Біблія як месца спаткання |
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага |
25.05.2010 14:37 |
А Дух і Нявеста кажуць: Прыйдзі. «Вось слова Божае — што гэта значыць для Вас?» — гэтае пытанне пару дзён таму задаў мне адзін з карыстальнікаў Інтэрнэта. Пытанне было часткай бурнай і месцамі вострай палемікі вакол наступнай праблемы: у якім сэнсе (або ступені) біблейскае слова мае гістарычны характар, а ў якім сэнсе — пазагістарычны? Найперш варта заўважыць, што згаданая праблема прысутнічала ўнутры Касцёла амаль ад яго нараджэння. Ужо першыя супольнасці вучняў Хрыста сталі перад дылемай: што рабіць з Законам Майсея? Як яго ўспрымаць? Ці мы і далей павінны працягваць культ абразання, святкаванне суботы, устаноўлены парадак ахвярапрынашэнняў? А што адносна «крымінальнага кодэкса», наяўнага ў кнізе Лявіта, літаральнай інтэрпрэтацыі якога цураліся нават фарысеі, славутыя сваёй адданасцю рэлігійна-культурным традыцыям іудаізму? У гэтым кантэксце хачу звярнуць увагу вось на што. Тое, што паміж першымі хрысціянамі (у тым ліку і апосталамі!) вяліся спрэчкі наконт актуальнасці законаў Торы, сведчыць аб тым, што Езус Хрыстус не пакінуў выразных «інструкцый» адносна таго, што рабіць з Майсеевым Законам. Нават спасланне Духа Святога не суправаджалася атрыманнем «інфармацыі» на гэты конт. Для мяне асабіста гэта вельмі цікавая і адначасова значная акалічнасць. Калі ні Хрыстус, ні Дух Святы, наведваючы сваіх выбраных, не далі ім выразных «указанняў» адносна Торы, то гэта значыць, што хацелі, каб супольнасць Касцёла ўзяла на сябе цяжар (і рызыку!) вырашыць гэтую дылему. І тут праліваецца першы промень святла на словазлучэнне: «Вось слова Божае». Гэту фразу не варта разумець як: «Вось Божая інструкцыя» або «Вось Божы рэцэпт». Хутчэй за ўсё інакш: «Вось запрашэнне да братэрскай размовы». «Чаму так?» — спытаюць некаторыя. Мы хочам пачуць Божае слова, а не нейкую братэрскую размову! Думаю, што многія паслядоўнікі Хрыстовага вучэння ў першым стагоддзі ставілі падобнае пытанне: чаму Езус не пакінуў выразных інструкцый наконт таго, што рабіць з Законам Майсея? Альбо чаму Ён не з’явіцца вось цяпер і не раскажа, як яно мае быць? Што ж, я і сам часам дзіўлюся, чаму Пан даверыў людзям аж так многа. Езус Хрыстус, прыйшоўшы на зямлю, не напісаў для наступных пакаленняў ніводнага слова. Не баяўся, што вучні могуць перакруціць Яго вучэнне, штосьці няправільна растлумачыць, дадаць нешта сваё. Ён даверыў. Ён быў перакананы, што нават калі і «перакруцяць» ды самі нешта дададуць, то Яго Слова ў сваёй сутнасці, у сваёй першапачатковай моцы застанецца. І будзе жыць ды карміць кожнага, хто гэтага Слова запрагне. І тут з’яўляецца другі промень святла для праяснення фразы «Вось слова Божае». Бог захацеў, каб мы Яго слова адкрывалі праз пасрэдніцтва слова чалавечага. Многіх бянтэжыць тое, што сучасныя біблеісты прымяняюць гістарычна-крытычны метад для інтэрпрэтацыі Святога Пісання. Некаторыя хацелі б бачыць Біблію як выключна пазагістарычнае слова, прадыктаванае анёлам або і самім Богам групе святых людзей. А найлепш — каб была яна напісана непасрэдна самім Богам. Некаторым хацелася б не думаць пра «чалавечы складнік» Бібліі альбо прынамсі трактаваць яго як нешта нязначнае і выпадковае. Такія людзі не разумеюць, што стаўленне з пагардай да слова чалавечага не дапамагае, а якраз перашкаджае пачуць Божае слова. «Вось слова Божае» значыць: «Вось слова чалавечае, у якім схавалася Божае слова! Калі палюбіце чалавечае слова, адкрыеце ў ім слова Бога». І, нарэшце, трэці промень. «Вось слова Божае» значыць таксама: «Вось храм». Апроч храмаў у прасторавым (напрыклад, будынак касцёла) і часавым сэнсе (напрыклад, літургічныя святы), існуе храм слова — найбольш адухоўленая форма спаткання Бога з чалавекам. Храм у сэнсе прасторы актывізуе органы пачуццяў, храм у часавым сэнсе — памяць, храм-слова — глыбіню духа. Біблія — гэта месца спаткання: спаткання Бога з чалавекам і чалавека з чалавекам. Пётр Рудкоўскі |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|