавек сеў на каня і паехаў разам з імі ў возе. Паміж лесам былі дарогі. Трэба было з аднаго боку перайсці на другі. І на гэтай дарозе сустрэліся ім людзі ў мундзірах. Запыталіся: “Ты чего здесь?”. А ён адказаў: “Вось згубіў карову і шукаю”. А гэты чалавек загадзя сказаў клерыкам: “калі я падам голас, значыць сядзіце і не вылазьце”. І як стаў гаварыць, яны там сядзелі. А як гэтыя пайшлі далей, яны перайшлі на іншы бок», — пераказала расповеды свякрухі Рэгіна Каспаровіч. Такім чынам толькі праз тры месяцы Пётр дабраўся дадому. «Ён як прыйшоў, мая свякруха Юстыня не пазнала яго адразу. Быў як дзед стары: з барадою, заросшы... І адзенне было такое, якое дзе людзі далі», — распавяла Рэгіна Каспаровіч. Жаданне стаць святаром не пакідала Пятра. І ён ішоў за сваім пакліканнем да канца. Паступіў у духоўную семінарыю ў Мінску. Яшчэ калі быў субдыяканам, прамаўляў гаміліі на беларускай мове ў родным касцёле свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах.
в. Мядзведзічы, касцёл свв. апосталаў Пятра і Паўла Як узгадваў яшчэ кс. Адам Станкевіч, парафіяне з вялікай цікаўнасцю «слухалі казанні, плакалі і цешыліся». Але не ўсе. Былі, вядома і тыя, для каго беларуская мова ў касцёле была чымсьці незвычайным. «Я тады тыя разы думаю, чаго ж гэта заўсёды па-польскі, а ён па-беларускі. Дак нек трохі было дзіўна», — успамінае Соф’я Шышко з Мядзведзіч. Служэнне на Палессі 12 чэрвеня 1921 года Пётр Татарыновіч атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Першымі месцамі яго душпастырскай дзейнасці былі Пінск, Навагрудак і Баранавічы. У 1926 годзе быў пераведзены ў Мазовію (Польшча), але ўжо праз год вярнуўся на Палессе. У гэты час месцамі яго працы былі Дамачава (1927 – 1931 гг.) і Столін (1932 – 1939 гг.).
Працэсія ў Дамачаве, 16.08.1930 г. Наперадзе кс. Пётр Татарыновіч, узначальвае працэсію біскуп Зыгмунт Лазінскі Напрыканцы 1920-х – 30-х гг. кс. Пётр актыўна займаўся культурна-асветніцкай і душпастырскай дзейнасцю. Прамаўляў гаміліі па-беларуску, пісаў артыкулы ў розныя хрысціянскія выданні, перакладаў на беларускую мову творы замежных аўтараў і супрацоўнічаў з Беларускім Каталіцкім Выдавецтвам. Акрамя гэтага дапамагаў беларускім уніяцкім парафіям і арганізаваў Саюз каталіцкай моладзі ў Баранавічах. Але і радзіму не забываў. Прыязджаў у Гайнін і Мядзведзічы. У Мядзведзічах, насупраць касцёла, пабудаваў нават «Беларускі дом». «Дом людовы», або «Беларускі дом», быў першым і адзіным у сваім родзе на беларускіх землях. Пабудаваны быў Беларускім Інстытутам гаспадаркі і культуры (БІГіК), а афіцыйным інвестарам гэтай пабудовы лічыўся менавіта кс. Пётр Татарыновіч. Гэта была асветніцкая арганізацыя Заходняй Беларусі. У гэтым доме некаторы час жыла маці і старэйшая сястра Пятра Марыля. «Дом такі быў харошы, з вірандаю. Людзі як прыязджалі, то каму не было куды, то начавалі там», – дзеліцца ўспамінамі Рэгіна Каспаровіч. Леанід, муж Рэгіны, распавядаў ёй, што «калі ездзілі да касцёла, то іншы раз і заставаліся там у бабы з цёткаю». «Двухпавярховы быў дом, харошы-харошы. Дак ён (кс. Пётр Татарыновіч – Рэд.) вучыў, праводзіў там заняткі з моладдзю. Я помню, што ён падаваў дзяўчатам песню “Люблю мой край, старонку гэту”. І яшчэ адна песня была, але я мала памятаю. Я ўжо ад сястры гэта ўсё помню, а так яны мяне ганялі, бо я малая была», — распавяла Catholic.by Соф’я Шышко, парафіянка касцёла свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах.
