«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: пакліканне хрысціяніна — «гарэць» духам апостальства і абвяшчаць Божую міласэрнасць |
Усяго патроху |
16.07.2016 00:00 |
Пакліканне хрысціяніна — трываць у Богу, у бязмежнай Божай любові, заўсёды заставацца Яму верным і імкнуцца да святасці. Але не толькі з мэтаю, каб атрымаць ад Бога як мага больш дароў і ласкаў для сябе, а перш за ўсё, каб, маючы дары, служыць іншым і пашыраць Божае Валадарства на зямлі і ў небе. Праз сакрамэнт святога хросту чалавек атрымлівае ад Бога вялікую ласку — становіцца Божым дзіцём, хрысціянінам і можа называць Бога сваім Айцом. Бог Айцец Усемагутны кожнае сваё дзіця надзяляе пэўнымі дарамі. Ад чалавека ж залежыць, ці будзе ў яго сэрцы прагненне да памнажэння дароў або ён проста іх змарнуе.
У сучасным свеце вельмі шмат людзей марнуюць сваё жыццё, шукаючы каштоўнасцяў матэрыяльных.
Прыкладам для нас, сучасных хрысціян, асабліва ў Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці, можа стаць святая сястра Фаўстына Кавальская, місія якой палягала на трох асноўных заданнях:
У сваім духоўным Дзённіку сястра Фаўстына апісвала прагненні свайго сэрца: «О Любоў Адвечная, я прагну, каб Цябе спазналі ўсе душы, якія Ты стварыў. Я хацела б стаць святаром, каб пастаянна гаварыць людзям пра Тваю міласэрнасць грэшным душам, пагружаным у роспач. Я жадала б стаць місіянерам і несці святло веры ў варварскія краіны, каб даць душам спазнаць Цябе, каб, ахвяруючы сябе за іх, памерці мучаніцкай смерцю, якою Ты памёр за мяне і за іх. О Езу, я ведаю вельмі добра, што магу быць святаром, місіянерам, прапаведнікам, магу памерці мучаніцкаю смерцю праз поўнае самазнішчэнне і самаадрачэнне з любові да Цябе, Езу, і да несмяротных душаў» (Дз. 302). «Маё найвялікшае жаданне — каб душы спазналі Цябе, зразумелі, што Ты — іх адвечнае шчасце, каб паверылі Тваёй дабрыні і праслаўлялі Тваю бясконцую міласэрнасць» (Дз. 305). «О, якая радасць ахвяроўвацца дзеля карысці несмяротных душаў. Я ведаю, — кажа сястра Фаўстына, — што пшанічнае зерне, каб стаць пасілкам, павінна быць знішчана і перацерта ў жорнах; гэтак і я, каб быць карыснаю Касцёлу і душам, павінна быць знішчана, хоць знешне ніхто не заўважыць маёй ахвяры. О Езу, знешне я хачу быць непрыкметнаю, як гэта аплатка, каб ніхто не заўважыў, што я — ахвярная Табе гостыя» (Дз. 641). Да абвяшчэння праўды пра Божую міласэрнасць пакліканы не толькі святары і кансэкраваныя асобы, але і свецкія вернікі. Таму што праз сакрамэнт святога хросту мы ўсе ў Хрыста апрануліся, а Хрыстус прыйшоў у гэты свет не дзеля таго, каб Яму служылі, але каб служыць.
Жыццё хрысціяніна — гэта служэнне,
Гаворачы пра пакліканне кансэкраваных асобаў да служэння бліжнім, святая сястра Фаўстына робіць акцэнт на тым, што вельмі важна «гарэць» духам апостальства. «Калі Бог учыніў нас паплечніцамі сваёй міласэрнасці, і нават больш за тое, дарыцелькамі яе, то наша любоў павінна быць вялікаю да кожнай душы, якая яшчэ не ведае Бога. Малітваю і ўтаймаваннем мы будзем дабірацца да самых адсталых краінаў, пракладваючы дарогу місіянерам. Мы будзем памятаць пра тое, што гэтаксама, як на фронце жаўнер не можа доўга выстаяць, калі не будзе падтрыманы сіламі тылу, якія не прымаюць непасэрднага ўдзелу ў бітве, але дастаўляюць усё, што яму патрэбна, так і малітва выконвае дапаможную функцыю, і таму кожная з нас павінна вызначацца духам апостальства» (Дз. 539).
Легіён Марыі — гэта супольнасць католікаў, якія са згоды Касцёла і пад апекаю Беззаганнай Марыі, Пасрэдніцы ласкаў, арганізаваны на ўзор арміі, каб дапамагаць Касцёлу ў барацьбе супраць сілаў зла. Члены гэтай супольнасці выбралі менавіта Марыю як найкарацейшы шлях да святасці і збаўлення.
Легіянер Марыі штодзённа чытае абавязковую малітву (tessera). У яго духоўным жыцці важную ролю адыгрывае ружанцовая малітва. Трымаючыся Беззаганнай Маці і наследуючы Яе пакору, ён ідзе з Ёю на заданне, каб прывесці кожную душу да Хрыста. Ідзе да хворых, каб падрыхтаваць шлях святару, які прынясе віятык, разам з іншымі легіянерамі наведвае духоўна занядбаных парафіянаў.
Легіянер накіроўваецца да тых, «хто сядзіць у цемры і ценю смяротным, каб запаліць абыякавых, каб вярнуць да жыцця тых, хто мёртвы ў граху», каб кожная душа спазнала Божую міласэрнасць і праслаўляла Бога Усемагутнага ў Тройцы Святой Адзінага. Таму апостальскае служэнне легіянера якраз і палягае на актыўным распаўсюджванні абразкоў Божай Міласэрнасці з надпісам «Езу, давяраю Табе», каб споўнілася абяцанне, дадзенае Езусам святой сястры Фаўстыне: «Праз гэты абраз Я буду ўдзяляць душам шмат ласкаў, а таму няхай кожная душа мае да яго доступ» (Дз. 570).
Аднойчы Пан Езус сказаў сястры Фаўстыне: «Страта кожнай душы пагружае Мяне ў смяротную тугу. Ты заўсёды суцяшаеш Мяне, калі молішся за грэшнікаў. Найбольш прыемная Мне малітва за навяртанне грэшных душаў; ведай, дачка Мая, што гэтая малітва заўсёды пачутая» (Дз. 1397).
|