IV выданне малітоўніка «Голас душы» (1949 г.), які надрукаваў па-беларуску кс. Пётр Татарыновіч У верасні жанчыне спаўняецца 90 гадоў, але ўспаміны пра незвычайнага ксяндза і яго песні да сёння застаюцца ў яе памяці. «Маёй сястры нават кніжку далі, “Голас душы” называецца... Але дом быў гэтакі! Называлі “Дом людовы”. Каб вы бачылі, што за прыгажосць была! Ну што ж, немец вайной як ляцеў, то людзі паўцякалі ў лес. А ён тут ужо бамбіў колькі хацеў. То пры немцах у гэтым доме быў пастарунак», — працягнула свой расповед жанчына. Такім чынам, былы Беларускі дом стаў турмой. Гэты факт, вядома, да дабра не прывёў. У хуткім часе прыйшлі партызаны і спалілі пабудову. «Усё разграмілі, знішчылі. Там быў абраз Андрэя Баболі, дык яго штыком прапаролі», — працягвае Рэгіна Каспаровіч. Развітанне з радзімай Але вяртаемся да кс. Пятра. У 1939 годзе ён захварэў на сухоты і быў часова вызвалены ад сваіх абавязкаў. Тым не менш, яшчэ знаходзіўся на Століншчыне. Менавіта тут у 1940 годзе яго напаткала хваля арыштаў духавенства. Знаходзячыся пад арыштам на плябаніі, яму цудам удалося ўцячы ад рэпрэсій.
Кс. Пётр Татарыновіч прамаўляе гамілію ў адной з парафій, прыкладна 1930-я Моладзь спецыяльна арганізавала танцы ля плябаніі, дзе ён жыў. Удалечыні кс. Пятра ўжо чакаў чалавек на фурманцы, каб перавесці ў бяспечнае месца, але каля дзвярэй у плябанію стаяла варта. «Хлопцы запрасілі гэтых вартаўнікоў выпіць па сто грам. Ну, яны згадзіліся, а потым заснулі і сядзелі з гэтымі вінтоўкамі. Тады кс. Пётр ціха выйшаў, тут яго моладзь узяла ў кола. Сталі танцаваць каля яго... І так яго пераправілі і ён выехаў за мяжу», — перадала ўспаміны яго сястры Рэгіна Каспаровіч. Такім чынам кс. Пётр уцёк з-пад савецкага арышту ў зону нямецкай акупацыі. А праз год прыехаў у Мінск на канферэнцыю школьных інспектараў, якая праходзіла ў Мінскім гарадскім тэатры (сёння – тэатр імя Янкі Купалы). У час выканання нямецкага гімна прысутныя святары ўзняліся, але не выцягнулі рукі ў знак прысягі. Таму адразу ж пасля канферэнцыі шмат святароў было арыштавана службай бяспекі. А кс. Пятру Татарыновічу зноў пашчасціла ўцячы ад арышту. Яго выратавала тое, што ён быў у свецкім адзенні. «Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі распавядаў, што Татарыновіч затрымаўся ў Брэсце. Трагічным лёсам астатніх беларускіх святароў ён быў засмучаны, але імкнуўся як мага хутчэй пакінуць Беларусь», — распавёў Catholic.by біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. У час вайны святар знаходзіўся ў Варшаве. Там некаторы час ён займаўся душпастырскай і культурна-асветніцкай дзейнасцю. З Варшавы пераехаў у Вільнюс, а потым зноў вярнуўся ў Мінск, дзе ў 1944 годзе выступіў з прамовай на Другім Усебеларускім кангрэсе. У канцы вайны кс. Пётр Татарыновіч канчаткова выехаў за мяжу. Спачатку ў Германію, а потым у Рым. Злева-направа: сястра кс. Пятра Юстыня, кс. Пётр, муж Юстыні Юзаф, а таксама родзічы Юзафа з Польшчы Амаль што ўся сям’я кс. Пятра Татарыновіча таксама выехала за мяжу. Брат Станіслаў пакінуў Беларусь у час адступлення нямецкай арміі і апынуўся на тэрыторыі Германіі. Патрапіўшы ў амерыканскую зону акупацыі, ён разам з іншымі мужчынамі паехаў у Канаду ў якасці рабочага. Там працаваў на аўтазаводзе і толькі праз 35 гадоў вярнуўся да сваёй сям’і, якая ў 1959 годзе (падчас другой рэпатрыяцыі палякаў) выехала з Беларусі ў Польшчу. Таксама выехала сястра Пятра Марыля. Дарэчы, яшчэ падчас вайны хату, дзе жыла сям'я Татарыновічаў, спалілі партызаны. Малодшую сястру Пятра Міхаліну яшчэ падчас вайны немцы вывезлі ў Германію ў працоўны лагер. Там жанчына здолела выжыць і, калі вярталася дамоў, спынілася жыць у Польшчы. У Беларусі засталася толькі сястра Юстыня з дзецьмі, а таксама муж і дзеці дачкі Станіслава Татарыновіча Людмілы. Голас з Ватыкана Актыўная выдавецкая дзейнасць, вучоба ў Папскім інстытуце ўсходніх навук і абарона доктарскай дысертацыі, званне прэлата, а крыху пазней – члена Найвышэйшай рады для эміграцыі – усё гэта характэрна для рымскага перыяду жыцця кс. Пятра Татарыновіча.
Прэлат Пётр Татарыновіч, як член Найвышэйшай рады для эміграцыі, меў абавязкі апекавацца над беларускамі-католікамі ў эміграцыі. Паводле ўспамінаў сястры кс. Пятра Юстыні, святар нават прыязджаў у Чыкага «высвенчваць касцёл» і там сустрэўся з братам Станіславам, які спецыяльна прыехаў да яго з Дэтройта. Менавіта ў Рыме, кс. Пётр стаў вядомы як заснавальнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Ён не толькі быў непасрэдным кіраўніком, але і асноўным аўтарам перадач рэдакцыі. «Памятаю, у дзяцінстве мы ўключалі радыё і ён размаўляў адтуль з Ватыкана чыста па-беларуску. Але тады глушылі, было немагчыма зразумець, пра што ідзе гаворка. Я тады яшчэ хадзіла ў пачатковую школу», — успамінае стрыечная ўнучка кс. Пятра Татарыновіча, Алена Карпенка з Брэста.
Слухаў беларускія прамовы па радыё і пляменнік святара Пятра, Андрэй Каспаровіч. Ён успамінае таксама, што кс. Пётр часта прысылаў ім у Беларусь лісты, «набраныя на друкаванай машынцы» і хваліў пляменніка, што той цягнуўся да ведаў. Але найбольш з роднымі з Беларусі перапісвалася сястра кс. Пятра Міхаліна. Яна наведвала брата-святара ў Рыме і часта перадавала родным самую апошнюю інфармацыю пра яго. Міхаліна разам з пляменніцай Анеляй у Рыме Памяць застаецца Гэта Міхаліна паведаміла ў 1978 годзе пра смерць кс. Пятра Татарыновіча. Пляменнік святара, Андрэй Каспаровіч, нават захаваў той ліст. «Дарагі Андрэй! Толькі сягоньня адказваю на Твае лісты. У той дзень, як зьбіралася пісаць да цябе, (4. IX) атрымала рана тэлеграму з сумнай весткай. 3 верасня (нядзеля) вечарам памёр Дзядзька Пятрусь. Вельмі хацела, каб паспець на паховіны, але, хоць дакументы аформіла ў працягу двух дзён, аднак на паховіны не паспела, хоць чакалі на мяне да чацвярга (7. IX), даўжэй не маглі, а я змагла прыехаць толькі ў пятніцу, бо дарога далёкая трывала двое сутак, а самалёту ў гэтыя дні не было», — піша ў сваім лісце да пляменніка Міхаліна.
Паводле ліста, пралат памёр зусім нечакана: «Пасля абеду аглядаў разам з усімі ў тэлевізіі трансляцыю з інаўгурацыі новавыбранага Айца Сьвятога Яна Паўла І. А пасьля вячэры Дзядзька занямог і ў працягу трох гадзінаў скончыў жыццё». Тут жа, у лісце, Міхаліна называе жыццё святара «мучаніцкім». Сястра кс. Пятра Татарыновіча ўспамінае, што апошнія гады жыцця ён страціў памяць і гэта было вельмі цяжкім для яго. Яшчэ перад смерцю свае ахвяраванні кс. Пётр Татарыновіч перадаў на адбудову касцёлу ў Ляхавічах. Пра гэта распавёў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. «На гэты час касцёл у Ляхавічах выкарыстоўваўся для свецкіх мэтаў. Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі быў тады запрошаны ў Ляхавіцкі райвыканкам, каб пацвердзіць, што ён прымае гэтыя сродкі. Але кс. Вацлаў пажадаў, каб гэтыя сродкі былі выкарыстаны на іншыя мэты, таму што ў той час нельга было рамантаваць старыя святыні, або будаваць новыя. Нельга было таксама выпускаць рэлігійную літаратуру», — заўважыў біскуп Антоні Дзям’янка.
На надмагільным помніку кс. Пятру ў Рыме напісана: «Гарэў як зніч». І сапраўды ж «гарэў» служэннем, словам, натхненнем для іншых. Памяць, якую пакінуў кс. Пётр Татарыновіч сваім цікавым і нават прыгодніцкім лёсам, насамрэч уражвае. Я сапраўды ганаруся, што ў роднай вёсцы маіх бацькоў – Гайніне – нарадзіўся вялікі патрыёт, выдатны беларускі святар, перакладчык, публіцыст і заснавальнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. |